У мінскім касцёле на Залатой горцы адзначылі Дзень роднай мовы і ўшанавалі памяць мецэнаткі Магдалены Радзівіл
- 24 лютага, 2025
- Тэкст і фота: Ганна Краснадэмская // Catholicminsk.by
23 лютага ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Мінску (дэканат Мінск-Захад) адбылася святочная імпрэза, у праграме якой была святая Імша і музычна-паэтычнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня роднай мовы і прысвечанае ўшанаванню дзяячкі беларускага культурнага руху Магдалены Радзівіл.

У сустрэчы прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарскай Канфедэрацыі ў Беларусі спадарыня Крысціна Хонэгер Залатухін, былы Часовы павераны Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі спадар Андрэй Кулажанка, паэт Сяржук Лясны.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Швейцарскай Канфедэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Крысціна Хонэгер Залатухін
Штогод з 2000 года па ініцыятыве ЮНЕСКА з мэтай захавання моўнай разнастайнасці ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. У гэтым годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі адсвяткаваў гэтую падзею, аддаючы даніну памяці княгіні Марыі Магдалене Радзівіл, дзякуючы шчодрай матэрыяльнай падтрымцы якой у першай палове ХХ стагоддзя пабачылі свет многія беларускія кнігі, у тым ліку знакаміты багдановічаўскі “Вянок”.

Вядоўца мерапрыемства
Вершы з адзінага прыжыццёвага зборніка паэзіі Максіма Багдановіча, які належыць да класікаў беларускай літаратуры, сталі лейтматывам сустрэчы. У выкананні спадарыні Крысціны Хонэгер Залатухін, паэта Сяржука Ляснога, спадара Андрэя Кулажанкі і пробашча ксяндза каноніка Юрыя Санько прагучалі знаёмыя кожнаму “Зорка Венера”, “Па-над белым пухам вішняў…”, “Завіруха” і інш.

Паэт Сяржук Лясны
Лірычны настрой прысутных падтрымала юная цымбалістка Алеся Салдатава, выканаўшы творы Віктара Купрэвіча і Іагана Себасцьяна Баха.

Цымбалістка Алеся Салдатава
Як адзначыў прысутны на сустрэчы былы Часовы павераны Беларусі ў Швейцарыі спадар Андрэй Кулажанка, княгіня Радзівіл мела выразную беларускую самасвядомасць. Яна пісала, што лічыць сябе беларускай літоўскага паходжання.
Мецэнатка падрымлівала выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, “Беларускае выдавецкае таварыства”, газету “Беларус”. Акрамя гэтага, яна адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы, а таксама таварыствы цвярозасці, шпіталі і сельскія крамы. Яна падтрымлівала таксама касцёлы і кляштары. За яе кошт вучыліся сотні студэнтаў па ўсёй Расійскай імперыі. У 1916 годзе княгіня ахвяравала сваё каштоўнае калье дзеля заснавання беларускай духоўнай семінарыі ў Рыме.
З 1918 года Магдалена Радзівіл знаходзілася ў вымушанай эміграцыі спачатку ў Польшчы, пасля ў Літве і Германіі. Жывучы з 1932 года ў Швейцарыі, яна працягвала дапамагаць беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, а таксама літоўскаму і габрэйскаму культурным рухам. Апошнія гады свайго жыцця княгіня Магдалена, якая шчодра ўсім дапамагала, сама адчувала матэрыяльную нястачу і пражывала ў доме састарэлых пры кляштары дамініканак у швейцарскім Фрыбургу. Пры жыцці яна выразіла жаданне быць пахаванай у Мінску, з якім яна звязвала лепшыя гады свайго жыцця. Уся справа ў тым, што, прыязджаючы ў Мінск з маёнтка ў Кухцічах, княгіня жыла ў так званым доме Абрампольскага справа ад Чырвонага касцёла, дзе займала ўвесь першы паверх.
Спадар Андрэй распавёў няпростую, але паспяховую гісторыю вяртання парэштак мецэнаткі ў Беларусь: “Аднойчы мне патэлефанаваў амбасадар па асобых даручэннях МЗС Беларусі Уладзімір Шчасны і наш вядомы гісторык Адам Мальдзіс. У тэлефоннай размове яны папрасілі мяне знайсці магілу Магдалены.
Беларускія навукоўцы на той момант сабралі ўжо значную колькасць матэрыялаў пра Марыю Магдалену. Былі звесткі, што яна памерла ў 1945 годзе пры кляштары дамініканак. Але дзе гэты кляштар, дзе яе магіла? Можаце ўявіць, якая стаяла перада мной задача. Аднак мне пашанцавала. Мне ўдалося знайсці магілу і ўскласці на яе рамонкі… На гэта спатрэбілася некалькі месяцаў пошукаў.

Былы Часовы павераны Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай Канфедэрацыі Андрэй Кулажанка
Я вельмі ўдзячны супрацоўніцы Цюрыхскай гарадской бібліятэкі спадарыні Моніцы Банькоўскай, якая мне вельмі дапамагала ў гэтых складаных пошуках. Яна добра ведала беларускую мову, часта прыязджала ў Беларусь з падарункамі для музеяў. І вось напрыканцы 2011 года я наведаў чарговы каталіцкі касцёл у мястэчку Бургіён недалёка ад Фрыбурга. Разам са святаром Людовікам Нобелем мы праглядалі кнігу памерлых і пад нумарам 145 за 6 студзеня 1945 года знайшлі запіс аб яе смерці. Пасля мы доўга хадзілі па могілках і ў выніку знайшлі месца пахавання. Як вынікала з надмагільнага надпісу, разам з Магдаленай была пахавана і яе дачка ад першага шлюбу, якая памерла ў 1958 годзе. Я вельмі рады, што спадар Алесь Сапега (віцэ-прэзідэнт Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі ― заўвага аўтара) давёў гэтую справу да канца і парэшткі вярнуліся ў Беларусь”.

Надмагільная дошка Марыі Магдалене Радзівіл
У беларускі перыяд свайго жыцця княгіня Магдалена была парафіянкай касцёла Святых Сымона і Алены, аднак апошні спачын яе парэшткі знайшлі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой горцы ў 2017 годзе. Аб гэтай падзеі нагадаў пробашч парафіі ксёндз канонік Юрый Санько.
“Мы ўсе памятаем гэта велічнае мерапрыемства перазахавання парэштак княгіні Радзівіл. Гэта наша высакародная місія як беларусаў памятаць пра нашу славутую Марыю Магдалену, а таксама захоўваць і пашыраць родную мову”.

Ксёндз канонік Юрый Санько
Напрыканцы сустрэчы пробашч падзякаваў прысутным і гасцям за ўдзел і заахвоціў да больш частага выкарыстання беларускай мовы ў штодзённым ужытку і да памяці аб тых, хто пашыраў беларускую справу.