Skip to main content

Парафіяльная ўрачыстасць з удзелам біскупа Буткевіча прайшла ў Багданаве

27 верасня
  • 1 кастрычніка, 2025
  • Тэкст: Ганна Гелагаева / Фота: Таццяна Хаванская // Catholicminsk.by

У суботу 27 верасня парафія ў Багданаве (Валожынскі дэканат) адзначыла адпустовую ўрачыстасць.

Да супольнасці парафіі, названай у гонар святога Міхала Арханёла, па запрашэнні мясцовага пробашча ксяндза каноніка Андрэя Яркаўца прыбыў біскуп Алег Буткевіч, а таксама шматлікія святары і госці.

Віцебскі ардынарый быў упершыню ў парафіі. Ён пазнаёміўся з гісторыяй касцёла, якая распачынаецца ў XVI стагоддзі. Выгляд самой святыні быў увекавечаны на вядомым палатне Фердынанда Рушчыца «Ля касцёла». Дарэчы, Багданава — радзіма гэтага славутага мастака, якую, як і святыню, ён цепла ўзгадваў у сваіх нататках.

Сам багданаўскі касцёл не раз быў знішчаны, але паўставаў на тым самым месцы, нягледзячы на перашкоды і абставіны, а праца над яго аздабленнем рупліва вядзецца душпастырамі, што служылі альбо служаць тут па сённяшні дзень.

На пачатку святой Імшы ксёндз пробашч, парафіяне ў нацыянальных касцюмах і дзеці сардэчна віталі шаноўнага біскупа, адзначаючы, што фэст з’яўляецца вялікай падзеяй для парафіі. Уся супольнасць разам са сваім душпастырам актыўна рыхтаваліся да гэтага дня. Касцёл ледзьве змяшчаў ўсіх прысутных, прыгожа спяваў парафіяльны хор, а сама святыня патанала ў кветках.

Гамілію прамовіў біскуп Алег Буткевіч. Ён прыгадаў значэнне імені святога Міхала Арханёла — хто ж як Бог. Іерарх адзначыў, што сучаснае грамадства пакутуе ад многіх праблемаў, сярод якіх алкагалізм, аборты і высокі працэнт самагубстваў.

Чалавек, які створаны для шчасця і мае свабодную волю, шукае часам гэтае шчасце не там, дзе трэба. Барацьба за душу чалавека вядзецца няспынна.

Пастыр нагадаў, што, каб перамагчы ў гэтай барацьбе, варта асабліва тут, на багданаўскай зямлі, звяртацца з малітвай да свайго заступніка — святога Міхала Арханёла.

Напрыканцы Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія, пасля якой усе прысутныя гімнам  «Цябе, Бога, праслаўляем» узносілі хвалу Пану.

Намаганнямі пробашча парафіі ксяндза Андрэя Яркаўца перад святам быў усталяваны помнік ненарожанаму дзіцяці.

Прыгожая малітва на помніку з’яўляецца магчымасцю ўзгадаць дзяцей, якія загінулі ў выніку абортаў, і памаліцца за тых, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай.

Пасля Імшы помнік быў урачыста асвечаны шаноўным іерархам. 

Развітваючыся з біскупам Буткевічам, пробашч парафіі і вернікі дзякавалі яму за прысутнасць і запрашалі бываць тут часцей.