Ва ўспамін Ахвяравання Панны Марыі брат Андрэй Багдановіч даў вечныя манаскія абяцанні
- 27 лістапада, 2026
- Тэкст: Кацярына Савянок / Фота: Эрык Савянок // Паводле
- pio.by
У суботу, ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі, 21 лістапада, у парафіі святога Казіміра ў Маладзечне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбылася важная падзея: брат Андрэй Багдановіч даў вечныя манаскія абяцанні.
Мінула каля пяці гадоў з дня, калі ксёндз Андрэй, маючы за плячыма вопыт святарскага служэння, пастукаў у дзверы маладзечанскага кляштара з намерам распачаць фармацыю ў братэрскай супольнасці Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. І вось (што сімвалічна, ва ўзросце 33 гадоў) надыйшоў час, калі ён канчаткова прыняў рашэнне назаўсёды аддаць сваё жыццё на выключную службу Богу і людзям, злучыўшы сябе з капуцынскай супольнасцю.
Каб стаць удзельнікамі і сведкамі падзеі, падтрымаць брата Андрэя, а таксама падзяліць радасць братоў капуцынаў, на Імшу завіталі шматлікія госці, якія добра ведалі брата Андрэя: духоўныя асобы — айцец Сяргей Трысцень OCD, ксёндз Вячаслаў Пялінак, ксёндз канонік Юрый Быкаў, ксёндз канонік Павел Шылак, ксёндз Андрэй Бурак, ксёндз Гжэгаж Балеста, айцец Пэдра Гузьман, бацькі Юрый і Алена, сёстры, а таксама знаёмыя і парафіяне з папярэдніх месцаў служэння брата.
На пачатку святой Імшы кусташ брат Алег Шэнда OFMCap, які ўзначаліў цэлебрацыю, звярнуўся да прысутных з прывітальным словам і, дзякуючы Богу за пакліканне брата Андрэя, прыгадаў праўду пра тое, што логіка хрысціянства, якую асабліва падкрэслівае свята ахвяравання Панны Марыі, заключана ў прынцыпе: каб жыццё захаваць, трэба яго аддаць, ахвяраваць (пар. Ян 12, 25). Брат Алег заахвоціў маліцца за брата Андрэя, каб штодня ён мог плённа супрацоўнічаць з Богам і верна пераймаць навуку і прыклад Езуса Хрыста, да смерці захоўваючы са святой руплівасцю Правіла і лад жыцця меншых братоў капуцынаў.

Ксёндз Вячаслаў Пялінак, які некалі служыў разам з братам Андрэем у Брэсце і быў «сведкам таго, як Дух Святы пачаў бунтаваць яго сэрца жаданнем пайсці ў закон», скіраваў да прысутных словы гаміліі:
Ксёндз Вячаслаў задаўся пытаннем, у чым сутнасць гэтага дзеяння Духа Святога. Ён заўважыў, што ў жыцці Францішка ўсё пачалося «не ад святасці, а ад слабасці»: Бог прамаўляе да яго ў Спалета не праз святасць кагосьці іншага, а праз уласную слабасць цела і духа Францішка, праз хваробу, стомленасцю і няўпэўненасць. Наступны містычны досвед ён меў не ў прыгожай катэдры пры гуках грыгарыянскага харалу, а ў руінах капліцы Сан-Дам’яна. Зноў ён адчуў голас жывога Хрыста ў слабасці — слабасці Касцёла. Іншы паваротны момант — сустрэча з пракажоным. Зноў слабасць, зноў адкінутасць. Зноў тое, што ва ўсіх выклікае агіду, ад чаго кожны бы адвярнуў вочы, для Францішка становіцца досведам любові жывога Бога і крыніцай святасці.

Святар, углядаючыся ў францішканскую харызму, правёў аналогію з дзеяннем Духа Святога ў нашыя дні:
Сёння ёсць небяспека залішне захапіцца «фасадам» Касцёла — прыгожымі літургічнымі працэсамі, знешняй эстэтыкай — і стварыць з Касцёла ідала, баючыся ўбачыць яго слабасці, руіны, учыненыя грахом. Але менавіта руіны Касцёла могуць стаць натхненнем для новага жыцця. «Можа там нам Хрыстус хоча сказаць, куды нам неабходна ісці?» — заўважыў святар.
«Урэшце, колькі сёння ёсць людзей, падобных да таго пракажонага, якія ходзяць па нашых вуліцах? — дадаў айцец. — Францішак не казаў пракажоннаму казанні, а абдымаў. Можа гэтыя людзі вакол нас больш патрабуюць таго, каб іх абнялі, прынялі з усёй іх «праказай» і паламаным лёсам, а не прачыталі прыгожую лекцыю, як жыць? Калі хтосьці з нас калі-небудзь быў прыняты, ведае наколькі гэта важна. І гэтага не заменіць ні адна прыгожая пропаведзь».
«Я бачу, што гэты харызмат сёння жывы ў гэтым чалавеку, — падкрэсліў ксёндз Вячаслаў. — Тое, што адбываецца тут, — гэта рэалізацыя Евангелля. Хрыстос працягвае руку і кажа: «Вось мой брат, мая маці». Ён прымае брата Андрэя ў сваю сям’ю, якую некалі пачаў засноўваць праз Францішка. Гэта — не напісаць кнігу. Гэта — аддаць жыццё. Не ён сам аддае, але гэта чыніць у ім Дух Святы».
Звярнуўшыся да брата Андрэя, ксёндз Вячаслаў сцвердзіў: «Ты, брат, для нас з’яўляешся знакам таго, што Святы Дух далей хоча працягваць справу, якую пачаў у Францішку: хоча прамаўляць да цябе не толькі праз тваю святасць, але і праз тваю слабасць, каб і іншыя маглі ўбачыць сваю слабасць як месца, дзе можна пачуць жывога Хрыста. Бог хоча і праз цябе рэалізаваць той самы харызмат, каб ты ішоў у бок не прыхожых фасадаў Касцёла, але ягоных ранаў, дзе ён збураны нашай хцівасцю, пыхай, грахамі, — і там слухаў голас Хрыста. Твая прысутнасць тут паказвае, што Дух Святы цябе штурхае да пракажонных гэтага свету — людзей, якія хочуць не столькі быць навучанымі, колькі прынятымі, і чакаюць простых абдымкаў чалавека. Заахвочваю вас дзякаваць Богу за гэты вялікі дар Святога Духа, які, як і 800 гадоў таму, такі актуальны і неабходны цяпер у нас на Беларусі».

Напрыканцы Імшы да ўсіх, хто прычыніўся да арганізацыі свята, былі скіраваныя шматлікія словы падзякі, а ў адрас брата Андрэя Багдановіча прагучалі шчырыя віншаванні. Далей усе прысутныя былі запрошаны на другую, не менш важную і прыемную, частку святкавання — пачастунак, прыгатаваны братам Войцехам і яго камандай на палявой кухні, якая ўжо ад самай раніцы пыхцела і распаўсюджвала прыемны водар смачнага плова з дымком. За ежай і прыемнымі размовамі не так моцна заўважалася, што на двары зімна.
Потым у капліцы ўсе жадаючыя — ад маленькіх да вялікіх — маглі пагрэцца і праз камандны ўдзел у віктарыне праверыць глыбіню сваіх ведаў у Святым Пісанні, біяграфіі святога Францішка, гісторыі францішканскіх ордэнаў і Касцёла, у школьных прадметах, а таксама патанчыць. Было неяк па-дамашняму проста, утульна і весела.





























