У Ракаве з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбылося ўнясенне рэліквій благаслаўлёных назарэтанак мучаніц з Навагрудка
- 28 ліпеня, 2025
- Фота: Вольга Магала // Catholicminsk.by
27 ліпеня, у нядзелю, у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Ракаве адбылася нештодзённая падзея — у касцёл былі унесены рэліквіі сяцёр мучаніц назарэтанак з Навагрудка. Таксама ў гэты дзень адзначылі V Сусветны дзень бабуль, дзядуль і пажылых людзей.
Перад урачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, літургічная працэсія з закрыстыі вырушыла да галоўнага ўваходу ў касцёл, дзе ўжо чакалі сёстры назарэтанкі, якія спецыяльна прыбылі ў Ракаў. Настаяцельніца назарэтанак у Беларусі сястра Філатэя Ціхановіч CSFN пераказала арцыпастыру рэліквіі благаслаўлёных мучаніц. Пасля гэтага ў працэсійным строі міністранты, сёстры, святары і арцыбіскуп падышлі да алтара, дзе дастойны іерарх змясціў рэліквіярый у адпаведным месцы каля алтара.

Пасля кароткай малітвы пры рэліквіях благаслаўлёных сясцёр з Навагрудка пробашч ракаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Чупрын прывітаў арцыбіскупа, сясцёр назарэтанак і ўсіх прысутных. Сястра Лаўра Шукеловіч CSFN распавяла пра гісторыю з’яўленння сясцёр з Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта ў Навагрудку, а таксама пра жыццёвы шлях, мучаніцкую смерць і культ адзінаццаці сясцёр мучаніц.

У гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што імшальныя чытанні XVII звычайнай нядзелі канцэнтруюцца на тэме малітвы. У Евангеллі Езус вучыць нас малітве «Ойча наш» і заклікае да вытрываласці ў ёй.
Арцыпастыр заўважыў, што Малітва Панская складаецца з дзвюх частак: «У першай мы славім Бога, пакланяемся Яму і выказваем нашае жаданне Яго панавання ў нашых сэрцах з мэтай выконваць Яго волю. У другой — прадстаўляем Богу свае патрэбы.
— зрабіў выснову іерарх.

Езус таксама, паводле яго слоў, падкрэслівае неабходнасць настойлівай і вытрыманай малітвы, прызнаючы нашу поўную залежнасць ад Бога.
Арцыпастыр выказаў упэўненасць у тым, што сучасны свет перажывае крызіс малітвы. «Мы маем час на усё, але не на малітву, — са шкадаваннем прамовіў ён. — У той жа час малітва — гэта размова душы з Богам. Яна — нашае духоўнае паветра. Як без паветра чалавек памірае фізічна, так без малітвы ён памірае духоўна, бо не атрымлівае патрэбнага духоўнага кіслароду».
Езус пакінуў нам прыклад малітвы. Іерарх нагадаў слухачам, што «наш Збаўца маліўся ў пустыні перад распачаццем публічнага жыцця, перад тым, як чыніў цуды, перад сваёй крыжовай смерцю і таксама паміраючы на крыжы».
— папярэдзіў прысутных арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Часта мы наракаем, маўляў, я малюся, але Бог не выслухоўвае. Трэба памятаць, што няма малітвы без адказу. Але ў той жа час Бог не адказвае на нашу малітву згодна з нашымі стандартамі. Яго “не” ўжо з’яўляецца адказам для нас у тым сэнсе, што Бог ведае больш за нас. Яго планы — не нашыя планы. Тое, што нам падаецца добрым, у Яго вачах не заўсёды служыць нашаму збаўленню», — сказаў арцыпастыр.
У малітве, паводле яго слоў, мы не павінны чакаць, што Бог адкажа нам так, як мы хочам. Адсюль кожную малітву варта завяршаць словамі: «Няхай будзе твая воля, Божа», бо Бог ведае, што для нас лепш.
— звярнуў увагу іерарх.
Ён нагадаў, што «малітва не змяняе Бога, але павінна змяняць нас. Каштоўнасць малітвы не ў тым, што Бог пачуе нас, а ў тым, што мы пачуем голас Бога».
Езус вучыць нас звяртацца да Бога як да нашага Айца. Арцыбіскуп падкрэсліў, што любячы бацька слухае сваё дзіця, аднак слепа не задавальняе кожную яго просьбу. Маліцца не азначае навязваць Богу сваю волю, але адкрыцца на Яго волю: «Мы молімся не аб тым, каб змяніць Божае меркаванне, а аб тым, каб Бог змяніў нашае мяркаванне».
«Адзінанаццаць навагрудскіх сясцёр назарэтанак аддалі сваё жыццё за сто дваццаць нявінных людзей, якіх нямецкія акупанты асудзіді на смерць, — нагадаў іерарх. — Кіруючыся любоўю да бліжняга, яны па прыкладу Езуса, ахвяравалі за іх сваё жыццё. Езус кажа, што няма большай любові, калі хтосьці аддае сваё жыццё за бліжніх».
Людзі ставяць помнікі сваім героям, заўважыў арцыбіскуп. Сёстры-назарэтанкі, паводле яго меркавання, сваім прыкладам ахвярнай любові паставілі сабе помнік, які дасягае неба.

Пяты Сусветны дзень бабуляў, дзядуляў і пажылых людзей, які праходзіць пад дэвізам: «Шчаслівы той, хто не страціў надзеі», згодна са словамі Папы Льва XIV заклікае іх «быць знакам надзеі праз перадачу досведу старэйшых пакаленняў маладому ў наш секулярны час». «Свету патрэбны мудрасць і вопыт старэйшых, каб будаваць цывілізацыю любві, міру і жыцця», — сказаў арцыпастыр.
Гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў выказаным спадзяваннем, што імшальныя чытанні, прыклад благаслаўлёных мучаніц сясцёр-назарэтанак і святкаванне дня пажылых людзей заахвоцяць усіх веруючых да вытрывалай малітвы, «якая праб’е нябёсы і выпрасіць у Бога ўсім нам патрэбныя ласкі».
Эўхарыстыя завяршылася благаслаўленнем рэліквіямі сясцёр мучаніц, якое здзейсніў арцыбіскуп Кандрусевіч.