Пастырскае слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Адвэнт 2026 года
- 26 лістапада, 2026
- Catholicminsk.by
29 лістапада распачынаецца новы перыяд літургічнага года — Адвэнт. Гэта час радаснага чакання на прыйсце Пана. На першую нядзелю Адвэнту арцыбіскуп эмерыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч кіруе духавенству, кансэкраваным асобам і вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова
арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага
Тадэвуша Кандрусевіча
на Адвэнт 2026/2027 душпастырскага года
ЧУВАЙЦЕ!
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння, у першую нядзелю Адвэнту, мы распачынаем новы літургічны год. Сардэчна вітаю ўсіх вас на яго пачатку. Адвэнт, хаця і адзначаецца напрыканцы календарнага года, тым не менш, з’яўляецца пачаткам літургічнага года, у якім мы будзем разважаць над Евангеллем паводле святога Марка.
На працягу наступных чатырох тыдняў Касцёл прадставіць нам серыю вельмі старанна падабраных біблійных чытанняў, якія павінны дапамагчы перажываць гэты час ласкі.
Божае слова першай нядзелі Адвэнту можа нас здзівіць. Яно канцэнтруе нашу ўвагу не на ўспаміне Бэтлеема, дзе нарадзіўся Збаўца і дзе распачалася новая эра збаўлення, можна сказаць, новы духоўны год, а заклікае да чування, пільнасці і падрыхтоўкі да другога прыйсця Хрыста.
Яно заклікае не спаць, бо невядома, калі гэта здарыцца (пар. Мк 13, 33-37). Таму Адвэнт — гэта час пільнага чування і чакання.
2. У першым сённяшнім чытанні прарок Ісая просіць Бога разарваць нябёсы і сысці (пар. Іс 63–64). Рэфрэн рэспансарыйнага псальма заклікае Бога аднавіць нас і даць нам збаўленне (пар. Пс 80 (79), 4). У другім чытанні апостал Павел кажа карынцянам, што Езус Хрыстус будзе іх умацоўваць, каб яны былі бязвіннымі ў дзень Яго прыйсця (пар. 1 Кар 1, 3–9).
Евангелле распавядае пра гаспадара, які, вырушаючы у далёкае падарожжа, даручыў клопат пра свой дом слугам і загадаў ім чуваць, бо не ведаюць, калі ён вернецца (пар. Мк 13, 33-37).
3. Хрыстус пасля свайго слаўнага Унебаўшэсця знаходзіцца на нябёсах у сваім праслаўленым целе, якога мы не бачым. Але напрыканцы часоў нябачная для нас слава Езуса стане бачнай, калі Ён прыйдзе, каб уваскрасіць мёртвых і судзіць чалавецтва. Яго прыйсце мы называем грэцкім словам парузія.
У апошняй кнізе Новага Запавету другое прыйсце Езуса акрэсліваецца словам Апакаліпсіс, што з грэчаскай мовы азначае адкрыццё ці раскрыццё. Менавіта: нябёсы раскрыюцца, і людзі ўбачаць нябачную сёння для нас славу Хрыста.
Апостал Павел у Першым пасланні да Карынцянаў з гэтай мэтай выкарыстоўвае слова аб’яўленне. Менавіта ён кажа, што мы не маем нястачы ні ў якім дары, чакаючы аб’яўлення Езуса (пар. 1 Кар 1, 7).
Такім чынам, усе імшальныя чытанні першай нядзелі Адвэнта засяроджваюць нашу ўвагу на другім прыйсці Хрыста.
4. У даўнія часы на абаронных валах гарадоў стаялі ўзброеныя жаўнеры і пільнавалі, каб ніхто непажаданы не ўвайшоў у яго. Гаспадар дома таксама клапоціцца пра сваю маёмасць і чувае, каб яе ніхто не ўкраў.
Таму мы павінны чуваць, каб захаваць бясцэнны дар веры, без якой няма збаўлення. Гэта першаснае заданне Адвэнту.
5. Але ці сучасны чалавек разумее яго і імкнецца выконваць? Паглядзім праўдзе ў вочы. Аб чым мы найбольш клапоцімся падчас Адвэнту? Ці нашае адвэнтавае жыццё напоўнена духоўным чуваннем?
Супермаркеты ўжо даўно распачалі свой адвэнт. Іх галоўнай мэтай з’яўлецца прыбытак. Для гэтага яны выкарыстоўваюць добра апрацаваную з камерцыйнага пункту гледжання тактыку, каб толькі заахвоціць людзей купляць як мага больш.
Неяк адвэнтавым вечарам я ехаў з адным англійскім святаром машынай па вуліцах Лондана і нечакана ўбачыў ілюмінацыйную стрэлку з надпісам: «Destination — Christmas», што азначае: «Мэта — Божае Нараджэнне». «Якая добрая рэклама надыходзячага свята!» — усклікнуў я, узрадаваўшыся гэтаму надпісу. Святар засмяяўся і сказаў, што гэта рэклама не свята, а супермаркета, які знаходзіўся непадалёк. Гэта азначае, што Божае Нараджэнне святкуецца перш за ўсё ў гандлёвым цэнтры.
Аднойчы мама перад Божым Нараджэннем згубіла сына ў супермаркеце. Шукала і нарэшце ўбачыла яго каля стаенкі. Сын са здзіўленнем усклікнуў: «Мама, мама, паглядзі, Немаўлятка Езус!» Але мама ўзяла яго за руку і сказала: «Пойдзем, бо не маем часу».
6. Усё гэта нагадвае пра крызіс веры ў сучасным свеце. Мы хвалюемся з-за розных крызісаў — эканамічных, палітычных, грамадскіх, міжнародных, сямейных, дэмаграфічных і т.п. Але пры гэтым выпускаем з-пад увагі, што крыніцай кожнага крызісу з’яўляецца духоўны крызіс.
Вялікія экзістэнцыяльныя пытанні застаюцца без адказу, у той час як тэхналагічная культура распаўсюджваецца і размываюцца прынцыпы хрысціянства.
Хрысціянства ў сучасным секулярным свеце часта прадстаўляецца як рэлігія такіх каштоўнасцяў, як любоў, справядлівасць, шчырасць, змаганне за мір і г. д., чаго ніхто не аспрэчвае. Аднак ва ўсім гэтым, на жаль, вельмі часта нестае жывога і асабістага Бога, які праходзіць побач, збаўляе, кліча і любіць, але якога чалавек не бачыць. У выніку чаго ў нашым жыцці і сучаснай культуры ўсё часцей праяўляецца не вертыкальнае, а гарызантальнае вымярэнне хрысціянства, у якім Хрыста становіцца ўсё менш.
Свет не ўспрымае хрысціянства не таму, што знайшоў лепшы адказ на свае пытанні, а таму, што яно радыкальнае і патрабавальнае.
На жаль, сучасная секулярная ідэалогія ўсё часцей імкнецца змяніць прадстаўленыя ў Святым Пісанні маральныя нормы згодна з меркаваннем большасці. Але хрысціянскія праўды веры не прыдуманыя чалавекам і не прынятыя парламенцкай большасцю, а аб’яўлены Богам, таму іх нельга змяняць, нават дэмакратычным шляхам.
7. Мы перажываем час новых выпрабаванняў веры і небяспеку прыняцця зманлівай рэлігіі, якая абяцае вырашэнне ўсіх праблем коштам адмовы ад праўды. Гэта тэндэнцыя праяўляецца ў псеўдамесіянізме, калі чалавек замест праслаўлення Бога праслаўляе самога сябе і замест Божай праўды шукае розныя альтэрнатывы, якія прыводзяць да разгубленасці, адзіноты і роспачы.
У гэтым пошуку асаблівае месца займае тэхналагічны прагрэс, які становіцца новай рэлігіяй. Бясспрэчна, ён неабходны і з’яўляецца вялікім дасягненнем чалавецтва. Аднак, на вялікі жаль, ён далёка не заўсёды адпавядае духу Евангелля, бо ў гэтым прагрэсе ўсё разглядаецца з эканамічнага пункту гледжання, які супярэчыць годнасці створанага па вобразу і падабенству чалавека (пар. Быц 1, 27).
Адной з такіх залежнасцей з’яўляецца так званы клікбэйт (clickbait) — цяга да клікання па ўсім у інтэрнэце. Гэта сэнсацыйныя або правакацыйныя загалоўкі і малюнкі-застаўкі, якія схіляюць карыстальніка клікнуць па спасылцы і такім чынам чыняць чалавека залежным.
Падрыхтаваныя Ватыканам матэрыялы на Сусветны Дзень сродкаў масавай камунікацыі ў 2027 годзе невыпадкова падкрэсліваюць, што ў эры клікбэйту асабліва важным з’яўляецца захаванне чуйнасці і панаванне над здаровай увагай.
Папа Леў XIV у сваёй першай, прысвечанай штучнаму інтэлекту энцыкліцы Magnifica humanitas («Цудоўнае чалавецтва») заўважае, што чалавек пакліканы быць супрацоўнікам Бога ў справе стварэння, а не толькі пакорлівым гледачом тэхналагічных працэсаў, якія абмяжоўваюць яго свабоду і адказнасць (пар. МН 233). Таму меркаванне, што ўсё новае лепшае, не заўсёды адпавядае праўдзе, бо не ўсё тое, што тэхнічна магчыма, маральна дазволена.
Мы не павінны забывацца пра фундаментальны прынцып, што дасканаленне чалавека адбываецца не дзякуючы абагаўленню тэхналогій, а Божай ласцы (пар. МН 126).
8. Для гэтага неабходна чуваць, каб заставацца вернымі свайму пакліканню і сведчыць хрысціянства як рэлігію збаўлення, якую нам прынёс Хрыстус, да святаў Нараджэння якога мы рыхтуемся.
Чуваць азначае штодзённа маліцца, прымаць удзел у адмысловых адвэнтавых практыках, такіх як рараты, рэкалекцыі, пакаянныя набажэнствы, дабрачынныя акцыі і іншыя. Чуваць азначае не зацыклівацца толькі на вонкавай падрыхтоўцы да святаў, каб яна не знішчыла іх духоўны складнік. Чуваць азначае з Божай дапамогай супрацьстаяць спакусам злога духа.
Даверым сябе Марыі — Маці адвэнтавага чування. Няхай яе прыклад згоды з Божай воляй дапаможа нам у ім, каб мы аднавілі сваю веру і ёй жылі, і каб наша хрысціянства было сапраўдным спатканнем з Хрыстом, які прыходзіць.
На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю.
✠ Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мінск, 22 лістапада 2026 г.
Урачыстасць Езуса Хрыста Валадара сусвету
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка Deus caritas est (DCE).
2. Леў XIV. Энцыкліка Magnifica humanitas (MH).
3. https://ewtnvatican.com/articles/leo-xiv-warning-watering-down-christianity (англ.).