У Мінску адбылося мерапрыемства для дзяцей і падлеткаў з парушэннямі слыху
- 11 лістапада, 2025
- Тэкст: Яўгенія С. / Фота арганізатараў мерапрыемства // Catholicminsk.by
8 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адбылася сустрэча для дзяцей і падлеткаў з парушэннямі слыху. Хрысціянская ініцыятыва пад назвай «Добры дзень» прайшла дзякуючы падрымцы Каталіцкага Касцёла і Caritas мінскай архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Ініцыятыва аб’яднала людзей, якія валодаюць жэставай мовай і хочуць дзяліцца сваімі талентамі.
Знаёмства дзяцей і валанцёраў пачалося ў атмасферы чакання чагосьці новага. Удзельнікі падзяліліся на каманды, каб зрабіць газету на тэмы «Што альбо хто робіць дзень добрым» і «Як я магу зрабіць дзень добрым для іншага чалавека».
Былі арганізаваныя групы творчасці, дзе дзеці, дзякуючы таленавітым аніматарам Яне і Іры, малявалі. Музыкі Антон і Валянціна вучылі ўдзельнікаў сустрэчы карыстацца такімі цікавымі інструментамі, як кахон і банго, вібрацыю якіх дзеці з парушэннямі слыху вельмі добра адчуваюць. Вынікам майстар-класу стала стварэнне імправізаванага гурта, які выступіў перад гледачамі.

Таксама група тэатра «Рэпка» паказала сучасную версію аднайменнай казкі з усё той жа галоўнай думкай: трэба аб’ядноўвацца і дапамагаць адзін аднаму.
У праграме былі таксама гульні, як запланаваныя арганізатарамі, так і прапанаваныя самімі гасцямі. У перапынках паміж актыўнасцямі ўдзельнікаў сустрэчы смачна сілкавалі клапатлівыя супрацоўнікі сацыяльнага цэнтра.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі атрымалі маленькія падарункі на памяць і налепкі з выявай рук Хрыста і дзіцячых рук, паміж якімі змешчаны надпіс у выглядзе пытання-заахвочвання «Давай сябраваць?». Сустрэча завяршылася ўсмешкамі, сяброўскімі абдымкамі і абяцаннем сустрэцца зноў.
Арганізатары выказваюць шчырую падзяку святарам архікатэдральнай парафіі ў Мінску ксяндзу Дзмітрыю Пухальскаму, ксяндзу Яну Кузюку, ксяндзу Аляксандру Шыманскаму і ўсім, хто падтрымаў ініцыятыву малітвай.
Калі ў вашым асяродзі ёсць людзі з парушэннямі слыху, дапамажыце ім скантактавацца з арганізатарамі такіх сустрэч, напісаўшы на адрас рэдакцыі catholicminsk@gmail.com.
Калі вы жадаеце дапамагчы ў арганізацыі сустрэч і летніх канікул для дзяцей з парушэннямі слыху, кантакты адказнай асобы можна атрымаць, звярнуўшыся на адрас рэдакцыі catholicminsk@gmail.com.







