Skip to main content

У Ракаве з удзелам іерарха адбылася парафіяльная ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай

7 красавіка
  • 9 кастрычніка, 2025
  • Фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

7 кастрычніка вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве (Валожынскі дэканат) адзначылі сваё парафіяльнае свята.

Святую Імшу ўвечары ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. На ўрачыстасці прысутнічалі святары з суседніх парафій і дэканатаў, сёстры дамініканкі і назарэтанкі, а таксама парафіяне і госці, якія прыбылі на фэст.

Напачатку пробашч парафіі ў Ракаве ксёндз Дзмітрый Чупрын прывітаў іерарха і ўдзельнікаў Эўхарыстыі.

Біскуп аб’явіў, што падчас Імшы будзе маліцца за ўсю ракаўскую парафію, асабліва за дзяцей і моладзь, давяраючы іх Богу праз заступніцтва Маці Божай Ружанцовай.

У гаміліі іерарх распавёў гісторыю святога Ружанца і паразважаў аб яго ролі ў дамініканскай духоўнасці. Іерарх адзначыў, што ад моманту з’яўлення ў XIII ст. і да сёння гэтая малітоўная практыка не страціла сваёй прыгажосці і актуальнасці, а яе вартасць у будаванні супакою ў свеце цяжка пераацаніць.

 «Ружанец ― малітва, якой мы можам маліцца заўсёды і ўсюды: па дарозе дадому, на шпацыры, у машыне»,

― падкрэсліў прамоўца і прывёў у прыклад беларускіх іерархаў кардынала Казіміра Свёнтка, які часта маліўся ружанцовай малітвай, нават не маючы пацерак, і біскупа эмэрыта Казіміра Велікасельца, дамініканіна, вялікага шанавальніка Ружанца, які час у дарозе заўсёды прысвячае менавіта гэтай малітве.

«Наша малітва мае вялікую ролю, бо праз яе мы атрымліваем шматлікія дары і ласкі. Маці Божая аб’явілася ў Фаціме ў XX ст. траім пастушкам менавіта ў той момант, калі яны маліліся на ружанцы.

Наша ружанцовае набажэнства ― гэта нібы сад з кветак, які мы дорым Маці Божай. Гэта малітва важная, прыгожая, цудоўная. Яна накіроўвае нас да Езуса Хрыста праз Найсвяцейшую Панну ― нашу нябесную Матулю»,

― рэзюмаваў іерарх.

Пасля Імшы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце прысутныя праспявалі Ларэтанскую літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі, а затым пасля спеву Te Deum атрымалі благаслаўленне.

Апошнім момантам урачыстасці стала асвячэнне фігурак анёлаў каля ўваходу ў касцёл з унутранага боку, якое здзейсніў біскуп Касабуцкі. Іх роля, як прызнаўся пробашч парафіі, ― «усведамляць, што Бог чувае над намі і аберагае нас праз сваіх святых анёлаў».