Skip to main content

У Пружанах памаліліся за спачылага біскупа Казіміра Велікасельца ў 30-ы дзень пасля смерці

10 сакавіка

10 сакавіка ў Пружанах (Пінская дыяцэзія) біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі сабраліся на супольную малітву ў 30-ы дзень пасля смерці спачылага дапаможнага біскупа Пінскай дыяцэзіі Казіміра Велікасельца OP.

Іерарх назадзіўся ў вёсцы Стараволя на Пружаншчыне, быў ахрышчаны ў касцёле ў Шарашове непадалёк ад Пружанаў і там жа знайшоў сабе месца вечнага спачынку. З 3 студзеня па 23 кастрычніка 2021 года біскуп Велікаселец выконваў абавязкі Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante.

Напачатку сустрэчы святары і кансэкраваныя асобы, якія добра ведалі біскупа Казіміра, падзяліліся пра яго сваімі ўспамінамі. Затым прысутныя ў духу засяроджанасці мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт, дзякуючы Богу за дар біскупа Велікасельца для Касцёла на Беларусі.

Кульмінацыяй стала святая Імша, ахвяраваная за спачылага, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Разам з ім канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, некалькі дзясяткаў святароў з Пінскай і іншых беларускіх дыяцэзій. Разам з імі маліліся законныя браты і сёстры, вернікі і людзі добрай волі — знаёмыя спачылага біскупа.

Прывітаўшы прысутных, галоўны цэлебрант біскуп Дзям’янка выразіў перакананне, кажучы пра біскупа Велікасельца, што «яго жыццё было святым», і заахвоціў усіх да супольнай малітвы.

Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі. Напачатку ён адзначыў, што спачылы іерарх увесь час быў з’яднаны з Богам на малітве, звяртаючыся да Яго «ў радасці і ў горы», таму меў сілу перажыць розныя часы. Пастыр адзначыў, што акрэсленне «чалавек малітвы» гучыць адусюль і быццам бы прыстала да яго асобы.

Прамоўца ўспомніў і доўгія гадзіны штодзённай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, і няспынную малітву Ружанца падчас душпастырскіх выездаў, і некаторыя малітвы больш прыватнага характару, якіх біскуп Велікаселец вучыўся ад людзей, а потым прапаноўваў іншым, напрыклад, Вяночак да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Узгадваючы гісторыю жыцця біскупа Казіміра, пастыр падкрэсліў неад’емную ролю яго мамы ў ягоным малітоўным выхаванні, а затым «школу жыцця» падчас навучання ў ксяндза прэлата Вацлава Пянткоўскага і ў рыжскай семінарыі. Менавіта адсюль, па меркаванні іерарха, паходзілі рашэнні спачылага біскупа Велікасельца, калі ён быў Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі sede vacante, увесці штодзённую вячэрнюю адарацыю ў мінскай катэдры, на якой ён заўсёды прысутнічаў, а таксама яго здольнасць адкласці любую, нават найбольш пільную курыяльную справу, і адправіцца ў вызначаны час на малітву.

«Сапраўды, гэта вялікі, моцны чалавек, які прайшоў багатае жыццё, напоўненае рознымі падзеямі, нялёгкае жыццё, якое было жыццём з Хрыстом»,

— такім было завяршаючае гамілію сведчанне біскупа Касабуцкага.

Напрыканцы Эўхарыстыі сваімі ўспамінамі аб біскупе Велікасельцы падзяліўся архімандрыт Сяргей Гаек. Біскуп Антоні Дзям’янка, падкрэсліваючы, што спачылы пастыр «заўсёды ішоў туды, дзе было цяжка», даверыў яго «нябесным» малітвам бягучыя цяжкія справы мясцовага Касцёла.

Супольны спеў малітваў «Анёл Панскі» і «Вечны адпачынак» за біскупа Казіміра Велікасельца завяршыў малітоўную сустрэчу ў пружанскім касцёле.