Ад стомленасці — да еднасці: сведчанне сям’і пасля рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч»
- 19 студзеня, 2026
- Фота: з сямейнага архіву Аліны і Руслана // Паводле catholic.by
Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» Руслан і Аліна Жук дзеляцца з чытачамі партала Catholic.by тым, як удзел у рэкалекцыях для сужонкаў дапамог ім пазбегчы шматлікіх памылак і разам пераадолець праблемы ў сямейным жыцці.
Aліна: Мы, Руслан і Аліна Жук, у сужэнстве 17,5 года. Выхоўваем 3 дзяцей.
Руслан: Гэта невялікі, але і ў той жа час вялізны тэрмін, на працягу якога былі ўзлёты і ўпадкі, радасць і гора. Сумесна мы прыйшлі да таго, што маем сёння.
Aліна: На рэкалекцыі ад «Сужэнскіх сустрэч» упершыню мы трапiлі ў маі 2025 года.
Руслан: У адну з нядзель пасля святой Імшы ў нашай парафіі да нас падыйшлі нашыя знаёмыя. У размове была закранута тэма рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч». Са слоў нашых знаёмых (ужо для нас блізкіх), яны знаходзіліся пад вялікім уражаннем. Мы таксама вырашылі паўдзельнічаць і паспрабавалі запісацца, але мест нам не хапіла.
Аліна: Памятаю, як упершыню даведалася пра рэкалекцыі для сужэнцаў восенню 2024 года. Тады якраз набіралі новых жадаючых на ўік-энд на снежань 2024 год. Але жадаючых было настолькі шмат, што мы трапілі толькі ў ліст жадаючых. А ахвотных было столькі, што мне адказалі: наступныя рэкалекцыі доўга чакаць не давядзецца. І менавіта таму, калі ў студзені 2025 года я даведалася пра сямейны курс, то была ўпэўнена, што гэта тое самае доўгачаканае. Але ў Бога былі іншыя планы. Гэта быў курс ад руху «Эхад». Ён для нас быў своеасаблівай падрыхтоўкай. Пасля яго мы ўжо канчаткова зразумелі: наперадзе нас чакаюць вялікія змены! Але тады мы нават не здагадваліся, якія.
Руслан: Наступны ўік-энд ад «Сужэнскіх сустрэч» мы не прапусцілі. Запісаліся сярод першых. І вось наступае пятніца, час ад’езду, вельмі хвалюемся, але з Божай дапамогай і малітвай пакідаем дзяцей у бабулі і едзем за незвычайнымі ўражаннямі, порцыяй добрага і пазітыўнага настрою, а таксама новымі знаёмствамі.
Аліна: У той час мы былі стомленымі бацькамі 3-х дзяцей (15, 11 і амаль 9 год). Нам вельмі хацелася паспрабаваць аднавіць нашыя адносіны, таму з вялікай ахвотай успрынялі магчымасць прысвяціць час адно аднаму.
Фармат рэкалекцый адрозніваўся ад папярэдніх. Тым больш знаёмыя і сябры, якія ўжо іх прайшлі, нам вельмі раілі і рэкамендавалі пражыць менавіта гэтыя сустрэчы. Таму перспектыва паглыбіць нашыя адносіны выклікала цікавасць і надзею, што зможам перажыць моцныя пачуцці і паглыбіць нашыя адносіны, зрабіць іх больш якаснымі і глыбокімі.
Тым больш, там была створана вельмі спрыяльная атмасфера дабрыні, узаемападтрымкі і прыняцця. Мы практыкаваліся весці дыялог, абапіраючыся на свае пачуцці. Зараз ужо мы стараемся не толькі слухаць адзін аднаго, але і чуць, а гэта не заўсёды адно і тое ж.
Руслан: Рэкалекцыі сталі асаблівым перыядам адкрыцця пачуццяў і разважанняў. Мне ўдалося сказаць сваёй каханай усё, што раней не мог ці баяўся сказаць. На працягу нашых дыялогаў мы нанова перажывалі розныя пачуцці — ад смутку да радасці. Плакалі, смяяліся, абдымаліся, спрачаліся, мірыліся. Менавіта гэты час нас аб’яднаў так моцна і згуртаваў нашыя пачуцці, што нават сёння, калі мы пішам гэтыя словы, хочацца вярнуцца назад і адчуць тыя ж пачуцці аднаго цэлага і еднасці.
«Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі для вашага сужэнства:
- 13-15 лютага: Мінскі р-н, в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1 (каля Бараўлянаў).
Падрабязней: https://catholicminsk.by/ruh-suzhenskiia-sustrechy-zaprashaie-semi-i-duhounyh-asob-na-rekalekcyi-u-laskoucy/
- 27 лютага — 1 сакавіка: Віцебская вобл., г. Гарадок
- 6–8 сакавіка: Гродзенская вобл., Ваўкавыскі р-н, г.п. Рось, вул. Чырвонаармейская, 12, рэкалекцыйны дом «Голас Айца».
Атрымаць дадатковую інфармацыю пра «Сужэнскія сустрэчы» і запісацца на бліжэйшыя рэкалекцыі можна па тэлефоне: +375 (29) 652-11-44





