Skip to main content

Cтвораны спеў у гонар новага святога Карло Акуціса

7 верасня
  • 5 верасня, 2025
  • Catholicminsk.by

У нядзелю 7 верасня Папа Леў XIV абвесціць святымі благаслаўлёных П’ера Джорджо Фрасаці і Карло Акуціса. Апошні з іх вядомы ў свеце як «апостал Эўхарыстыі» і «кібер-апостал інтэрнэту». З гэтай нагоды Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB кіруе да святароў, манаскіх асоб і вернікаў адмысловае Паведамленне.

Тэкст Паведамлення для друку ТУТ>>>

4 верасня 2025 г.

ПАВЕДАМЛЕННЕ

7 верасня 2025 года ў Рыме папа Леў XIV здзейсніць кананізацыю благаслаўлёнага Карло Акуціса, у сувязі з гэтым Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі паведамляе, што ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі па ініцыятыве кс. Мікалая Ліпскага, пробашча парафіі св. Марыі Магдалены ў Новалукомлі (Віцебская дыяцэзія), створаны спеў у гонар новага святога.

Асаблівая падзяка выказваецца Марыі Ючкавіч за словы і Ганне Шакола за музыку гэтага спеву, якія сваім талентам і адданасцю дапамаглі стварыць годны гімн у гонар благаслаўлёнага Карло Акуціса.

Камісія Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў апрабуе выкарыстанне дадзенага спеву падчас літургічных цэлебрацый у гонар будучага святога.

Бл. Карло Акуціс нарадзіўся 3 мая 1991 года ў Лондане і вырас у Мілане. Ён памёр 12 кастрычніка 2006 года ва ўзросце 15 гадоў ад складанай формы лейкеміі. 10 кастрычніка 2020 года ў Асізі адбылася беатыфікацыя Карло Акуціса — апостала Эўхарыстыі і нябеснага апекуна евангелізацыі ў інтэрнэце.

Бл. Карло вылучаўся тэхнічным талентам — яшчэ падлеткам ён распрацоўваў вэб-сайты для касцёльных устаноў, — а таксама сваёй гатоўнасцю дапамагаць і моцнай верай. Тое, што адрознівала Карло ад іншых аднагодкаў, — гэта яго глыбокая сувязь з Хрыстом і адданае служэнне евангелізацыі.

✠ Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Ноты для спеву «Святы Карло Акуціс» можна спампаваць ТУТ>>>

Аўдыёверсію MP3 спеву ў выкананні гурта «Братка Беларус» можна спампаваць ТУТ>>>

Фота: msn.com.