Skip to main content

У Мінску свой першы юбілей адзначыў Фестываль хрысціянскай культуры на Залатой Горцы

7 верасня
  • 9 верасня, 2025
  • Тэкст: кс. кан. Юрый Санько / Фота: з архіва парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) ў Мінску // Catholicminsk.by

«Адна культура — адно багацце» — пад такім дэвізам у Мінску ў 5-ы раз прайшоў стаўшы ўжо традыцыйным Фестываль хрысціянскай культуры. Юбілейны фестываль адбыўся ў нядзелю 7 верасня ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.

Сёлетняй тэмай мерапрыемства была: «Духоўны сэнс паломніцтваў і рэлігійнага турызму».

Ад самай раніцы на цвінтары касцёла дзейнічаў кірмаш, на якім можна было набыць рэлігійную літаратуру, вырабы рамеснікаў, прысмакі.

Фестываль распачаўся святой Імшой, падчас якой прысутныя маліліся за ўсё беларускае грамадства.

Пасля Эўхарыстыі ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч парафіі, запрасіў усіх на пачастунак. Удзельнікі змаглі не толькі падсілкавацца, але таксама паўдзельнічаць у майстар-класах па пісанні абразоў, вязанні паясоў і саломапляценні.

Пасля невялікага перапынку усе ахвотныя сабраліся ў касцёле, каб паслухаць тэматычныя даклады і выступы. Перад слухачамі выступілі:

  • Кастусь Антановіч, дырэктар дому «Кінанія», які распавёў пра свой досвед міжрэлігійнага супрацоўніцтва;
  • Святлана Іеропіс, якая паразважала над тэмай «Падабенства і адрозненне паломніцтваў і рэлігійнага турызму»;
  • Анастасія Балыш, мастачка, якая раскрыла тэму «Мастацтва на славу Божую»;
  • Таццяна Міцкевіч, якая распавяла ўдзельнікам пра каштоўнасці нашай Бацькаўшчыны, вылучаючы асаблівым чынам Ружаны і Пружаны — славутыя гарады Пінскай дыяцэзіі.

Сёлетні Фестываль завяршыўся арганным канцэртам беларускага кампазітара Уладзіміра Мірончыка.

Удзельнікі ўжо чакаюць новых фестываляў і новых прыгожых тэм для разважання.

«Дзякуй ўсім, хто завітаў у парафію на Залатой Горцы і да новых сустрэч на новых рэлігійных і культурных мерапрыемствах, найбліжэйшым з якіх стане фестываль “Сакральная сімфонія”, які пройдзе ў кастрычніку-лістападзе гэтага года. Запрашаем!»

— сказаў ксёндз Юрый Санько.