Падчас сустрэчы ўдзельнікі апостальскага руху “Маргарытка” прайшлі Шляхам Святла
- 23 красавіка, 2024
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Аляксандр Плюта, Ірына Юрынок
20 красавіка, у трэцюю суботу месяца, у адной з мінскіх парафій адбылася штомесячная сустрэча апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Узначаліў сустрэчу мадэратар руху кс. Павел Эйсмант. На ёй прысутнічаў таксама кс. Аляксандр Фаміных, які актыўна падтрымлівае апостальскі рух і сам моліцца за святароў і кансэкраваных асоб.
На пачатку сустрэчы мадэратар прамовіў духоўную канферэнцыю, тэмай якой быў сакрамэнт Эўхарыстыі як крыніца ідэнтычнасці святара. У прамове выразны націск быў зроблены на Святым Пасхальным Трыдууме, які нядаўна перажываў Касцёл. Устанаўленне сакрамэнтаў Эўхарыстыі і Пасвячэння ў Вялікі Чацвер моцна спалучаецца з мукай і смерцю Хрыста ў Вялікую Пятніцу і з Яго ўваскрасеннем у Велікодную Нядзелю. Святар, цэлебруючы Эўхарыстыю, штодзённа злучаецца з мукай, смерцю і ўваскрасеннем Хрыста, становячыся не толькі ўдзельнікам збаўчых падзей, але таксама, асабліва падчас вымаўлення слоў кансэкрацыі, “alter Christus” (“другім Хрыстом”), дзейнічаючы “in persona Christi” (“у асобе Хрыста”). Менавіта ў Эўхарыстыі святар (лац. “sacerdos”) ёсць святаром у поўным значэнні, бо ён здзяйсняе ахвяру (лац. “sacrificium”), сам будучы пакліканым ахвяраваць сябе штодня на служэнне Богу і людзям.
Наступнай, найбольш “незвычайнай” часткай сустрэчы было набажэнства Шляху Святла. Салезіянскі партал sdb.by дае наступную інфармацыю:
<<Шлях Святла – гэта набажэнства, якое праводзіцца ў Каталіцкім Касцёле звычайна ў велікодны перыяд пасля свята Пасхі. Яно ўзнікла ў Італіі ў 1988 годзе ў салезіянскай сям’і. Натхненнем для яго стварэння сталі фрэскі ў катакомбах св. Калікста ў Рыме, на якіх прадстаўлена змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста і Яго пераход ад цемры да святла (адсюль і назва Шлях Святла)>>.
Асноўнай мэтай Шляху Святла з’яўляецца падкрэсліць важнасць Велікоднага перыяду ў Касцёле, які да нядаўняга часу не адзначаўся спецыяльным набажэнствам. І як у Вялікім Посце цэнтральным пазалітургічным набажэнствам з’яўляецца Крыжовы Шлях (лац. “Via Crucis”), так у Велікодны перыяд усё больш пашыраецца падобны да яго сваёй формай Шлях Святла (лац. “Via Lucis”).
Удзельнікі набажэнства прайшлі велікоднай працэсіяй унутры касцёла, робячы 14 крокаў (аналагічна 14 стацыям Крыжовага Шляху), падчас якіх кс. Аляксандр Фаміных чытаў урыўкі з Новага Запавету, якія апісваюць падзеі пасля Уваскрасення Хрыста, а кс. Павел Эйсмант дадаваў кароткі каментарый да кожнага з крокаў Шляху Святла. Выявы для кожнага кроку размалявалі дзеці, якія рыхтуюцца да Першай Святой Камуніі.
Чарговай, цэнтральнай часткай сустрэчы была святая Імша. Гамілію падчас яе прамовіў кс. Аляксандр Фаміных. Разважаючы над шостым раздзелам Евангелля паводле Яна, які ўяўляе сабой эўхарыстычную прамову Хрыста, прапаведнік заўважыў, што слухачам Езуса цяжка было зразумець сапраўднае значэнне Яго слоў: “Хто спажывае Маё Цела і п’е Маю Кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень” (Ян 6, 54). Таму, расчараваўшыся, многія пакінулі Настаўніка. А тыя, хто паверыў і застаўся, прызналіся, што толькі Хрыстус мае словы вечнага жыцця. І, прапаведуючы Уваскрасенне Хрыста, апосталы і іх наступнікі будуць раздзяляць паміж усімі Яго Цела ў Святой Камуніі.
Сустрэча завяршылася супольным фотаздымкам і пачастункам. Былі таксама разгледжаны бягучыя справы апостальскага руху “Маргарытка” Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.