Skip to main content

У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску прайшла ініцыятыва «Добры дзень з Богам» для дзяцей і падлеткаў з абмежаваннем слыху (+ ВІДЭА)

17 студзеня
  • 22 студзеня, 2026
  • Тэкст: Яўгенія С. / Фота: арганізатары мерапрыемства // Catholicminsk.by

4 студзеня ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску быў арганізаваны збор сродкаў для падтрымкі ініцыятывы «Добры дзень з Богам» для дзяцей і падлеткаў з абмежаваннем слыху. Гэты збор стаў магчымы дзякуючы ксяндзу пробашчу Дзмітрыю Пухальскаму і душпастыру асобаў з абмежаваннем слыху ксяндзу Яну Кузюку.

17 студзеня ўдзельнікаў гэтай добрай ініцыятывы цёпла прыняў у сваіх сценах Хрысціянскі сацыяльны цэнтр у Мінску. Мерапрыемства ў рамках рэалізацыі ініцыятывы «Добры дзень» прайшло ўжо ў другі раз. Мінулым разам яно сабрала ўдзельнікаў летась 8 лістапада.

Дзеці віталі ўсіх шчодрымі ўсмешкамі і абдымкамі. Менавіта гэтыя жэсты, паводле меркавання прысутных, з’яўляюцца галоўнымі знакамі, што дзень будзе па-сапраўднаму добры.

Для ўдзельнікаў сустрэчы час прайшоў вельмі хутка. Адным з пунктаў праграмы было стварэнне паштовак для сумнага чалавека. Таемна абмяняўшыся гэтымі пасланнямі, удзельнікі нагадалі адзін аднаму прачытаць іх у дзень, калі на сэрцы будзе цяжка. Гэта навяло прысутных на думку аб пасланні Бога да нас. Кожны з удзельнікаў атрымаў урывак са Святога Пісання, растлумачыць прысутным якія дапамог кс. Ян і перакладчыца жэставай мовы Валянціна.

Таксама падчас сустрэчы адбыўся важны для ўсіх момант — дзяленне аплаткай.

«Шчырыя і цёплыя словы-жэсты ляталі ў паветры! Гульні, супольныя пасілкі і экскурсія па экспазіцыі Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра зрабілі дзень незабыўным»,

— дзяліліся сваімі ўражаннямі ўдзельнікі.

Наступнае спатканне плануецца супольна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы падчас правядзення тыдня «З Купалам у сэрцы!». Удзельнікі шчыра ўдзячныя ўсім, хто падтрымлівае добрую ініцыятыву.

Відэа з мерапрыемства