Skip to main content

У Ракаве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч паўторна асвяціў абраз святога Францішка, які пасля рэстаўрацыі быў вернуты ў касцёл

6 студзеня
  • 7 студзеня, 2025
  • Тэкст і фота: Касцёл МБР у Ракаве / Instagram // Catholicminsk.by

6 студзеня, ва Урачыстасць Аб’яўлення Пана, у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас Імшы быў асвечаны адноўлены абраз святога Францішка.

З гісторыі абраза

Гэты абраз, відавочна, знаходзіўся яшчэ ў старым драўляным ракаўскім касцёле, бо, як мяркуюць рэстаўратары, ён мог быць напісаны ў XVIII стагоддзі. Ужо ў XX стагоддзі, перад тым як ракаўскі касцёл быў адабраны ў вернікаў, абраз быў вынесены і схаваны вернікамі перад знішчэннем “да лепшых часоў”. Але праходзілі гады, а “лепшыя часы” не надыходзілі. Памерлі людзі, якія хавалі абраз, а разам з імі памерла і памяць пра яго. І, найбольш верагодна, мусіў загінуць і сам абраз, схаваны пад страхой старога хлява. Але сталася іначай. 

Амаль знішчанае, падобнае да анучкі, палатно, было знойдзена падчас прыбірання хлява ў адной з хат. Яго заўважылі ўжо на прычэпе, сярод смецця, якое павінна было адправіцца на звалку. Палатно прынеслі дадому і, прыгледзеўшыся, убачылі на ім выяву святога Францішка. Менавіта гэты святы асабліва шанаваўся ў сям’і; з яго імем і днём яго ўспаміну 4 кастрычніка было звязана шмат важных сямейных падзей. Стала зразумела, што захаванне і аднаўленне знойдзенага абраза – гэта асаблівае заданне, якое атрымала сям’я. 

Але да пачатку рэстаўрацыі прайшло яшчэ нямала гадоў, бо ніхто не ведаў куды звяртацца і не меў неабходных сродкаў.

З часам сярод знаёмых гэтай сям’і з’явіліся людзі, якія вельмі шмат зрабілі для ракаўскага касцёла. У лістападзе 2023 года аднаму з іх распавялі пра той абраз і ён адразу згадзіўся аднавіць яго. Так выйшла, што ў гісторыі сям’і мецэната найважнейшыя падзеі таксама былі звязаны з імем святога Францішка і з днём яго ўспаміну. Такім чынам, справа аднаўлення абраза распачалася ў лістападзе 2023 года, у 800-ю гадавіну зацверджання статуту ордэна святога Францішка, якое адбылося 29 лістапада 1223 г.

Аднаўленчыя працы была доўгімі і складанымі, каштавалі не толькі вялікіх фінансавых выдаткаў, але часу, сіл і ўмення дамаўляцца з людзьмі. Працягнуліся яны амаль год і паспяхова скончыліся восенню 2024 года. Абраз, на якім Святы атрымоўвае стыгматы, вярнуўся ў Божы дом у 2024 годзе, гэта значыць, у 800-ю гадавіну атрымання святым Францішкам Асізскім дару стыгматаў у мястэчку Ла-Верна (падзея адбылася 14 верасня 1224 года).

Адноўлены абраз быў перададзены ў касцёл 19 снежня 2024 года, дзе быў урачыста асвечаны 6 студзеня 2025 года.

Так выглядаў абраз да (злева) і пасля (справа) рэстаўрацыйных прац