У мінскай архікатэдры прайшло парафіяльнае свята ў гонар Імя Найсвяцейшай Панны Марыі
- 13 верасня, 2025
- Тэкст і фота: Ганна Краснадземская // Catholicminsk.by
12 верасня вернікі і госці мінскай архікатэдральнай парафіі адзначылі тытулярнае свята галоўнага касцёла Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
У гэты дзень у парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску цэлебраваліся чатыры святыя Імшы. Апошнюю, вячэрнюю, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Месяц верасень у Каталіцкім Касцёле багаты на марыйныя святы: свята Нараджэння Багародзіцы (8 верасня), свята Яе Імя (12 верасня), а таксама ўспамін Маці Божай Балеснай (15 верасня). Гэтыя святы гэтыя не з’яўляюцца абавязковымі, аднак адпустовыя ўрачыстасці заўсёды прыцягваюць вялікую колькасць вернікаў.
Мінская архікатэдра ― адзін з касцёлаў Беларусі, які носіць тытул Імя Марыі. Увечары 12 верасня ён быў перапоўнены ахвотнымі ўшанаваць Багародзіцу.
Сёлета ўдзельнікаў святкавання чакала насычаная праграма: перад пачаткам святой Імшы можна было праслухаць невялікі арганны канцэрт, а таксама прыняць удзел у экскурсіі па святыні.
Літургічная цэлебрацыя распачалася прыгожым гімнам архікатэдральнай парафіі ў выкананні парафіяльнага хору ― «Табе навек хвала, о велічная Дзева, Тваё Імя для нас ― выток жывой надзеі». Пасля пробашч парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі прывітаў усіх прысутных, перадусім арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Юрыя Касабуцкага, Генеральнага вікарыя архідыяцэзіі, а таксама сабратоў у святарстве: ксяндза каноніка Антонія Клімантовіча, пробашча парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі, ксяндза каноніка Ігара Лашука, пробашча парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах, ксяндза каноніка Юрыя Ясевіча, сакратара Мітрапаліта і мітрапалітальнай курыі, ксяндза Аляксандра Фаміных, дырэктара «Радыё Марыя Беларусь», ксяндза Аляксандра Ашмянчука CSMA, пробашча парафіі святога Міхала Арханёла ў Гатаве, айцоў кармелітаў Сяргея Трысценя OCD і Пятра Фроштэгу OCD з парафіі Божага Цела ў Мінску, а таксама парафіянаў і гасцей катэдры.
Ва ўступным слове арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што Імя Марыі лагоднае і салодкае, і павіншаваў з імянінамі тых, хто носіць імя Марыя.
У прамоўленай гаміліі ён засяродзіўся на збаўчай моцы гэтага Імені. Іерарх заахвоціў прысутных па прыкладзе святога Бэрнарда думаць пра Марыю і заклікаць Яе.
― працытаваў прамоўца параду святога.
Усё, што не дае спакою: гнеў, прагнасць, нездаровыя амбіцыі, сорам з-за бруду сумлення, ― варта даверыць у малітве Марыі. Мітрапаліт прыгадаў, што, падобна святому Бэрнарду, спакой і ўмацаванне знаходзіў у Імені Марыі святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк.
«У сваю чаргу няхай вернікі памятаюць пра тое, што сапраўдная пабожнасць грунтуецца не на марным і часовым пачуцці ці на нейкай дарэмнай легкавернасці, але паходзіць з праўдзівай веры, якая вядзе нас да прызнання выключнасці Багародзіцы і пабуджае нас па-сыноўску любіць нашу Маці і наследаваць Яе цноты», ― навучаў арцыбіскуп Юзаф сабраных вернікаў словамі з Lumen Gentium ― дагматычнай Канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабору пра Касцёл (LG, 67).
― прамовіў арцыпастыр і ўзгадаў заснаванне айцамі езуітамі касцёла ў гонар Імя Марыі ў 1710 годзе і найбольш знакавыя падзеі яго больш чым трохсотгадовай гісторыі. «Марыя сама наблізілася да вернага люду. “Адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне?” (Лк 1, 43), ― можам мы паўтарыць зараз услед за святой Альжбетай і гэтак жа радасна прывітаць Марыю», ― правёў аналогію арцыбіскуп.
Напрыканцы святой Імшы пробашч Дзмітрый Пухальскі падзякаваў Усемагутнаму Богу і Марыі за вялікі дар супольнай малітвы, арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму ― за ўзначаленне цэлебрацыі, а таксама літургічнай службе алтара, арганістам, хору і ўсім, хто клапоціцца пра ўтрыманне святыні, за адданае служэнне і запрасіў прысутных да працягу святкавання ў дольным касцёле.
Менавіта там, у прыгожа аздобленых да свята сутарэннях касцёла, парафіяльны Caritas зладзіў смачны салодкі пачастунак і цікавыя тэматычныя зоны: у адмысловых месцах можна было ўласнаручна зрабіць паштоўку для людзей з інваліднасцю ― дапамагчы парафіяльнай ініцыятыве, пакінуць свой творчы «след» на дрэве віншаванняў для архікатэдры, пагартаць дыхтоўныя альбомы з архіўнымі фотаздымкамі з жыцця парафіі, патанчыць пад папуры з папулярных мелодый пад гукі баяна і, адыходзячы, узяць на памяць аб сёлетнім парафіяльным свяце невялічкі скрутак з цытатай са Святога Пісання.









