У Ракаве з удзелам Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі ўрачыста ўшанавалі святога Дамініка, заступніка парафіі
- 11 жніўня, 2026
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, Жанна Мецеж / Фота: Вольга Магала // Catholicminsk.by
8 жніўня, дзень літургічнага ўспаміну святога Дамініка, прэзбітэра, меў для парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве нашмат большае значэнне. Тут адзначалася ўрачыстасць гэтага святога, які здаўна з’яўляецца духоўным апекуном мясцовай супольнасці вернікаў.
Урачысты характар эўхарыстычнай цэлебрацыі ў гонар святога Дамініка асабліва адчуваўся дзякуючы шматлікім вернікам, якіх не змясціў дастаткова вялікі па плошчы неагатычны касцёл, а таксама дзякуючы прысутнасці Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, які ўзначаліў святую Імшу і прамовіў гамілію. Адчувалася таксама прысутнасць святароў з Валожынскага дэканату, да якога належыць парафія ў Ракаве, і асабліва святароў з недалёкай паводле адлегласці сталіцы Беларусі, якія адгукнуліся на запрашэнне пробашча, каб разам з ім і ўсімі прысутнымі раздзяліць радасць святкавання. Прысутнічалі таксама законныя сёстры: сястра Наталля Бяляева OP, якая служыць у парафіі катэхеткай, і сястра Лаўра Шукеловіч CSFN.

Напачатку пробашч парафіі ў Ракаве ксёндз Дзмітрый Чупрын прывітаў іерарха і ўсіх прысутных. Святар нагадаў, што святы Дамінік, які вёў барацьбу з ерасямі, вядомы ў Касцёле як «прыхільнік праўды», і пажадаў усім удзельнікам урачыстасці на ўзор святога заступніка парафіі быць «носьбітамі праўды ў сэрцах, думках і дзеяннях». Біскуп перадаў прывітанне ад яшчэ аднаго Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі — біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, — які па прычыне захворвання не змог прыбыць у Ракаў, каб узначаліць урачыстасць, і запэўніў аб малітве за яго.
Перш за ўсё біскуп Юрый Касабуцкі, згадваючы святога Дамініка, прапанаваў вернікам перанесціся ў эпоху, калі жыў гэты святы. Сёлета спаўняецца 805 гадоў з моманту яго адыходу з гэтага свету. Біскуп нагадаў, што час, на які прыпала жыццё гэтага святога, быў вельмі складаным для Касцёла. Нягледзячы на сваю 1200-гадовую гісторыю, хрысціянства перажывала глыбокі крызіс: ужо існаваў раскол і ўзнікалі розныя плыні, якія абвяшчалі зусім іншага Хрыста — не таго, Які аб’яўлены ў Евангеллі, а таго, якога кожны хацеў мець па-свойму.
Аднак менавіта ў гэты крызісны перыяд надзвычай актуальнай стала абарона сапраўднай веры. Іерарх нагадаў, што ідэя абвяшчаць і прапаведаваць Божае Валадарства, каб людзі ведалі і разумелі Божае слова і Божыя справы, узнікла ў Дамініка падчас яго вялікага падарожжа ў Данію. Менавіта гэты досвед вельмі ўразіў Дамініка тым, колькі людзей не ведалі сапраўднага Езуса і па-свойму тлумачыла Святое Пісанне. Убачанае пакінула ў яго сэрцы глыбокі след.
— падкрэсліў іерарх.

Хутка ў святога Дамініка з’явіліся першыя паплечнікі, а з цягам часу паўстаў Ордэн Прапаведнікаў, які пазней пераіменавалі ў гонар Дамініка. Яго браты жылі ў беднасці, вандравалі і неслі Божае слова.
На нашай зямлі дамінікане таксама прапаведвалі Евангелле і будавалі свае касцёлы. Існавала нават так званая Руская правінцыя, якая ў XV—XVI стагоддзях ахоплівала часткі сучаснай Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі і Расіі. Успамінаючы гісторыю ордэна ў Ракаве, біскуп нагадаў, што і тут калісьці была супольнасць дамініканаў, якія цярпелі пераслед. «І калі звычайна дамінікане насілі белы хабіт са скураным поясам, то ў нас яны замест скуранога насілі чырвоны як знак мучаніцтва за веру», — адзначыў іерарх.
На нашых землях было шмат дамініканаў-мучанікаў, якія аддавалі сваё жыццё за прапаведаванне Божай праўды. Таму ў ракаўскім касцёле галоўнымі святамі з’яўляюцца ўрачыстасці святога Дамініка і Маці Божай Ружанцовай — падзеі, якія непасрэдна звязаны з дамініканскай духоўнасцю. Менавіта гэтаму святому аднойчы з’явілася Багародзіца, якая трымала ў руках ружанец, кажучы, што гэтая малітва дапаможа вытрываць праз усе вякі кожнаму чалавеку, кожнай супольнасці і ўсяму Касцёлу. «І сапраўды амаль 800 год мы карыстаемся гэтай малітвай», — прыгадаў іерарх.
— падкрэсліў біскуп. Ён звярнуў увагу на тое, што людзі нават перад тварам відавочнага падману давяраюць ашуканцам, якія прадстаўляюцца як прапаведнікі. «Чаму так бывае?» — пытае іерарх і адразу тлумачыць: таму што чалавек прагне да Бога, але шукае Яго не ў Святым Пісанні ці касцёле, а праз хуткія, павярхоўныя рэчы.

Біскуп заклікаў вернікаў да чытання Бібліі, тым больш што сёння няма праблемы знайсці гэту Кнігу Кніг — ёсць інтэрнэт і розныя прылады. Але «той, хто не мае моцнай веры і не ведае нават самых простых яе пастановаў, рызыкуе трапіць у падман». Біскуп дадаў, што адным са сродкаў сведчання веры павінны быць сродкі масавай інфармацыі.
Разважаючы пра постаць святога Дамініка, іерарх акрэсліў прапаведванне як заданне несці Божае слова.
Далей біскуп больш глыбока развіў гэту тэму: «На жаль, сучасныя бацькі занімаюць сваіх дзетак чым толькі можна — секцыі, кружкі, розныя курсы, і дзіця ледзь паспявае паспаць. Але калі прыходзіць час рыхтавацца да Першай Камуніі, то на гэта ўжо няма ніякага часу, кажуць бацькі. А потым, калі дзіця вырастае і штосьці ў яго жыцці не так, яны пытаюцца: а чаго яму не хапіла?»
Заданне быць прапаведнікам тычыцца не толькі тых, хто жыве святарскім пакліканнем, але і людзей у звычайным жыцці. Калі кожны чаловек знойдзе нават пяць хвілін у дзень для супольнай малітвы, гэта ўжо дасць вельмі вялікі духоўны імпульс. «Прапаведваць Божую праўду — гэта таксама прапаведваць сваё жыццё сваімі выбарамі і ўчынкамі, усім тым, што з’яўляецца нашым фундаментам», — сказаў іерарх.

Узгадваючы словы Езуса «Калі не верыце словам маім, справам маім верце» (пар. Ян 10, 8), святар падкрэсліў: «Жыццё кожнага хрысціяніна — гэта таксама пропаведзь Езуса і тых каштоўнасцей, якія мы прынялі ад нашых продкаў і пераказваем іншым». Разважанні святога Дамініка аб законе праведнікаў і аб пропаведзі не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Падсумоўваючы, іерарх зрабіў выснову:
Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на абраз святога Дамініка, змешчаны каля алтара. Іерарх заклікаў вернікаў памятаць, што перад гэтым абразам святога Дамініка заўсёды можна памаліцца і папрасіць у яго сілы, каб быць сапраўдным прапаведнікам і сведкай Езуса Хрыста. Ён таксама нагадаў, што мастачкай, якая яго напісала, з’яўляецца родная сястра пробашча Ірына. Пастыр узгадаў таксама святой памяці тату ксяндза Дзмітрыя, які пры жыцці пакінуў пасля сябе бачны след у велічных фігурах Езуса і святых у цэнтральным алтары касцёла святога Юзафа ў Маладзечне. Біскуп заўважыў, што Бог адарыў рознымі талентамі ўсю іх сям’ю.

Затым сястра Наталля разам са сваімі выхаванцамі — дзецьмі, якія прыходзяць на катэхезу — падзякавала іерарху за прысутнасць і асвячэнне новага абраза. У сваю чаргу біскуп падзякаваў пробашчу і ўсім парафіянам, а асабліва міністрантам, арганістцы і хору, за прыгожа арганізаваную літургію.
Пасля святой Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла, напрыканцы якой удзельнікі атрымалі ад біскупа Юрыя благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам.











