Урачыстасць святых Пятра і Паўла разам з Мітрапалітам адзначылі ў 4-х парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- 1 ліпеня, 2025
- Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі / Фота: з архіва парафіі св. Пятра і Паўла ў Клецку // Catholicminsk.by

Нядзеля 29 чэрвеня для Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага выдалася надзвычай плённай на паездкі і сустрэчы з вернікамі.
У дзень урачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла іерарх разам са сваім сакратаром ксяндзом канонікам Юрыем Ясевічам прыбылі ў парафію святых Апосталаў Пятра і Паўла ў горадзе Капыль. Пробашч парафіі ксёндз магістр Андрэй Калядка, які ад 2018 года разам з мясцовымі вернікамі апякуецца новапабудаваным касцёлам, размешчаным на прыгожым узгорку, ужо даўно запрашаў Мітрапаліта, каб разам з вернікамі ва ўрачыстасць нябесных заступнікаў паказаць адзінства і значнасць кожнай парафіі і кожнага верніка ў паўсюдным Касцёле. Гэта было таксама добрай нагодай, каб павіншаваць ксяндза Андрэя з днём яго нараджэння, які ён нядаўна адзначыў. Вернікі цёпла прывіталі арцыпастыра і распавялі яму гісторыю сваёй парафіі, а гэта значыць і гісторыю сваёй сям’і, бо парафія, як і дзяржава, — гэта сям’я сем’яў.

Затым арцыбіскуп Станеўскі наведаў парафію святой Барбары ў Замосці Слуцкага раёна, дзе душпастырскую апеку ажыццяўляе ксёндз Андрэй. Там каля старадаўняга касцёла знаходзіцца помнік воінам Другой сусветнай вайны з табліцамі імёнаў тых, што загінулі ў абароне Айчыны. На гэтым месцы Мітрапаліт разам з пробашчам і вернікамі памаліліся і склалі кветкі ў знак памяці і ўдзячнасці сваім папярэднікам за мірнае неба. Святая Імша і малітва падзякі ў касцёле закончыла наведванне парафіі ў Замосці. Неабходна было, своечасова пераадолеўшы трасу Мінск-Слуцк, трапіць ў наступную парафію, якая знаходзіцца пад духоўнай апекай ксяндза Андрэя.

Вернікі парафіі святой Ганны ў вёсцы Ленькі Слуцкага раёна збіраюцца на малітву ў новапабудаванай святыні. Тут з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя існуе невялікая святыня якую пабудавалі парафіяне як «Дом сумеснага прабывання з Панам і перад Богам».
Святая Імша распачалася тут ад кароткай гісторыі парафіі, якую распавяла найстарэйшая парафіянка Яніна, якая была ля вытокаў будавання святыні. Гэтым разам час на малітву і размовы з пастырам былі моцна абмежаваныя. Гасцей чакалі вернікі ў наступнай парафіі.

Дакладна а 15-й гадзіне арцыбіскуп Станеўскі разам з тымі, хто яму спадарожнічаў, прыбыў у парафію Нараджэння святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Вынішчы Слуцкага раёна Нясвіжскага дэканату. І тут таксама пробашчам з’яўляецца ксёндз Андрэй Калядка.
Гэтым разам вернікі сусткалалі іерарха не толькі хлебам-соллю, як у папярэдніх парафіях, але яшчэ і з разасланым саматканым дываном, які распасцёрся на дзясяткі метраў ад брамы да самога касцёла.
Арцыпастыр, споўніўшы волю вернікаў, прайшоў гэты шлях у вялікай задуме і павазе. Потым ён сказаў пра гэта так:
Падчас кожнай святой Імшы Мітрапаліт Станеўскі маліўся аб патрэбных ласках для вернікаў і аб жыцці вечным для тых, хто адыйшоў у вечнасць. Асаблівай малітвай іерарх ахінуў дзяцей і моладзь, а таксама сем’і. Арцыпастыр таксама ўзнёс малітву за ўсіх тых, хто на розных узроўнях свецкай ўлады клапоціцца аб дабрабыце і міры на нашай зямлі.

Перапоўненыя ўражаннямі, седзячы ў сваім, сабраным у Беларусі, аўтамабілі Джылі Атлас, з кветкамі і духмянымі караваямі у салоне, пілігрымы вярталіся дадому, ўдзячныя Богу за яшчэ адзін момант сустрэчы чалавека з чалавекам, а ўсіх разам праз малітву — з Богам.









