У Навагрудку святарскія рэкалекцыі правёў іспанскі святар, які служыць у Расіі
- 3 кастрычніка, 2025
- Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

З 29 верасня па 1 кастрычніка ў касцёле парафіі святога Арханёла Міхала ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) прайшлі рэкалекцыі для духавенства, якія правёў айцец Хасэ Марыя Вегас Молья з Кангрэгацыі місіянераў кларэтынаў. У духоўных практыкаваннях прынялі ўдзел таксама святары, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Айцец Хасэ нарадзіўся ў Іспаніі, да кангрэгацыі кларэтынаў належыць 52 гады. Апошнія 29 гадоў служыць у Расіі. Доктар філасофіі, настаўнік маральнай тэалогіі і філасофіі, шмат гадоў працаваў у семінарыі і быў яе прэфектам, аўтар шматлікіх навуковых прац па тэалогіі, філасофіі, хрысціянскай этыцы. Мае вялікі вопыт служэння ў розных парафіях у Санкт-Пецярбургу, у якім працуе 27 гадоў, а таксама ў парафіі ў Мурманску.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, асновай тэм рэкалекцый, якія правёў айцец Хасэ, быў евангельскі ўрывак Лк 24, 13-35. Разважаючы пра сустрэчу ўваскрослага Езуса Хрыста з вучнямі на шляху з Ерузалема ў Эмаус, якая апісваецца там, святар адзначыў, што ў гэтай падзеі паказана жыццё сённяшніх людзей і тое, што, нягледзячы на ўваскрасенне Збаўцы, які стварае новую гісторыю чалавецтва, нават Яго блізкія вучні могуць быць у смутку і расчараванні. Прычынамі святар назваў памылковае ўяўленне пра Бога, памылковыя чаканні, якія не спраўдзіліся і не апраўдалі жадання вучняў Езуса, няведанне і неразуменне Яго Слова. Таму, дадаў рэкалекцыяніст, Хрыстус паўторна тлумачыць Божае слова праз прарокаў і Касцёл.

Рэкалекцыяніст звярнуў увагу на тое, што было важным у абнаўленні вучняў у Святым Пісанні і што важнае наогул у падрыхтоўцы да місіянерскай дзейнасці. Такім чынам, па словах святара, важна гаварыць з Богам і слухаць Яго, а таксама гаварыць і слухаць у супольнасці Касцёла, ахвотна і з верай прыступаць да сакрамэнтаў, перш за ўсё да пакаяння і Эўхарыстыі. Менавіта так, на думку айца Хасэ, можна ўсталяваць жывыя адносіны з Богам, спазнаць Яго і прыняць даручанае Ім служэнне.
Адной са складанасцяў служэння Богу святар назваў прыняцце крыжа – пакут, цяжкасцяў, перашкод і іншых жыццёвых нягодаў. Рэкалекцыяніст дадаў, што, тым не менш, Хрыстус сваёй любоўю і дзеяннем Духа Святога натхняе яго вучняў працягваць шлях разам з Ім.