У Мінску памаліліся за арцыбіскупа Станеўскага ў дзень яго імянінаў
- 20 сакавіка, 2025
- Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: Таццяна Каралевіч // Catholicminsk.by

19 сакавіка апоўдні ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася святая Імша ва ўшанаванне святога Юзафа, якога ўрачыстасць адзначаецца ў Касцёле ў гэты дзень.
Падчас Эўхарыстыі, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, яе ўдзельнікі выпрошвалі для іерарха ў дзень яго імянінаў патрэбныя ласкі праз заступніцтва святога Юзафа.

На ўрачыстасці прысутнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, монсіньёр Кшыштаф Сэрока, Часовы павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі, мясцовыя святары і святары, якія прыбылі з іншых дыяцэзій, каб павіншаваць іерарха, кансэкраваныя асобы і шматлікія вернікі.

На пачатку ўсіх прысутных прывітаў біскуп Юрый Касабуцкі, які запрасіў іх ўзнесці свае малітвы за дастойнага імянінніка.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разважаючы над постаццю святога Юзафа, іерарх засяродзіўся над заклікам Літаніі “Юзэфе наймужнейшы“. Гэты тытул пацверджаны ў Евангеллі яго канкрэтнымі ўчынкамі. У цяжкай сітуацыі, у якой апынуўся святы, бачучы цяжарнасць Марыі, калі ў яго ўзніклі сумненні адносна вернасці сваёй сужонкі, ён вырашыў сам патаемна пакінуць Яе і зняславіць сябе, каб толькі Яна не была асуджана і ўкаменавана за здраду, якой не здзейсніла. Не разумеючы сітуацыю да канца, Юзаф паступае справядліва.
“Але Бог меў адносна яго іншы план і не пакінуў аднаго ў гэтую цяжкую хвіліну, калі трэба было прыняць складанае рашэнне. Праз анёла Ён растлумачыў яму, што Марыя зачала ад Духа Святога і народзіць Збаўцу свету,” – зазначыў арцыпастыр.

Паводле слоў іерарха, страх можа чалавека як паралізаваць, так і мабілізаваць. У другім выпадку чалавек дзейнічае насуперак страху, ведаючы, што ідзе ў правільным накірунку. Так паступалі мучанікі, якія выбіралі смерць насуперак перспектыве адрачэння ад сваёй веры і захавання зямнога жыцця.
“Нягледзячы на цяжкасці, святы Юзаф заўсёды дзейнічаў паводле Божага плану. Яго рашэнне прыняць Езуса стала пачаткам шляху, на якім ён застаўся верным да канца. І гэта самы важная лекцыя, якую ён нам пакінуў”, – сцвердзіў арцыпастыр.

Напрыканцы гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш пажадаў імянінніку, каб яго служэнне было Gaudium et spes – “Радасцю і надзеяй” Касцёла ў Беларусі.

Напрыканцы святой Імшы са словамі віншаванняў да арцыпастыра звярнуліся монсіньёр Кшыштаф Сэрока, прадстаўнікі святароў, манаскіх інстытутаў і таварыстваў кансэкраванага жыцця, а таксама касцёльных рухаў.




