Skip to main content

У панядзелак у актаве Пасхі ва ўзросце 88-і гадоў адышоў у вечнасць Папа Францішак

21 красавіка
  • 21 красавіка, 2025
  • Catholicminsk.by

Як падае партал Catholic.by са спасылкай на Vatican News, 21 красавіка раніцай камерленга Святога Рымскага Касцёла кардынал Кевін Фарэл даслаў паведамленне з Дому святой Марты: «У 7.35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца. Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу».

Ніжэй змешчаны поўны тэкст паведамлення кардынала Фарэла, які з сумам абвясціў аб смерці Папы Францішка наступнымі словамі:

«Дарагія браты і сёстры, з глыбокім болем мушу абвясціць пра смерць нашага Святога Айца Францішка. У 7.35 гэтай раніцы Біскуп Рыма, Францішак, вярнуўся ў дом Айца.

Яго жыццё цалкам было прысвечана служэнню Пану і Яго Касцёлу. Ён навучыў нас жыць каштоўнасцямі Евангелля з вернасцю, мужнасцю і ўніверсальнай любоўю, асабліва на карысць найбяднейшых і адкінутых на ўзбочыну грамадства.

З бязмежнай удзячнасцю за яго прыклад сапраўднага вучня Пана Езуса, даручаем душу Папы Францішка бясконцай міласэрнай любові Бога Адзінага і Тройцы».

Таксама стала вядома, што 21 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, узначаліць святую Імшу ў інтэнцыі спачылага Папы Францішка, якая будзе папярэджана малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Пачатак у 15:00.

У галоўным касцёле Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выстаўлены фотаздымак Папы Францішка. Вернікі маюць магчымасць прыносіць кветкі і маліцца аб жыцці вечным для спачылага Пантыфіка на працягу ўсяго дня кожны дзень аж да моманту пахавання Папы. 

Арцыпастыр запрашае ўсіх жадаючых далучыцца да супольнай малітвы за Папу Францішка.