Skip to main content

У Нацыянальным санктуарыі і парафіях Беларусі пройдзе Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!» (+ТЭКСТЫ)

З 4 кастрычніка 2025 года па 6 чэрвеня 2026 года; 4 ліпеня 2026 года
  • 1 кастрычніка, 2025
  • Catholicminsk.by

З нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі года ў Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе (а таксама ў парафіях) з 4 кастрычніка 2025 года да 6 чэрвеня 2026 будзе праводзіцца Агульнабеларуская навэнна «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!».

З распараджэння арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

па ініцыятыве Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 4 кастрычніка 2025 года да 6 чэрвеня 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе будзе праводзіцца Агульнабеларуская навэнна — малітоўная падрыхтоўка да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Асноўным днём, прызначаным для супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі і набажэнства, прысвечанага Найдаражэйшай Крыві Хрыста, будзе кожная першая субота месяца на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі  да ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе, якая адбудзецца 4 ліпеня 2026 года.

З нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі выдаў адмысловае Распараджэнне, у якім, між іншым, гаворыцца:

«Дарагія браты і сёстры! Шчыра запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтай малітоўна-духоўнай падзеі.

Праз набажэнства да Найдаражэйшай Крыві будзем дзякаваць Богу за Яго літасць да свету і да нашай Айчыны, да ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, дзякаваць за плён аднаўлення структураў Касцёла ў Беларусі, а таксама будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека, лёс нашай краіны.

Заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў далучыцца да Агульнабеларускай навэнны, якая паспрыяе не толькі паглыбленню веры, распаўсюджанню адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, іншых традыцыйных набажэнстваў (Святой гадзіны, набажэнстваў у першы чацвер месяца, набажэнстваў уміласціўлення Найсвяцейшага Сэрца Езуса і перапрашэння за знявагі Беззаганнага Сэрца Марыі), але і дапаможа ўсвядоміць тую вялікую ласку, якою з’яўляецца Эўхарыстыя і святая Камунія — Цела і Кроў Хрыста — нашая моц і гарантыя нашай шчаслівай вечнасці. <…>

Вельмі важна, каб Навэнна праводзілася не толькі ў Будслаўскім санктуарыі, але таксама ў кожнай парафіі, каб разважанні пра Эўхарыстыю, Ружанцовыя разважанні паспрыялі нашаму аднаўленню ў Хрысце, а значыць усіх нашых супольнасцяў».

4 ліпеня 2026 года ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай падчас урачыстасці будзе здзейснена прысвячэнне Мінска-Магілёўскай мітраполіі, усяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста.

Гэтае прысвячэнне стане ўдзячнасцю за 35 гадоў аднаўлення партыкулярнага Касцёла на Беларусі, перапрашэннем і прысвячэннем Пану Богу будучыні Касцёла і свету.

«Пастараемся ж, шчыра ўдзельнічаючы ў набажэнствах да Найдаражэйшай Крыві Езуса Хрыста, вымаліць, каб “Кроў Хрыста пранікала ў кожнага чалавека і ў яго справы, прыносячы ўсім нам, паводле волі Божай, вызваленне, ачышчэнне, аздараўленне і асвячэнне.

Няхай заяснее хвала Тваёй Крыві, Пане наш і Збаўца, і аб’явіцца яе моц. Прымаем усё, што Ты, Пане, нам сёння спашлеш, дзеля хвалы Тваёй Крыві, дзеля карысці святога Касцёла і як уміласціўленне за нашы грахі, складаючы ўсё гэта ў келіху Тваёй Крыві праз заступніцтва Марыі”»,

— заклікае ўсіх вернікаў Беларусі арцыпастыр.

Тэксты набажэнстваў на паасобныя першыя суботы, падрыхтаваныя выдавецтвам «Про Хрысто», будуць змяшчацца ў часопісе «Ave Maria», а таксама на інтэрнэт-старонках: сatholic.bycatholicminsk.byave-maria.by.

Дапаможныя матэрыялы для правядзення Навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!» зацверджаны:

Imprimatur
+ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, № 220/к/25 ад 19 верасня 2025 г.

Тэксты для друку

  • Набажэнства на 4 кастрычніка 2025 г. у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Парадак Навэнны і План наведвання Нацыянальнага санктуарыя Марыі ў Будславе і правядзення набажэнстваў у парафіях у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі ў рамках Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.
  • Разважанні на кожны дзень Навэнны у фармаце .DOC>>> і .PDF>>>.