У Мінску ў Вялікі чацвер арцыбіскуп Станеўскі ўзначаліў святую Імшу Хрызма
- 17 красавіка, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Віялета Кучынская, Максім Ахінько // Catholicminsk.by
17 красавіка, у Вялікі Чацвер, у ранішніх гадзінах у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася святая Імша Хрызма.
Урачыстую цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У ёй прымалі ўдзел таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Мінску монсіньёр Кшыштаф Сэрока і больш за восемдзесят святароў архідыяцэзіі — як дыяцэзіяльных, так і манахаў, у тым ліку і грэка-каталіцкіх, якія канцэлебравалі святую Імшу. З прысутнымі духоўна злучаўся Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Сярод святароў былі асаблівым чынам адзначаны шэсць юбіляраў: ксёндз канонік Аляксей Раманчук, ксёндз канонік Андрэй Яркавец, ксёндз канонік Аляксандр Барыла, ксёндз доктар Сяргей Пекачаў, ксёндз Валянцін Станкевіч і ксёндз доктар Аляксандр Улас, якім у 2025 годзе споўнілася 25 год ад моманту святарскага пасвячэння. Да сабраных у святыні вернікаў духоўна далучыліся гледачы прамой трансляцыі цэлебрацыі на Сatholicminsk.by.

З-за вялікай адлегласці асобна ад астатніх праводзілі ў магілёўскай катэдры святую Імшу Хрызма святары, якія служаць у Магілёўскім і Бабруйскім дэканатах. Там узначаліў цэлебрацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, які ў бягучым годзе таксама адзначае сярэбраны юбілей святарскага пасвячэння.
Напачатку арцыпастыр прывітаў усіх сабраных у галоўнай каталіцкай святыні сталіцы і заахвоціў іх да малітоўнай памяці і духоўнай лучнасці з тымі, хто папярэдзіў нас на шляху ў вечнасць, асаблівым чынам за святой памяці кардынала Казіміра Свёнтэка, а таксама спачылых святароў, якія раней служылі Божаму народу.
Святую Імшу арцыпастыр цэлебраваў у інтэнцыі прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, ахопліваючы сваёй малітвай таксама сем’і, дзяцей і моладзь, просячы Бога аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях. Асаблівым чынам іерарх уключыў у сваю малітву новапрызначанага апостальскага нунцыя ў Беларусі Іньяцыё Чэффаліа, які 22 мая бягучага года ў Базыліцы Святога Пятра ў Ватыкане з рук кардынала П’етро Параліна атрымае біскупскае пасвячэнне.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі, пераносячы ў думках прысутных на ўрачыстасці святароў у момант іх святарскага пасвячэння, звярнуў увагу на абяцанні, якія яны складалі пасвячаючаму іх біскупу. Іерарх адзначыў, што па-сапраўднаму аднавіць святарскія абяцанні біскупы і святары могуць толькі сузіраючы прысутнасць Езуса і слухаючы Яго словы.
Арцыпастыр нагадаў прысутным святарам наступную тэалагічную праўду: «Мы асаблівым чынам удзельнічаем у (…) місіі Хрыста, бо “Хрыстус, каб няспынна выконваць волю Айца ў свеце праз Касцёл, дзейнічае праз сваіх слуг” (PO 14). Праз нас Збаўца пашырае сваю місію любові праз усю гісторыю. У абвяшчэнні Добрай Навіны, у цэлебрацыі Эўхарыстыі, сакрамэнце паяднання, у сяброўстве і ў любові да іншага, мы робімся заўважальнымі сярод даручаных нам людзей, нас разпазнаюць у натоўпе».
«Няхай жа здзіўленне ад гэтага дару, які мы атрымалі без аніякіх нашых заслуг, будзе пастаяннай прычынай нашай радасці»,
— пажадаў сабе і прысутным біскупам і святарам іерарх.

Арцыбіскуп Станеўскі сцвердзіў, што каралеўская, святарская і прароцкая місія пасвечаных павінна выконвацца з адвагай і пакорай, аб чым пісаў Папа Францішак у энцыкліцы Evangelii Gaudium (п. 48): «Калі штосьці павінна нас трывожыць, дык гэта тое, што так шмат нашых братоў жывуць без святла і суцяшэння сяброўства з Езусам Хрыстом, без супольнасці веры, без гарызонтаў сэнсу жыцця» (чытаем у Evangelii Gaudium 48). Таксама Бэнэдыкт XVI, разважаючы над гэтым святым неспакоем, задаваўся пытаннем: «Якім павінен быць чалавек, на якога ўскладзены рукі для пасвячэння?» Адказ Папы быў такі: «Ён павінен быць чалавекам для іншых. Але па-сапраўднаму ён можа быць такім толькі тады, калі ён заваяваны Богам. Таму прэзбітэр (святар) — гэта чалавек, які жыве пошукам Бога і клапоціцца пра іншых».
Кажучы пра душпастырскія ініцыятывы, якія ладзяцца для моладзі, арцыпастыр зазначыў, што «мы не можам не клапаціцца пра маладых людзей». Часам можна пачуць ад святароў: у мяне няма моладзі.
«Моладзь ёсць! — падкрэсліў іерарх. — Можа пакуль што яна не ў касцёле (…) Аднак, мы маем абавязак размаўляць з іх жаданнем і бачаннем шчасця, запрашаючы да ўдзелу ў прыгожым жыцці Радасцю Евангелля».
Святы Ігнацый Антыёхскі казаў, што хрысціянства — «гэта не справа пераканання, але велічы». Таму арцыпастыр не раіў прысутным духоўным асобам дзяліцца з моладдзю сваімі святарскімі ці манаскімі клопатамі, але распавесці ім пра вялікага сябра — Езуса Хрыста. Нельга жыць стэрэатыпам, што на моладзевую сустрэчу ніхто не запішацца. Трэба праз парафіяльныя абвесткі даць магчымасць Богу, які запрашае моладзь да супольнасці з сабой, дзейнічаць у маладых сэрцах.

На заканчэнне разважання арцыбіскуп Юзаф выказаў падзяку кожнаму са святароў «за ўсе намаганні ў асабістым духоўным узрастанні, за клопат пра жыццё ў праўдзе і паяднанні, за вернасць і любоў да Касцёла і сваіх касцёльных абавязкаў». Іерарх нагадаў словы, якімі сінадальныя айцы накрэслілі таямніцу паклікання і місіі святароў: «Жыццё і служэнне святара з’яўляюцца працягам жыцця і дзейнасці самога Хрыста. Гэта наша тоеснасць, наша сапраўдная годнасць, крыніца нашай радасці, пэўнасць і паўната нашага жыцця». Арцыпастыр пажадаў святарам «ласкі Пана нашага Езуса Хрыста, любові Бога Айца, еднасці Духа Святога» для рэалізавання іх місіі.
Традыцыйна падчас гэтай святой Імшы адбылося аднаўленне святарскіх абяцанняў, а таксама благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею хрызма — святых алеяў, якія выкарыстоўваюцца на працягу года ў літургіі Касцёла.


З днём устанаўлення святарства прысутнае ў архікатэдры духавенства павіншавалі прадстаўнікі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Словы віншаванняў і запэўнівання ў малітве выказалі прадстаўнікі апостальскага руху «Маргарытка», якія асаблівым чынам дапамагаюць святарам сваімі малітвамі. Адметна, што пасля віншаванняў кожны з прысутных біскупаў і святароў атрымаў у падарунак прыгожую ружу.


Напрыканцы святой Імшы арцыбіскуп Станеўскі выказаў падзяку вернікам, якія ў духу сінадальнасці служаць супольнасці Касцёла, і заахвоціў іх няспынна дзяліцца радасцю Евангелля аб тым, што Хрыстус жыве і хоча, каб кожны жыў і быў напоўнены маладосцю Хрыста.
Віншуючы святароў юбіляраў з іх святам, арцыпастыр падараваў ім спецыяльныя знакі юбілейнага 2025 года. Такія ж знакі атрымаюць больш за сто вернікаў, якія ў Вялікім посце наведалі ўсе сем стацыйных касцёлаў у Мінску і ваколіцах і ўдзельнічалі там у набажэнстве Песняў жальбы.


Радаснай навіной для членаў Катэдральнага капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі аказалася ўстанаўленне грэміяльным канонікам ксяндза Францішка Рудзя, які дагэтуль з’яўляўся ганаровым канонікам капітула. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў яму выконваць новыя абавязкі з радасцю і надзеяй.

Перад удзяленнем пастырскага благаслаўлення арцыпастыр паказаў прысутным новы пастарал (яго трымае біскуп у руцэ падчас працэсій і ў некаторых іншых сітуацыях), які, паводле яго слоў, будзе служыць яму і ўсім наступным мітрапалітам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
