Skip to main content

У Мінску з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адбыўся Дзень пажылых людзей

26 ліпеня
  • 28 ліпеня, 2025
  • Фота: Крысціна Ефімовіч, кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by

У суботу 26 ліпеня, ва ўспамін святых Яўхіма і Ганны, бацькоў Найсвяцейшай Панны Марыі і дзядуляў Езуса, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося святкавання V Сусветнага дня бабуляў, дзядуляў і пажылых людзей, які сёлета праводзіцца пад дэвізам: «Шчаслівы той, хто не страціў надзеі».

Гэты дзень быў устаноўлены Папам Францішкам у 2021 годзе для падкрэслення важнай ролі пажылых людзей і людзей сталага ўзросту для Касцёла і чалавецтва як пераказальнікаў каштоўнага жыццёвага досведу і выхавальнікаў маладога пакалення. Папа прызначыў яго святкаванне на чацвёртую нядзелю ліпеня — дзень, найбліжэйшы да ўспаміну святых бацькоў Маці Божай.

Было заўважна, што касцёл запоўніўся старэйшымі людзьмі, якім, на шчасце, хапіла месца для сядзення. Гэта быў плён служэння валанцёраў Caritas архікатэдральнай парафіі, якія асабіста запрасілі кожнага такога чалавека на свята, а тых, хто не мог сам прыехаць у святыню, прывезлі і адвезлі дадому на ўласных аўтамабілях. Каардынаваў іх дзейнасць пробашч ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які, як ён сам празнаўся на пачатку цэлебрацыі, сам сябе залічвае да катэгорыі пажылых людзей, таму хоча разам з імі раздзяліць радасць святкавання. Інтэнцыя, у якой ён ахвяраваў святую Імшу, — аб патрэбных ласках, здароўі і ўмацаванні веры для пажылых і сталых людзей.

У прамоўленай гаміліі дастойны іерарх падкрэсліў, што старэйшыя людзі са сваім багатым досведам заўсёды адыгрывалі вялікую роль у рэлігійным і грамадскім выхаванні маладога пакалення. Дзякуючы ім вера была пераказана маладым людзям у часы ваяўнічага атэізму. «На жаль, у наш час гэтая практыка забываецца, бо практычна не існуюць шматпакаленныя сем’і, у якіх разам жывуць бацькі, дзеці і бабулі з дзядулямі», — са смуткам заўважыў арцыпастыр, які ў сваіх далейшых словах спаслаўся на вучэнне Рымскіх Пантыфікаў.

Так, Папа Францішак у Пасланні на першы Дзень пажылых людзей у 2021 годзе напісаў, што іх пакліканнем з’яўлецца захаванне каранёў, пераказ веры маладым і апека над наймалодшымі. Яны павінны ствараць свет заўтрашняга дня ў атмасферы братэрства і сацыяльнага сяброўства.

Папа Леў XIV у Пасланні на сёлетні Дзень старэйшых заклікае іх быць знакам надзеі і падкрэслівае, што чалавечае жыццё — гэта накіраваная ў будучыню перадача вопыту асобных пакаленняў. Калі праўдай ёсць тое, што старэйшыя людзі патрабуюць дапамогі маладых, гэтак жа праўдай ёсць і тое, што недасведчанасць маладых патрабуе сведчання пажылых, каб мудра планаваць будучыню.

Бог падтрымлівае і апякуецца чалавекам ад улоння маці да «берага вечнага жыцця», як выказаўся святы Ян XXIII. Ён чыніць гэта праз Касцёл, які ажыццяўляе пастырскую апеку над пажылымі. Касцёл выконвае гэтую місію, праз абвяшчэнне ім Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, справы міласэрнасці, а таксама праз розныя інтэграцыйныя і сацыяльныя праекты.

Найважнейшым месцам іх пастырскай апекі, паводле слоў арцыбіскупа, з’яўляецца парафія. Важнае значэнне адыгрывае ў ёй дабрачынная арганізацыя Caritas. «У гэтых супольнасцях пажылыя людзі павінны адчуваць сябе як дома і мець магчымасць паглядзець на сваё жыццё, пытанні, патрэбы і вопыт з пункту гледжання Евангелля», — выказаў перакананне іерарх.

Святы Ян Павел II падкрэслівае, што пажылыя людзі, таксама як і маладыя, з’яўляюцца надзеяй Касцёла і грамадства. Яны падтрымліваюць яго сваёй шчодрасцю і супольнай малітвай, а таксама ў яго інтэнцыі ахвяруюць свае пакуты.

«Старэйшыя людзі — гэта людзі з жыццёвым, прафесійным і духоўным досведам. Яны ўносяць вялікі ўклад у перадачу хрысціянскай веры і традыцый. Яны з’яўляюцца ахоўнікамі нашых каранёў і каштоўнасцей, нават калі іх лад мыслення крытыкуецца»,

— заўважыў арцыпастыр.

У якасці пацверджання сваіх слоў ён прывёў афрыканскую прыказку, якая кажа, што калі памірае стары чалавек, то згарае ўся бібліятэка. Таму, згодна з яго думкай, пажылыя людзі з’яўляюцца стражнікамі звычаяў, традыцый і гістарычнага вопыту. Яны — скарб і багацце кожнага грамадства.

«Касцёл выказвае сваю ўдзячнасць бабулям, дзядулям і пажылым асобам за намаганні ў захаванні і пераказе веры маладому пакаленню ў часы пераследу веры, за іх удзел у адраджэнні касцёльнага жыцця і веры на нашай зямлі, а таксама за выхаванне маладога пакалення на хрысціянскіх каштоўнасцях. Ён моліца аб радасці вечнага жыцця для памерлых, а для жывых аб благаслаўенні і добрым здароў’і», — запэўніў старэйшых удзельнікаў Эўхарыстыі іерарх.

Гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч завяршыў малітоўным ускліканнем:

«Святыя Яўхім і Ганна, выпрасіце ў Бога патрэбныя ласкі і дары нашым бабулям, дзядулям і пажылым людзям! Няхай яны ніколі не страчваюць надзеі! Няхай яны ніколі не перастануць быць яе знакам! Няхай яны заўсёды застаюцца маладымі духам! Няхай яны стануцца светачамі ў духоўнай цемры сучаснасці! Няхай, дзякуючы ім, свет лепей пазнае праўду Евангелля і на яе прынцыпах будуе цывілізацыю любові, міру і жыцця!»

Другой часткай святочнай праграмы, якая адбылася пасля Імшы, была сустрэча з удзелам пажылых людзей у дольным касцёле.

Пасля кароткага пасілку валанцёры, якія вялі святочную праграму, павіншавалі ўсіх Ганнаў з імянінамі, уручыўшы ім сціплыя, але прыемныя, падарункі. Затым для ўсіх жадаючых загучала музыка, пад якую дзядулі і бабулі кінуліся ў танцы, успамінаючы свае маладыя гады. Прагучала таксама некалькі песень пад гітару ў выкананні брата Вадзіма Войціка OFMCap, які быў спецыяльна запрошаны на мерапрыемства. Для людзей старэйшага ўзросту гучалі вершаваныя радкі, напісаныя адной з верніц сталічнай парафіі.

У вачах пажылых і сталых людзей можна было ўбачыць хваляванне, а таксама слёзы радасці і ўдзячнасці за тое, што пра іх памятаюць нашчадкі.

Пасля кава-паўзы мерапрыемства прадоўжылася для ўсіх тых, хто змог вытрываць да канца.