Skip to main content

У Мінску адбылася пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў

17 снежня
  • 18 снежня, 2025
  • Фота: удзельнікі сустрэчы // Catholicminsk.by

17 снежня ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла пастырская сустрэча святароў і манаскіх асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, спалучаная з ламаннем аплаткай.

Сустрэча распачалася супольнай малітвай з Літургіі гадзінаў. Затым ксёндз канонік Аляксандр Барыла, духоўны айцец архідыяцэзіі, прамовіў духоўную канферэнцыю.

Паводле прамоўцы, сёння актуальнай для людзей застаецца спакуса самадастатковасці. Прыкладам можа служыць наша жаданне быць заўсёды з мабільным тэлефонам, каб мець пад рукой усе магчымасці  ад тэлефанавання да аплаты паслуг і не залежаць ні ад каго.

Ксёндз канонік закрануў тэму суадносін самадастатковасці і прыслухоўвання да аўтарытэтаў. Чалавек стараецца не звяртацца па дапамогу, каб не быць у даўгу перад іншымі.

Калі дзеці малыя, працягваў святар, яны слухаюць бацькоў. Падлеткі слухаюць бацькоў толькі ў тым выпадку, калі яны маюць у іх аўтарытэт. Дарослы будзе паслухмяны толькі аўтарытэту. Святар па прычыне асаблівай пазіцыі ў грамадстве мае гэты аўтарытэт.

Як адзначыў прамоўца, важна яго не страціць у вачах вернікаў, а для гэтага святару трэба імкнуцца быць добрым прыкладам.

«Сёння толькі прыклад можа наблізіць іншага да Бога»,

— адзначыў духоўны айцец і канстатаваў, што для вернікаў балючай ранай з’яўляецца разыходжанне слоў святара з учынкамі.

Святар мае дар, дзякуючы якому можа паказваць іншым шлях да Бога.

«Каб падзяліцца верай, найперш трэба яе мець»,

— падкрэсліў ксёндз Барыла. Як прыклад ён прывёў дзве розныя біблійныя сітуацыі: сустрэчу Езуса з сірафініцыянкай, язычніцай, дачка якой атрымала аздараўленне па прычыне моцнай веры маці (Мк 7, 24-30), і родны горад Збавіцеля Назарэт, дзе Езус не змог зрабіць ніводнага цуду па прычыне недахопу веры (Лк 4, 21-30).

Духоўны айцец акцэнтаваў таксама вялікую ролю малітвы ва ўмацаванні веры:

Малітва — гэта не толькі словы просьбы, але і перапрашэння, і праслаўлення.

Гэтак жа, як справядлівы Ёў, зведаўшы няшчасці, праславіў Бога, прызнаючы Яго Панам жыцця і смерці (пар. Ёў 1, 21), так і мы павінны ўзносіць малітву праслаўлення за ўсё. Выпрабаванні ж, як сведчыць Святое Пісанне, толькі спрыяюць узрастанню ў веры.

Прамоўца нагадаў, як Бог выпрабаваў Абрагама: выйсце з Ура Халдэйскага ў Канаан, ахвяра адзінага сына Ісаака — і вера патрыярха сталася яшчэ мацнейшай.  Вера Пятра не адразу была сталай — трэба было спачатку стаць сведкам арышту і смерці Езуса.

Пасля духоўнай канферэнцыі пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў малітву аб новых пакліканнях у архідыяцэзіі.

Апоўдні Мітрапаліт цэлебраваў святую Імшу. Канцэлебравалі Эўхарыстыю арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі і святары як з «мінскай», так і «магілёўскай» частак архідыяцэзіі.

Напачатку галоўны цэлебрант, вітаючы прысутных, заўважыў, што ў перыядзе Адвэнту, калі святары заахвочваюць вернікаў знайсці час для Бога і збаўлення ўласнай душы, пастырская сустрэча з’яўляецца добрай нагодай для іх саміх сярод вялікай колькасці абавязкаў зрабіць духоўную паўзу.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі дастойны іерарх падкрэсліў, што святары і кансэкраваныя асобы павінны ўяўляць сабой духоўную сям’ю Мінска-Магілёўскага Касцёла.

Звяртаючыся да евангельскага чытання серады трэцяга тыдня Адвэнту, арцыбіскуп адзначыў сувязь паміж прадстаўленай праз гісторыю чалавечых сем’яў з іх светлымі і цёмнымі старонкамі генеалогіяй Езуса і парафіяльнымі, манаскімі і святарскімі супольнасцямі.

«Як духоўныя асобы, мы не маем сваіх сем’яў, але паміж сабой складаем адну духоўную сям’ю, заснаваную на пакліканні да святарства ці кансэкраванага жыцця. Нашымі сем’ямі з’яўляюцца нашыя святарскія, манаскія і парафіяльныя супольнасці»,

— нагадаў прамоўца.

Іерарх шчыра і пранікнёна распавёў пра складанасці, з якімі сустракаюцца святары і манаскія асобы, жывучы адасобленым жыццём у парафіях, дзе няма вікарыя ці сабрата ў манастве.

Арцыпастыр падкрэсліў, што вострай неабходнасцю Касцёла ў Беларусі з’яўляецца стварэнне прасторы братэрства, і прапанаваў як выйсце пастырскія і нефармальныя сустрэчы з мэтай сумеснай малітвы і абмеркавання праблем.

«Такія сустрэчы могуць стаць добрай нагодай для ўзаемнай дапамогі, братэрскага напаміну і выпраўлення жыцця, каб не трапіць у крызіс, не выгараць і захаваць сваю святарскую і манаскую тоеснасць. Дзякуючы ім, мы зможам суправаджаць адзін аднаго ў складаных умовах нашага служэння»,

  — аргументаваў арцыбіскуп.

Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў вучэнне Касцёла і Папаў апошніх часоў аб неабходнасці духоўнай супольнасці святароў і кансэкраваных асобаў, якая патрэбна для духоўнага дасканалення і з’яўляецца ключавым элементам у барацьбе з крызісамі. Яна таксама ўяўляе сабой сутнасны складнік паклікання і школу святасці.

Дастойны іерарх заўважыў, што пакрысе набліжаецца да завяршэння Адвэнт і Юбілейны год надзеі. Паводле арцыпастыра, радасць адвэнтавага чакання і хрысціянская надзея цесна звязаныя і не з’яўляюцца чымсьці прамінальным, бо гэта не праявы эмоцый, а стан душы.

Таму арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы пажадаў усім прысутным надзеі і радасці ў святарскай і манаскай жыццёвай пілігрымцы ў супольнасці духоўнай сям’і Мінска-Магілёўскага Касцёла на хвалу Божую і для збаўлення даверанага Божага народа.

Сустрэча завяршылася аб’явамі і супольным ламаннем аплаткай.