У Нацыянальнай бібліятэцы адбылася Калядная канферэнцыя, арганізаваная прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла
- 10 студзеня, 2025
- Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by
9 студзеня ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску адбылася Калядная канферэнцыя, якая насіла назву “У імя міру і дабрабыту”. Арганізатарам канферэнцыі выступіла Мінска-Магілёўская архідыяцэзія Рымска-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.
У круглай канферэнц-зале бібліятэкі сабраліся прадстаўнікі Рымска-Каталіцкага Касцёла: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі; біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі; біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральный вікарый архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскі рэгіён; біскуп Андрэй Зноска, Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі; монсіньёр Кшыштаф Сэрока, Часовы павераны ў справах Апостальскай Сталіцы ў Рэспубліцы Беларусь; дыяцэзіяльныя і манаскія святары, якія служаць у архідыяцэзіі. Таксама прысутнічалі: архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі; прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, Евангеліцка-Лютэранскай Царквы, прагрэсіўнага юдаізму і ісламу; Упаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, дакладчыкі, мецэнаты і іх прадстаўнікі.
Перад распачаццем канферэнцыі адбыўся выхад да прэсы Упаўнаважанага Аляксандра Румака, які пацвердзіў факт супрацы дзяржавы з Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, і Мітрапаліта Станеўскага, які, адказваючы на пытанні журналістаў, растлумачыў сутнасць назвы канферэнцыі, узгадваючы энцыкліку папы Францішка “Fratelli tutti” з 2020 года, у якой Святы Айцец прыпамінае людзям, што ўсе яны – браты і сёстры. Адчуванне гэтага асабліва прыходзіць на святы Божага Нараджэння, якія здаўна лічацца “сямейнымі святамі” і яднаюць людзей за адным сталом. Іерарх выказаў пажаданне, каб канферэнцыя, якая праводзіцца ў калядны перыяд і збірае ўдзельнікаў за круглым сталом, прайшла пад знакам міру і дабрабыту, якіх кожны патрыёт жадае сваёй роднай краіне.
Затым спевам хору “Verum Cantus” з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Мінску распачалася ўрачыстая частка канферэнцыі. Хор упрыгожыў мерапрыемства сваім спевам яшчэ некалькі разоў.
Вядучым Каляднай канферэнцыі быў ксёндз канонік Юрый Санько, Прэс-сакратар курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Першым ўзяў слова арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх падкрэсліў, што свята Божага Нараджэння, з нагоды якога была арганізавана канферэнцыя, – “гэта не проста гістарычная падзея, гэта запрашэнне да новага жыцця, новай надзеі і новага пачатку”. Пастыр Касцёла запрасіў прысутных паразважаць над каштоўнасцямі “міру і дабрабыту”, адзначаючы, што “мір, які мы шукаем, распачынаецца ад кожнага з нас”, а “мірнае неба над нашай Краінай – наша агульная адказнасць і наш клопат”. Мітрапаліт успомніў таксама пра дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, намаганнямі якіх будуюцца і аднаўляюцца святыні, што з’яўляецца выразным знакам бескарыслівага служэння бліжнім.
У сваім ўступным слове Упаўнаважаны Аляксандр Румак, прыгадаўшы сумныя падзеі з мінулага, якія раздзялялі нашых продкаў, адзначыў: “Я ўпэўнены, што не належыць шукаць у далёкім мінулым тое, што можа нас раз’ядноўваць. Лепей ганарыцца тым, што нас яднае”. Адзначаючы ўклад Каталіцкага Касцёла ў фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа, ён заўважыў: “Голас біскупа і простага святара можа мець значны ўплыў на грамадскую думку, спрыяць стварэнню справядлівага і мірнага грамадства”.
Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, прадстаўнік Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, падчас прамовы працытаваў кіраўніка Праваслаўнай Царквы ў Беларусі: “Сэнсам жыцця хрысціяніна з’яўляецца пропаведзь жыцця і маральных каштоўнасцяў” і пажадаў, каб гэтыя словы здзейсніліся ў жыцці прысутных у канферэнц-зале вызнаўцаў Хрыста.
Архімандрыт Сяргей Гаек, узгадваючы гістарычныя падзеі, звязаныя з дзейнасцю хрысціянскіх канфесій на беларускіх землях, запэўніў: “Грэка-католікі вельмі цэняць каштоўнасці міру і дабрабыту”. Таму тэматыка канферэнцыі адпавядае мэтам і задачам, якія ставіць перад сабою Грэка-Каталіцкая Царква ў сваёй дзейнасці.
Муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч у сваім слове заклікаў прысутных на канферэнцыі быць “мірнымі воінамі”, гэта значыць, быць адказнымі за лёс Беларусі ў міры і дабрабыце.
Галоўны раввін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізма Грыгорый Абрамовіч паспрабаваў знайсці агульны элемент у хрысціянстве і юдаізме. Паводле яго, гэта святло і цуд – сімвалы яўрэйскага свята Ханука, якое святкуецца блізка па часе да хрысціянскага Божага Нараджэння. Раввін падкрэсліў, што вера ў святло і чаканне цуду з’яўляецца тым, што яднае людзей розных поглядаў і веравызнанняў.
Пастар Евангеліцка-Лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў, які прыбыў на канферэнцыю з Гродна, выказаў упэўненасць, што ў Беларусі ёсць міжканфесійны мір і дабрабыт, аргументаваўшы гэта практычным досведам на вуліцах свайго горада.
Пасля ўступных словаў удзельнікаў першы даклад на тэму “Аб ролі Каталіцкага Касцёла ва ўмацаванні міру і дабрабыту” прачытаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У ім іерарх нагадаў сацыяльнае вучэнне Касцёла аб міры, раскрываючы змест дакументаў Касцёла: папскіх энцыклік “Pacem in terris” Яна XXIII, “Populorum progressio” Паўла VI, “Sollicitudo rei socialis” Яна Паўла ІІ, “Deus caritas est” Бэнэдыкта XVI і “Fratelli tutti” Францішка.
Каталіцкі Касцёл у Беларусі, паводле слоў дакладчыка, “рэалізуе на практыцы прынцыпы братэрства, дыялогу і справядлівасці на мясцовым узроўні” па наступных кірунках: па-першае, Касцёл актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных ініцыятывах, асабліва праз арганізацыю “Caritas”, падтрымліваючы маламаёмасныя сем’і, пажылых людзей, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Па-другое, Касцёл прыкладае намаганні ў справе захавання традыцыйнай сям’і і традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Па-трэцяе, праз сваю адукацыйную і выхаваўчую працу Касцёл фарміруе ў моладзі каштоўнасці салідарнасці, павагі і адказнасці. Па-чацвёртае, Касцёл актыўна падтрымлівае дыялог з канфесіямі і грамадствам у цэлым. Па-пятае, Касцёл актыўна ўдзельнічае ў захаванні культурнай і гістарычнай спадчыны, што садзейнічае захаванню ідэнтычнасці беларускага народа. Па-шостае, Касцёл удзельнічае ў сацыяльным дыялогу, абмяркоўваючы і спрабуючы вырашыць пытанні барацьбы з беднасцю, падтрымкі ўразлівых груп насельніцтва, умацавання інстытуту сям’і, дэмаграфічнай праблемы і маральнай фармацыі людзей, асабліва моладзі. Па-сёмае, Касцёл праз літургічныя і духоўныя традыцыі прапануе прастору для ўнутранага міру і прымірэння ў сем’ях і ў грамадстве. Касцёл садзейнічае не толькі духоўнай аднове вернікаў, але духоўнай трансфармацыі грамадства. Нарэшце, ключом поспеху для доўгатэрміновых ініцыятываў з’яўляецца супрацоўніцтва Каталіцкага Касцёла з дзяржаўнымі ўстановамі. “Касцёл бачыць у дзяржаўным партнёрстве не толькі практычную карысць, але магчымасць ажыццяўлення агульных каштоўнасцяў справядлівасці, салідарнасці і адказнасці праз канкрэтныя дзеянні”.
Біскуп Яшэўскі закончыў свой даклад пажаданнем, каб “намаганні ўсёй супольнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі спрыялі актыўнаму стварэнню справядлівай і мірнай будучыні, дзе кожны чалавек будзе адчуваць сябе часткай адзінай чалавечай сям’і”.
“Дзяржаўна-канфесійныя адносіны ў Беларусі: стан і перспектывы развіцця” ў чарговым дакладзе спрабаваў ацаніць Алег Віктаравіч Д’ячэнка, Намеснік Старшыні Пастаяннай Камісіі па міжнародных справах.
Завяршыла серыю дакладаў тэматыка “Сацыяльнай адказнасці нацыянальнага прадпрымальніцтва – уклад у духоўнае развіццё беларускага грамадства” аўтарства Юрыя Міхайлавіча Каштанава, галоўнага юрысконсульта.
Напрыканцы канферэнцыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзнагародзіў юбілейнымі медалямі папы Францішка і пачэснымі граматамі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі святароў, якія спрычыніліся да пабудовы і аднаўлення касцёлаў і капліц, а таксама ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, дзякуючы фінансавай дапамозе якіх гэта стала магчымым.
Узнагароду з рук арцыбіскупа Станеўскага “за асабісты вялікі ўклад у аднаўленне і будаўніцтва каталіцкіх святыняў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі” атрымалі:
– ксёндз канонік Ігар Лашук,
– ксёндз канонік доктар Ян Крэміс,
– ксёндз канонік Франц Рудзь,
– брат Алег Шэнда OFMCap,
– ксёндз Андрэй Фёдараў,
– Аляксандр Генрыхавіч Турчын,
– Андрэй Аляксандравіч Нікіцін,
– Сяргей Уладзіміравіч Чамко,
– Аляксандр Мікалаевіч Зайцаў – праз свайго прадстаўніка,
– доктар Зіта Бенчык, Пасол Венгрыі ў Беларусі.
Пасля ўрачыстай часткі ўдзельнікаў чакаў святочны фуршэт.