У Маскве адбылася сустрэча беларусаў-католікаў
- 31 ліпеня, 2025
- Тэкст і фота: Аляксей Бука // Catholicminsk.by
У суботу 26 ліпеня вернікі беларусы сабраліся на супольную духоўную сустрэчу ў кляштары айцоў францішканаў у Маскве.
Святую Імшу на беларускай мове, якая распачала сустрэчу, цэлебраваў айцец Пэтрос Есаян МІС, душпастыр мясцовых беларусаў-католікаў. Святар пачаў апекавацца беларусамі каталіцкага веравызнання Масквы і сталічнага рэгіёна суседняй дзяржавы пасля смерці папярэдніка, айца Пятра Карнелюка OFMConv, які адышоў у вечнасць 4 лістапада 2024 года.
«Кожны з нас моліцца да Айца Нябеснага, жадаючы дабра для сябе і сваіх блізкіх. Вельмі важна, каб наша малітва была карыснай не толькі для нас, але і добрай па сваёй натуры. Так рабіў Абрагам, які прагнуў дапамагчы жыхарам Садома і Гаморы. Варта шанаваць і любіць кожнага, хто побач з намі, таму што Бог любіць усіх, незалежна ад таго, якія ўчынкі ў сваім жыцці яны здзяйсняюць. Менавіта дзеля збаўлення Айцец пасылае нам Свайго Сына. Наш Пан і Збавіцель Езус Хрыстус дае нам прыклад малітвы, паказвае яе неабходнасць дзеля ажыццяўлення нашых добрых мараў і памкненняў.
— адзначыў у сваёй гаміліі айцец Пэтрос.
Пасля Імшы вернікі сабраліся ў Францішканскім культурным цэнтры, дзе за кубачкам гарбаты абмеркавалі пытанні навяртання да веры і Касцёла, узнятыя у кнізе «Вяртанне ў Брайсхэд» і аднайменным серыяле. Удзельнікі выслухалі разважанні свайго душпастыра айца Пэтроса і падзяліліся асабістым досведам хрысціянскага жыцця.