Skip to main content

У Новалукомлі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу святога Францішка Асізскага і абраз святога Карло Акуціса, створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту

11 кастрычніка
  • 12 кастрычніка, 2026
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, Віктар Ведзень / Фота: Леанід Юрык, Віктар Ведзень // Сatholicminsk.by

У нядзелю 11 кастрычніка парафія святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі (Віцебкая дыяцэзія, Лепельскі дэканат) вітала ў сябе дастойнага госця — арцыбіскупа эмэрыта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, які па стане здароўя раней не змог прыбыць на парафіяльнае свята ў гонар святой Марыі Магдалены, каб раздзяліць з парафіянамі радасць святкавання.

Сустрэчы з арцыпастырам папярэднічала малітоўная падрыхтоўка. Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам сабраныя парафіяне і госці памаліліся Ружанец у інтэнцыях парафіі і Касцёла. Пасля благаслаўлення вернікі гэтай нешматлікай парафіі на ўсходзе Беларусі сабраліся перад уваходам у касцёл, каб традыцыйна хлебам-соллю прывітаць іерарха. Ён меў на галаве саламяны капялюш — падарунак ад новалукомскай парафіі з нагоды ўрачыстасці святой Марыі Магдалены. Дзеці ў вершаванай форме прывіталі дарагога госця, а ён, пытаючыся пра іх поспехі ў вучобе, падарыў ім памятныя абразкі.

Затым пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі звярнуўся да арцыпастыра з просьбай аб асвячэнні невялікай капліцы на тэрыторыі касцёла, прысвечанай святому Францішку Асізскаму, якую ўзнёс сваімі рукамі бацька святара Пётр Ліпскі, а фрэска з выявай святога належыць пэндзлю таленавітага мастака Аляксандра Саўчанкі з Лепеля. Такім чынам, у 800-годдзе «транзітуса» (адыходу ў вечнасць) гэтага святога парафія атрымала памятнае месца, якое нагадвае аб яго прысутнасці і заступніцтве. Затым іерарх вялікім па памерах секатарам перарэзаў сімвалічную галінку (замест стужкі), афіцыйна адкрываючы парафіяльны сад імя святога Францішка — апекуна прыроды і ўсяго Божага стварэння, які «вернікі з вялікай любоўю стваралі некалькі год». Гэта, па словах кіраўніка парафіі, яшчэ адна «прастора малітвы, хвалы Творцы і хрысціянскага супакою», якую займела парафія.

У сваім прывітальным слове ксёндз Ліпскі заўважыў, што святыя Францішак і Карло Акуціс, хоць належаць да розных пакаленняў, з’яўляюцца «сапраўднымі братамі па духу». «Святы Францішак у Сярэднявеччы пакінуў усё зямное багацце, каб адкрыць прыгажосць Бога ў кожнай кветачцы, дрэве і стварэнні. А малады хлопец, наш сучаснік святы Карло Акуціс — апякун інтэрнэту і моладзі — выкарыстаў сучасныя камп’ютары і лічбавы свет, каб паказаць усяму чалавецтву, што Найсвяцейшая Эўхарыстыя — гэта нашая адзіная “аўтастрада на неба”.

Францішак шукаў Бога ў садзе прыроды, а Карло — у садзе Эўхарыстыі. І яны абодва заклікаюць нашу моладзь і дарослых імкнуцца да святасці ў нашым жыцці»,

— падкрэсліў пробашч.

Ён таксама прывітаў прысутных святароў: ксяндза Паўла Эйсманта, дырэктара партала catholic.by, галоўнага рэдактара catholicminsk.by і сакратара арцыбіскупа Кандрусевіча, ксяндза Уладзіміра Заянчкоўскага, пробашча парафіі ў Лепелі і дэкана Лепельскага. Разам з імі пробашч прывітаў моладзевы музычны калектыў з Глыбокага, які ўпрыгожыў літургію спевам і ігрой на музычных інструментах, прадстаўнікоў Carlo Club, «Радыё Марыя Беларусь», партала Віцебскай дыяцэзіі catholicnews.by, Youtube-канала «Голас душы», які вёў прамую трансляцыю падзеі, а таксама паэта Марыю Ючкавіч і кампазітара Ганну Шакола, якія стварылі новы спеў да святога Карло Акуціса.

Асаблівым чынам пробашч прывітаў стваральнікаў «новага, унікальнага абраза святога Карло Акуціса, першага ў Беларусі»: промт-інжынера Дзмітрыя Кульпановіча і суаўтараў — дызайнера Андрэя Кабанава і фатографа Віктара Ведзеня, якія ў працэсе стварэння выявы скарысталіся дапамогай штучнага інтэлекту і іншых сучасных тэхналогій.

У прамоўленай гаміліі арцыпастыр, разважаючы над фрагментам Евангелля, прызначаным на XXVIII Звычайную нядзелю, у якім кароль запрашае гасцей на вяселле свайго сына, звярнуў увагу на чалавека, які прыйшоў на вяселле ў неадпаведнай вопратцы. Ён папярэдзіў слухачоў, што трэба быць заўсёды гатовымі ўвайсці ў Божае Валадарства, дбаючы пра стан асвячальнай ласкі, інакш нас, як гэтага чалавека, могуць выкінуць вонкі, дзе «будзе плач і скрыгатанне зубоў» (Мц 22, 13).

Арцыбіскуп, пераходзячы да постаці святога Карло Акуціса, кананізаванага ў 2025 годзе, якога называюць «святым у джынсах і спартовых адзідасах», блізкага і зразумелага людзям нашага часу, асабліва моладзі, зазначыў:

«Хоць святы Карло пражыў усяго пятнаццаць гадоў, ён паказвае нам, што святасць — гэта не штосьці далёкае і немагчымае, не перажытак мінулага, а шлях, даступны кожнаму, хто адкрывае сваё сэрца на Божую любоў».

Святы Ян Павел ІІ падчас Cусветных дзён моладзі ў 2000 годзе ў Рыме звярнуўся да маладых людзей з заклікам: «Не бойцеся быць святымі ХХІ стагоддзя». Менавіта такім святым з’яўляецца Карло Акуціс.

Арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў яго біяграфію. Святы Карла нарадзіўся ў 1991 годзе ў Англіі, але вырас у Італіі ў Мілане і вёў жыццё звычайнага падлетка. Вучыўся ў школе, захапляўся інтэрнэтам, меў сяброў і г. д. «Аднак пры гэтым ён адзначаўся глыбокай сувяззю з Богам, да якога звяртаўся ў кожны момант свайго жыцця», — падкрэсліў прамоўца.

Духоўнасць святога Карло, паводле слоў арцыпастыра, трымалася на двух «слупах»: Эўхарыстыі і набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі. Эўхарыстыю ён называў «аўтастрадай на неба». Гэтыя словы сталі яго жыццёвым дэвізам. Штодня ён ўдзельнічаў у святой Імшы, а ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту шукаў сілу для штодзённага жыцця і любові да бліжніх.

Будучы «інтэрнэт-вундэркіндам», ці, як яго яшчэ называлі, «Божым інфлюэнсерам» або «кібер-апосталам», святы Карло Акуціс стварыў інтэрнэт-старонку, прысвечаную эўхарыстычным цудам, каб данесці да людзей праўду пра Эўхарыстычнага Хрыста. Гэтым самым ён паказаў, што сучасныя тэхналогіі могуць выкарыстоўвацца для евангелізацыі і дабра людзей, а не толькі для спажывецтва ці марнавання часу.

Нягледзячы на невылечную хваробу — лейкемію, — ён заставаўся спакойным і радасным аж да сваёй смерці ў 2005 годзе. У 2025 годзе Папа Леў XIV аб’явіў Карло Акуціса святым.

Прыклад святога Карло, заўважыў галоўны цэлебрант, вучыць нас, што можна быць сучасным чалавекам, карыстацца інтэрнэтам, мець хобі і пры гэтым быць веруючым і нават святым. Яго жыццё — гэта сведчанне таго, што Эўхарыстыя, культ Марыі і малітва сапраўды могуць змяніць жыццё чалавека, зрабіць яго крыніцай радасці і любові для іншых.

Цікавымі і павучальнымі з’яўляюцца яго выслоўі. Іерарх прывёў некаторыя з іх:

  • «Як перад ​​сонцам мы загараем, так перад Эўхарыстыяй становімся святымі».
  • «Смутак — гэта погляд на сябе, а шчасце — погляд на Бога».
  • «Навяртанне — гэта змена позірку знізу ўверх, ад зямных спраў да нябесных».
  • Ён таксама казаў, што «ўсе людзі нараджаюцца арыгіналамі, але многія паміраюць фотакопіямі» і заклікаў моладзь прымаць Божую ласку, а не гнацца за свецкімі тэндэнцыямі.

«Святы апостал Павел жыццё чалавека параўноўвае да забегу на стадыёне з мэтай атрымаць узнагароду — медаль. Карло не быў спартоўцам, але пражыў сваё кароткае жыццё са спартыўным запалам. Кожны спартовец марыць стаць чэмпіёнам і падняць над галавой трафей, пабіць рэкорд, выйграць вялікі матч і г. д. У Карло таксама былі амбіцыі — вечнае шчасце. Яго смела можна назваць Божым атлетам», — лічыць арцыбіскуп.

«Святы Карло заклікае нас з энтузіязмам імкнуцца да дасканаласці і накіроўваць свае амбіцыі на духоўныя справы,

— сказаў арцыпастыр. — Гэтак жа, як бягун кіруе свой позірк на фінішную лінію, так і Карло кіраваў свой позірк на неба».

Іерарх, аднак, папярэдзіў слухачоў, што гэта можа быць няпростай справай, бо ў жыцці, як і ў спорце, можа быць шмат расчараванняў — нехта выйграе, а нехта прайграе. Але сапраўдныя чэмпіёны — не тыя, хто ніколі не прайграе, але тыя, хто пасля кожнага пройгрышу з новай моцай працягваюць працэс самадасканалення. «Таму трэба памятаць, што калі святыя маюць мінулае, то грэшнікі — будучыню, як, напрыклад, апякунка парафіі ў Новалукомлі — святая Магдалена», — нагадаў ён.

Абраз святога Карло Акуціса ў новалукомскай святыні ўсталяваны так, што праз яго адкрываецца доступ да абраза святой Марыі Магдалены, што, на думку арцыпастыра, вельмі сімвалічна. «Сёння ў свет мы ўваходзім праз інтэрнэт. Чаго мы там шукаем? Святасці? Далёка не заўсёды.

Абраз святога Карло павінен дапамагчы нам праз інтэрнэт знайсці Божую праўду, якая вядзе да святасці»,

— падсумаваў ён.

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў наступнай просьбай: «Святы Карло Акуціс, дапамажы нам адкрыць прыгажосць жыцця з Богам і быць адважнымі сведкамі Яго любові ў нашым свеце. Выпрасі ў Бога ласку імкнуцца да святасці ў сучасным свеце, які яе адрынае. Натхні нас быць сведкамі Хрыста, каб несці радасць Евангелля ўсім, каго мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху».

Затым іерарх прачытаў адмысловую малітву і асвяціў абраз святога Карло Акуціса. Падчас абраду прысутныя выканалі новы спеў у гонар заступніка інтэрнэту і сучасных тэхналогій.

Выява святога Карло Акуціса, якая будзе зачыняць і адчыняць абраз галоўнай заступніцы святыні — святой Марыі Магдалены, — была стылізавана пад мастацкі жывапіс і складае палатно 140х290 см. На ёй мы бачым ноўтбук у руцэ як адзін з галоўных сучасных атрыбутаў Карло Акуціса, які сімвалізуе яго місію па распаўсюджванні веры і лічбавай евангелізацыі праз інтэрнэт. Залатое ззяючае сонца на яго грудзях адсылае да яго галоўнага прыжыццёвага пераканання: «Эўхарыстыя — гэта мая аўтастрада на неба». Ружанец, які святы трымае ў правай руцэ, выражае яго глыбокую адданасць Найсвяцейшай Панне Марыі і штодзённую малітву праз Яе заступніцтва. Святы Карло Акуціс асабліва шанаваў Маці Божую і рэгулярна здзяйсняў пілігрымкі да яе святыняў. Ззаду ад постаці святога Карло сыходзіць уверх, залітая залатым святлом, вінтавая лесвіца, якая пераходзіць у «аўтамагістраль», што сімвалізуе шлях душы да збаўлення.

У малітве вернікаў прадстаўнік парафіі ў Новалукомлі ўзгадаў у малітве пра арцыбіскупа, святароў, прысутных вернікаў, дырэкцыю і супрацоўнікаў каталіцкіх СМІ, членаў суполкі Carlo Club, стваральнікаў абраза святога Карла Акуціса і песні ў яго гонар, а таксама капліцы Францішка і саду, названага яго іменем, выпрошваючы для кожнага патрэбныя ласкі і Божае благаслаўленне.

Напрыканцы Эўхарыстыі парафіяне скіравалі словы падзякі арцыпастыру за яго прысутнасць і асвячэнне капліцы святога Францішка Асізскага і абраза святога Карло Акуціса, а таксама пробашчу ксяндзу Мікалаю Ліпскаму за ідэю стварэння і рэалізацыю такога праекта. Пасля гэтага прамовіла паэт Марыя Ючкавіч і кампазітар Ганна Шакола — стваральніцы спеву пра святога Карло Акуціса. Яны павіншавалі супольнасць са святам і ў якасці падарунку пераказалі арцыбіскупу і пробашчу свае творы ў друкаваных выданнях.

Ксёндз Мікалай Ліпскі падзякаваў арцыбіскупу Кандрусевічу за яго «сведчанне як Волата веры і за жывое пастырскае слова, якое запаліла ў нашых сэрцах прагненне святасці», стваральнікам капліцы і саду святога Францішка і абраза святога Карло Акуціса за «Божую прыгажосць, якая захапляе і няспынна прыцягвае ўсіх людзей да сябе» і «выяўляецца сёння праз нашу святыню», аўтарам тэксту і музыкі спеву, моладзеваму музычнаму гурту за спеў падчас літургіі і ўсім іншым за прысутнасць на ўрачыстасці і супольную малітву. Ён адзначыў:

«Для нас вялікая духоўная радасць усведамляць, што менавіта нашая новалукомская парафія з’яўляецца першай у Беларусі, якая пачынае афіцыйна пашыраць літургічны культ гэтага маладога святога ў нашай краіне».

Святар таксама ўзгадаў пра іншыя духоўныя дары, якія атрымала ад Бога новалукомская парафія, «у Беларусі адзіная, якая мае тытул святой Марыі Магдалены». Гэта асвячэнне абраза Езуса Міласэрнага і атрыманне рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай, апосталкі Божай міласэрнасці, а таксама асвячэнне абраза галоўнай заступніцы парафіі. Да шэрагу святых, якіх ушаноўваюць у парафіі, дадаліся святы Францішак і святы Карло Акуціс. Пробашч пажадаў кожнаму ўдзельніку ўрачыстасці шчодрых духоўных пладоў.

Пасля зробленых сумесных фотаздымкаў з арцыпастырам святкаванне працягнулася ў форме «агапы» (супольнага абеду), якая чымсьці нагадвала евангельскае каралеўскае вяселле.