У Мінску прайшла сустрэча душпастырства працаўнікоў адукацыі і выхавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
- 17 лістапада, 2025
- Тэкст: Вераніка Пучко / Фота: Вольга Наскова // Catholicminsk.by
15 лістапада ў сталічнай парафіі Святога Духа адбылася чарговая сустрэча працаўнікоў адукацыі і выхавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Тэмай духоўнай сустрэчы быў абрана словазлучэнне «Мой першы настаўнік».
Цэнтральнай часткай сустрэчы стала святая Імша, якую ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Паколькі традыцыйна месяц лістапад прысвечаны ўспаміну памерлых, падчас святой Імшы прысутныя маліліся за ўсіх памерлых працаўнікоў адукацыі і выхавання.
На пачатку Імшы біскупа Юрыя Касабуцкага, ксяндза каноніка Андрэя Сіповіча, а таксама ўсіх прысутных сардэчна прывітаў ксёндз канонік доктар Ян Крэміс. Сярод удзельнікаў былі выхавацелі дзіцячых садкоў, настаўнікі розных дысцыплін ― ад беларускай і англійскай мовы да матэматыкі і гісторыі, а таксама выкладчыкі ўніверсітэтаў. Трэба адзначыць, што некаторыя з прысутных настаўнікаў з’яўляюцца студэнтамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля.

Падчас гаміліі біскуп Касабуцкі, як адзначылі некаторыя з удзельнікаў Эўхарыстыі, «прамовіў мудрыя і натхнёныя словы», звяртаючыся да ўсіх прысутных педагогаў. Іерарх падзяліўся ўспамінамі пра свае школьныя гады і сваіх настаўнікаў. Успамінаючы свайго аднакласніка, які стаў дырэктарам школы, пастыр правёў паралелі паміж пакаленнямі і зменамі ў сістэме адукацыі, якія адбыліся з цягам часу.

У завяршэнні прамовы біскуп нагадаў важныя словы Хрыста: «Не называйце сябе настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік ― Хрыстус» (пар. Мц 23, 8).
Напрыканцы Імшы біскуп Юрый Касабуцкі і ксёндз Андрэй Сіповіч, з падзякай за прысутнасць і малітву, атрымалі сімвалічны медаль «Самы лепшы настаўнік».
Перад тым, як удзяліць пастырскае благаслаўленне, біскуп Юрый нагадаў усім прысутным словы Хрыста: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (пар. Мц 28, 20). І сапраўды — гэтае перакананне, што «Ты не адзін», стала галоўным плёнам сустрэчы. Настаўнікі адчулі супольнасць, падтрымку і разуменне: мы не адзінокія ў нашых праблемах і патрэбах, мы можам дзяліцца, звятрацца па дапамогу, бо мы разам. І сярод нас сапраўды прысутны Езус.

Пасля святой Імшы сустрэча працягнулася ў дольным касцёле, дзе кожны настаўнік у фармаце «адкрытага мікрафона» мог падзяліцца гісторыяй сваёй працы, цяжкасцямі, успамінамі пра першага настаўніка і наогул пра тых, хто паўплываў на жыццё і выбар прафесіі.
Менавіта гэта ― адказ на мноства педагагічных выклікаў. Езус вучыў: «Любі бліжняга твайго». А ў працы настаўніка гэтая запаведзь набывае асаблівую глыбіню: «любіць дзяцей» — вось у чым сакрэт сапраўднага выхавання.
Ірына, выкладчыца БДУ і студэнтка першага курса Мінскага тэалагічнага каледжа, падзялілася думкамі пра тое, як важна не губляць сябе ў штодзённых клопатах, абавязках, патрабаваннях працы і сям’і, але нават у складанасцях імкнуцца бачыць волю Божую: «Што хоча ад мяне Бог у гэтай сітуацыі, на што Ён накіроўвае мой позірк, куды Ён мяне вядзе?»

Падчас сустрэчы былі абмяркаваны бягучыя справы і агучаны канрэтныя прапановы адносна развіцца душпастырства працаўнікоў адукацыі і выхавання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сустрэча завяршылася душэўнымі размовамі за кубачкам духмянай кавы з прысмакамі. У неафіцыйнай абстаноўцы настаўнікі змаглі лепш пазнаёміцца, абмяняцца досведам, абмеркаваць прафесійныя пытанні, знайсці падтрымку ў сваіх старэйшых больш вопытных калег.
Удзельнікі душпастырства працаўнікоў адукацыі і выхавання шчыра дзякуюць ксяндзу Яну за арганізацыю сустрэчы, душпастырскую падтрымку педагогаў, біскупу Юрыю за навуку і натхненне.







