У Вішневе на Валожыншчыне з удзелам арцыбіскупа Станеўскага адзначылі 600-годдзе парафіі
- 2 снежня, 2024
- Паводле Catholic.by, фота: Уладзiмір Каспяровiч
![](/wp-content/themes/yootheme/cache/29/2024-12-02-vishnevo-20241202-016-293df776.jpeg)
30 лістапада ў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў мястэчку Вішнева (Валожынскі дэканат) адбыліся юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 600-годдзя мясцовай парафіяльнай супольнасці.
Паводле інфармацыі інтэрнэт-партала Catholic.by, у гэты дзень, калі Касцёл адзначаў свята святога апостала Андрэя, урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў вішнеўскім касцёле ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
![](https://catholicminsk.by/wp-content/uploads/2024/12/2024-12-02-vishnevo-20241202-012-1024x683.jpg)
Перад уваходам у старадаўнюю вішнеўскую святыню іерарха шчыра прывіталі хлебам-соллю тутэйшыя вернікі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом Юзафам Мельдзюком.
![](https://catholicminsk.by/wp-content/uploads/2024/12/2024-12-02-vishnevo-20241202-005-1024x683.jpg)
Вішнеўская парафія славутая тым, што ў ёй з 1953 года рэгулярна адбываюцца набажэнствы на беларускай мове. Менавіта тут доўгія гады нёс служэнне легендарны святар, вялікі пядзвіжнік ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, які распачаў пераклады на беларускую мову Святога Пісання і адноўленых Другім Ватыканскім Саборам літургічных тэкстаў святой Імшы.
![](https://catholicminsk.by/wp-content/uploads/2024/12/2024-12-02-vishnevo-20241202-011-1024x683.jpg)
Ва ўрачыстым святкаванні 600-гадовага юбілею вішнеўскай парафіі ўзялі ўдзел ксяндзы салезіяне на чале з рэгіянальным настаяцелем салезіянскага таварыства ў Беларусі ксяндзом Паўлам Шчарбіцкім SDB, а таксама госці з розных мясцін, многія з якіх паходзяць з Вішнева, так, як пробашч парафіі святога Арханёла Міхала ў Смаргоні ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB.
![](https://catholicminsk.by/wp-content/uploads/2024/12/2024-12-02-vishnevo-20241202-004-1024x683.jpg)
![](https://catholicminsk.by/wp-content/uploads/2024/12/2024-12-02-vishnevo-20241202-019-1024x683.jpg)
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі павіншаваў пробашча парафіі і ўсіх вернікаў з вялікім гістарычным юбілеем, а пасля Імшы паразмаўляў з прысутнымі на ўрачыстасці дзецьмі і прадстаўнікамі старэйшага пакалення вішнеўскай парафіі, якія добра памятаюць ксяндза Чарняўскага.
![](https://catholicminsk.by/wp-content/uploads/2024/12/2024-12-02-vishnevo-20241202-020-1024x683.jpg)