У Свіры з удзелам іерархаў падзякавалі пробашчу за 30 гадоў служэння ў Беларусі
- 7 ліпеня, 2026
- Фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by
5 ліпеня, у нядзелю пасля марыйных урачыстасцей у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, у парафіі святога Мікалая ў Свіры, якая належыць, як і парафія ў Будславе, да Мядзельскага дэканату, адбылася ўрачыстая святая Імша, падчас якой усе прысутныя дзякавалі Богу за 30 гадоў руплівага служэння пробашча і дэкана Мядзельскага ксяндза каноніка Багуслава Маджэеўскага.
Узначаліў Эўхарыстыю Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім канцэлебравалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый біскуп Юрый Касабуцкі, святары з парафій дэканату і з суседніх парафій і дыяцэзій. Прысутнічалі таксама законныя сёстры непакалянкі, адна з якіх служыць у Свіры, а таксама шматлікія мясцовыя парафіяне і госці парафіі. Падчас літургіі спевы выконваў мясцовы хор пад кіраўніцтвам сястры Марыі Іватовіч, непакалянка.
Святая Імша цэлебравалася з урачыстасці Маці Божай Будслаўскай. Галоўны цэлебрант дзякаваў Богу за служэнне і выпрошваў патрэбныя ласкі для ксяндза Багуслава, які далей будзе несці служэнне ў Варшаўска-пражскай дыяцэзіі (Польшча), да якой кананічна належыць, а таксама для святара, які яго заменіць на служэнні.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён напачатку адзначыў, што дзень таму завяршыўся Будслаўскі фэст, у якім прыняло ўдзел некалькі тысяч вернікаў, духоўных і кансэкраваных асоб. Ён назваў гэтае месца сэрцам Беларусі: як сэрца праз крывяносныя начынні жывіць увесь арганізм жыццядайнай крывёй, так у гэтым святым месцы Бог праз заступніцтва Марыі спасылае шматлікія ласкі, неабходныя для падтрымання духоўнага жыцця вызнаўцаў Хрыста.
Іерарх нагадаў, што Божае слова дапамагае зразумець хрысціянскае жыццё ў святле таямніцаў Божага Валадарства. У першым чытанні прарок Захарыя суцяшае габрэяў, якія знаходзяцца ў бабілёнскай няволі, што яны вярнуцца на радзіму і адбудуюць збураную святыню, даючы ім новую надею на адраджэнне. У другім чытанні апостал Павел заклікае рымлян адкінуць грахоўнае ярмо «плоці» і прыняць жыццядайнае «ярмо» Езуса Хрыста. У Евангеллі Езус абяцае спакой абцяжараным, калі яны прымуць Яго «лёгкае ярмо і лёгкі цяжар».
— сцвердзіў арцыпастыр.

Ён падкрэсліў, што веруючыя людзі часта наракаюць на цяжкі лёс, не ўсведамляючы сабе, што гэта іх уласны выбар. Езус запэўнівае, што яго ярмо добрае і лёгкае. Яго вучням варта цалкам даверыцца Яму, бо Ён ведае, што для іх найлепшае. Паводле Езуса толькі ціхія і пакорныя дасягнуць радасці Божага Валадарства.
«Мы любім першыя месцы, славу, папулярнасць, хочам быць на першых старонках часопісаў і газет, на экранах тэлевізараў і інтэрнэт-старонках, хочам быць багатымі і слаўнымі. Некаторыя людзі ганарацца сваёй фізічнай сілай, багаццем, ведамі і ўладай. Нямала хто выкарыстоўвае гэтыя багацці, каб прыгнятаць іншых, падпарадкоўваць іх і эксплуатаваць, — заўважыў іерарх. — (…) Езус адкрыў нам новы шлях велічы. Ён заснаваў зусім новы спосаб быць вялікім. Гэты новы стыль характарызуецца прастатой, лагоднасцю і любоўю, а таксама цнотай пакоры». Прамоўца прывёў прыклад з жыцця святога Аўгустына, які, калі яго спыталіся, што найважнейшае ў жыцці, адказаў: першае — пакора, другое — пакора і трэцяе — пакора.

Такім ціхім і пакорным чалавекам, паводле арцыбіскупа, з’яўляецца ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі. «Ён ціха і пакорна, без непатрэбнага розгаласу, 30 гадоў працуе ў парафіі святога Мікалая ў Свіры, несучы пастырскае служэнне людзям, развіваючы культ святога Мікалая і святога Шарбэля, а таксама клапоцячыся пра рамонты і аднаўленне гістарычнай святыні, — падкрэсліў арцыпастыр. — Сваім ціхім і пакорным служэннем Богу, Касцёлу і людзям ён заслужыў вялікую пашану і павагу не толькі ў вернікаў, але і ў грамадства».
Арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў сваю гамілію заклікам: «Няхай добры Бог благаславіць табе, дарагі ксёндз Багуслаў. Ты вяртаешся на сваю радзіму, але тваё сэрца застаецца ў Свіры. Памятай аб тваёй любові да гэтай парфіі і людзей, з якім ты 30 гадоў будаваў Божае Валадарства. А ты верны народ, не забывайся свайго пастыра. Маліся аб яго здароўі і Божым благаслаўленні на далейшае служэнне Богу, Касцёлу і людзям».

Пасля Камуніі ксёндз Маджэеўскі падзякаваў прысутным іерархам, святарам, законным сёстрам і вернікам за супольную малітву.
Ад імя біскупаў падзякаваў святару за яго нястомнае служэнне Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Генеральны сакратар ККББ біскуп Юрый Касабуцкі. Іерарх успомніў, што ў 1996 годзе, калі ксёндз канонік Багуслаў прыехаў у Беларусь, ён сам прыняў святарскае пасвячэнне і як малады святар часта звятартаўся да яго па духоўныя парады. Біскуп назваў ксяндза Багуслава «святаром радасці», адзначаючы, што ніколі не бачыў яго без настрою. Ён пажадаў святару Божага благаслаўлення на далейшае служэнне згодна з Божай воляй і запрасіў яго як мага часцей наведваць Беларусь і Свір.

Ксяндза Маджэеўскага віншавалі шматлікія парафіяльныя группы: дзеці, моладзь, дарослыя, пажылыя людзі. Звяртаючыся да яго, яны дзякавалі святару, які быў іх душпастырам 30 гадоў, за тое, што «ўдзялілі шлюб маім бацькам», «ахрысцілі мяне», «навучылі нас маліцца» і «заўсёды былі разам з намі». Словы падзякі прагучалі таксама з вуснаў прадстаўніцы Кангрэгацыі Дачок Марыі Беззаганнай (сясцёр непакалянак), якія ўвесь час душпастырскай дзейнасці ксяндза Багуслава рупліва служылі ў парафіі Свір і іншых навакольных парафіях.

Ксёндз Мікалай падзякаваў іерарху за аказаны давер, а затым, звярнуўшыся да ксяндза Багуслава, запэўніў: «Мы з Вамі не развітваемся, але кажам “да пабачэння”», запрашаючы яго наведваць Свір і адчуваць тут сябе, як дома.
Пасля набажэнства Літаніі да Найдаражэйшай Крыві Хрыста, якая была прачытана пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце, адбылася эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Затым ксёндз Багуслаў Маджэеўскі благаславіў прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Апошнім момантам урачыстасці стала памятнае фота з іерархамі, святарамі і пробашчамі парафіі: былым і цяперашнім.











































