Skip to main content

У Мінску з удзелам іерархаў урачыста адзначылі гадавіну пасвячэння катэдральнага касцёла

16 сакавіка
  • 17 сакавіка, 2026
  • Фота: Леў Ляховіч // Catholicminsk.by

Дзень 16 сакавіка ў літургічным календары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначаны як свята Гадавіны пасвячэння катэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёлета прыпадае 316-я гадавіна пасвячэння галоўнага касцёла архідыяцэзіі. З гэтай нагоды ўвечары тут адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У Эўхарыстыі таксама прынялі ўдзел арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары і вернікі.

У працэсіі да алтара два святары: былы пробашч мінскай катэдры ксёндз канонік Антоній Клімантовіч і цяперашні пробашч ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі — прынеслі абраз Маці Божай Вастрабрамскай, які раней знаходзіўся ў бочнай капліцы касцёла. Дзякуючы намаганням ксяндза Клімантовіча абраз прайшоў рэстаўрацыю і займеў прыгожыя срэбраныя шаты. Асвячэнне адноўленага абраза здзейсніў біскуп Юрый Касабуцкі.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр распавёў пра вельмі багатую і трагічную гісторыю гэтай святыні. Яе пачаткі сягаюць другой паловы XVII стагоддзя, калі ў Мінск прыбылі законнікі езуіты, што дало новыя надзеі на ўмацаванне мясцовага Касцёла і развіццё яго інтэлектуальнага патэнцыялу.

Для рэалізацыі іх місіі ў Верхнім горадзе быў набыты надзел зямлі для пабудовы касцёла і езуіцкай калегіі. Будаўніцтва касцёла завяршылася ў 1710 годзе. 16 сакавіка ён быў пасвечаны біскупам Віленскім Канстанцінам Бжастоўскім.

У 1773 годзе, пасля скасавання ордэна езуітаў, касцёл перайшоў ва ўласнасць дыяцэзіі. У 1798 годзе была заснавана новая Мінская дыяцэзія, і тады касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі стаў катэдральным. Аднак у 1869 годзе паводле рашэння царскай улады Мінская дыяцэзія была ліквідавана. Яна была адноўлена толькі ў 1917 годзе.

У 1934 годзе катэдра была зачынена атэістычнымі ўладамі. На пачатку 40-х гадоў ХХ стагоддзя касцёл быў адчынены і дзейнічаў да 1947 года, калі яго зноў зачынілі. У перабудаваным будынку размясціўся спартыўны клуб «Спартак».

Змаганне за вяртанне катэдры распачалося ў 1989 годзе пасля прызначэння для Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі біскупам ксяндза доктара Тадэвуша Кандрусевіча, і завяршылася ў 1993 годзе перадачай яе ў касцёльную ўласнасць.

Арцыбіскуп нагадаў, што адноўлены касцёл, ужо архікатэдральны, быў нанова пасвечаны папскім легатам кардыналам Казімірам Шокам 21 кастрычніка 1997 года. «Гэта быў дзень велічнага набажэнства і вялікай радасці вернікаў, — падзяліўся сваімі ўспамінамі іерарх. — Галоўная святыня былой Мінскай дыяцэзіі, а сёння Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адрадзілася, як фенікс з попелу».

«У гісторыі мінскай катэдры, як у люстэрку, праглядаецца гісторыя Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне — часы яго росквіту, ганенняў і адраджэння. Ва ўсім гэтым мы бачым недаследны Божы Провід, які кіруе лёсамі народаў і Касцёла»,

— падкрэсліў арцыпастыр.

Касцёл, паводле яго, з’яўляецца святым месцам спаткання чалавека з Богам, якое адбываецца праз абвяшчэнне заўсёды жывога і актуальнага Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, і іншую пастырскую, культурную і дабрачынную дзейнасць.

«Што адрознівае катэдру ад іншых касцёлаў? Знешні выгляд? Асаблівая гісторыя? Тое, што гэта помнік архітэктуры?» — спытаў арцыбіскуп Кандрусевіч і адказаў:

«Катэдра — гэта маці ўсіх касцёлаў архідыяцэзіі. Гэта касцёл дыяцэзіяльнага біскупа, яго святыня, у якой ён цэлебруе Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты і навучае.

У ёй у Вялікі Чацвер ён, разам з усімі святарамі дыяцэзіі цэлебруе Імшу пасвячэння алеяў. Там адбываюцца біскупскія кансэкрацыі, святарскія пасвячэнні, канферэнцыі, фармацыйныя сустрэчы, малітоўныя чуванні, канцэрты духоўнай музыкі і г.д.»

Іерарх заўважыў, што архітэктуру мінскай катэдры ўзбагачае, падараваны гэтай святыні папам Янам Паўлам ІІ абраз Беззаганна Зачатай Марыі, які змяшчаецца ў галоўным алтары.

«Свята пасвячэння катэдры накіроўвае нас да разважанняў пра духоўную святыню, якой мы з’яўляемся.

Мы будуем і аднаўляем матэрыяльныя касцёлы не толькі для таго, каб яны ўпрыгожвалі нашыя гарады, але каб у іх сценах будаваўся сапраўдны Касцёл, Містычнае Цела Хрыста, жывымі цаглінкамі якога з’яўляюцца нашыя сэрцы»,

— сцвердзіў арцыпастыр.

Напрыканцы гаміліі прамоўца заклікаў вернікаў дзякаваць Богу за катэдру як дар, а таксама помнік веры і гісторыі, каб яна і надалей была падобнай да евангельскай смакоўніцы, на якую змогуць узысці сучасныя Закхеі з мэтай убачыць Езуса, адчуць Яго міласэрную любоў і пачуць Яго вучэнне.

Пасля ўдзеленага біскупамі пастырскага благаслаўлення прысутныя біскупы, святары і міністранты, стоячы перад адноўленым абразом Маці Божай, разам з вернікамі ўзнеслі праз Яе заступніцтва малітву Богу.