Skip to main content

У мінскай катэдры адбылася Імша за спачылае духавенства

  • 6 лістапада, 2025
  • Сatholicminsk.by

5 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла святая Імша за памерлых святароў і біскупаў, якія служылі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Літургічная цэлебрацыя была спалучаная з Літургіяй Гадзінаў і адбылася пры ўдзеле іерархаў і канонікаў Катэдральнага капітула святога Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Згодна з Уставам Капітула, у сераду падчас актавы малітваў за памерлых яго члены маліліся за спачылае дыяцэзіяльнае духавенства. На Эўхарыстыі таксама прысутнічалі ўдзельнікі апостальскага руху «Маргарытка», якія прынялі на сябе абавязак у акрэсленыя дні тыдня маліцца за жывых святароў.

Святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Напачатку арцыпастыр прывітаў  прысутных іерархаў, а менавіта арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча і Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, ксяндзоў канонікаў і прысутных вернікаў. Пасля  Мітрапаліт заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі спачылых святароў і біскупаў,  імёны якіх зачытаў сакратар Мітрапаліта ксёндз канонік Юрый Ясевіч.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У звернутым да Божага люду слове заслужаны іерарх нагадаў, што гэтак жа як абавязкам дзяцей з’яўляецца малітва за памерлых бацькоў, так і абавязкам парафіяльнай супольнасці з’яўляецца малітва за сваіх спачылых пастыраў — духоўных айцоў.

Прамоўца падкрэсліў, што Бог не з’яўляецца аўтарам смерці і што смерць — гэта наступства першароднага граху. Непазбежнасць адыходу з гэтага свету, паводле іерарха, павінна схіляць да клопату пра вечнае жыццё, а не да спробаў праз тэхналогіі падоўжыць сваё зямное існаванне.

«Мы ж, як веруючыя хрысціяне, павінны глядзець на смерць праз прызму праўды Уваскрасення Хрыста. Ён адзіны ў гісторыі чалавецтва, хто уваскрос. Бог у сваёй бязмежнай міласэрнасці праз Яго крыжовую смерць і  Уваскрасенне выратаваў нас ад смерці вечнай»,
  — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш.

Арцыпастыр эмэрыт падкрэсліў, што памерлыя біскупы і святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі вучылі вернікаў гэтай пасхальнай праўдзе і надзеі, а таксама сваім жыццём пра яе сведчылі. Звяртаючыся да балючых старонак гісторыі Касцёла ў часы ганенняў, прамоўца звярнуў увагу прысутных, як няпроста было быць святаром і падтрымліваць агонь веры.

«Калі ў тыя часы паміраў святар, то гэта было сапраўднай трагедыяй. Паэт сказаў, што не трэба шкадаваць ружаў, калі гарыць лес. Ружа — гэта самая прыгожая кветка. Але лес ачышчае паветра, выпрацоўвае патрэбны для жыцця кісларод. Тыя святары былі такім моцным лесам, які выпрацоўваў кісларод патрэбнай да збаўлення Божай ласкі. З іх смерцю паўставала пытанне: хто яго заменіць? Хто будзе карміць людзей Эўхарыстыяй? Хто будзе спавядаць? Хто будзе цэлебраваць іншыя сакрамэнты? А адказу не было. Трэба было чакаць доўгі час, пакуль у Гродне, а потым у Пінску былі адкрытыя семінарыі»,

— падсумаваў іерарх, ужываючы мову сімвалаў, і выказаў пажаданне, каб праз малітвы жывых душы ўсіх памерлых святароў увайшлі ў радасць Нябеснага Валадарства.

Напрыканцы Імшы  Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі выказаў усім прысутным падзяку за ўдзел у супольнай малітве. Арцыпастыр заклікаў таксама дбаць пра ўласную святасць і ўдзел у паўсюдным святарстве, да якога пакліканы кожны вернік, гэтак жа, як рабілі гэта святары, біскупы і  вернікі папярэдніх пакаленняў. Іерарх заахвоціў наследаваць прыклад жыцця і веры благаслаўлёнага арцыбіскупа Тэафіля Матулёніса і маліцца аб беатыфікацыі Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага.

Таксама Мітрапаліт здзейсніў новыя прызначэнні ў Катэдральным капітуле і ўручыў адпаведныя дэкрэты: кусташам Капітула быў прызначаны ксёндз канонік Пётр Шарко, а пенітэнцыярыем Капітула ксёндз канонік Франц Рудзь.