У Хрысціянскім сацыяльным цэнтры адзначылі адпуст у свята Ахвяравання Пана
- 6 лютага, 2025
- Тэкст: Samaranin.by, Catholicminsk.by, фота: Samaranin.by
2 лютага ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра, у якім дзейнічае Місія Добрага Пастыра, адзначылі адпустовае свята Ахвяравання Пана, якое таксама мае назвы Маці Божай Грамнічнай.
Як падае інтэрнэт-рэсурс Samaranin.by, капліца пад тытулам Ахвяравання Пана — адзінае месца культу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, прысвечанае Маці Божай Грамнічнай.
Цэлебрацыю адпустовай святой Імшы ў капліцы Хрысціянскага Сацыяльнага Цэнтра ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. На ўрачыстасці быў прысутны часовы павераны ў справах Святога Пасаду ў Беларусі монсеньор Кшыштаф Сэрока.

У гаміліі арцыпастыр падкрэсліў тры наступныя элементы літургічных чытанняў гэтага свята: прыйсце, сустрэча і прароцтва. Таямніца прыйсця пранізвае ўсе літургічныя чытанні і падкрэслівае надзвычайны характар прыйсця Бога. Так, у першым чытанні прарок Малахія абвяшчае прыйсце Збаўцы ў сваю святыню. Рэспансарыйны псальм нагадвае пра прыйсце Валадара славы. У другім чытанні з Паслання да Габрэяў нагадваецца пра Збаўцу як Першасвятара, які прышоў збавіць чалавека. Евангелле распавядае, як Ерузалемская святыня ўпершыню спатыкала Збаўцу, якога прынеслі Марыя з Юзафам, каб ахвяраваць Богу.

Другім элементам з’яўляецца рэальнасць сустрэчы. Юзаф і Марыя спатыкаюць у Ерузалемскай святыні натхнёных Духам Святым старца Сімяона і прарочыцу Ганну. Яны як прадстаўнікі Старога Запавету ўсё жыццё пражылі дзеля моманту, калі Ерузалемскую святыню наведае доўгачаканы Месія. Гэты момант надышоў. У святыні адбылося спатканне Старога Запавету з Новым. Сімяон і Ганна сімвалізуюць Стары Запавет, а Езус – Новы Запавет. Стары Запавет завяршыўся і распачаўся Новы.
Трэці элемент – гэта прароцтва Сімяона. Старац назваў Езуса святлом на асвятленне язычнікаў і хвалой ізраэльскага народа, які прызначаны на падзенне і паўстанне многіх у Ізраэлі, а таксама знакам, якому будуць супраціўляцца. Звяртаючыся да Марыі, ён прарочыць, што яе сэрца праб’е меч. Такім чынам, Евангелле, якое распавядае пра світанак жыцця Езуса, адначасова арыентуе нас на Галготу. Крыж пацвердзіць прароцтва Сімяона, што Езус – гэта знак супрацьстаяння. Пад Крыжом Сэрца Марыі будзе пранізана мячом смутку.
Свята Ахвяранання Езуса таксама з’яўляецца святам кансэкраванага жыцця, прадстаўнікам якога Божы Провід даручыў заданне абвяшчаць словам і прыкладам прыярытэт Бога над чалавечай рэчаіснасцю. Як Езус быў прысвечаны Богу ў Ерузалемскай святыні, так і кансэкраваныя асобы праз евангельскія абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці прысвячаюць сябе Богу, каб служыць Яму і бліжняму.
Напрыканцы іерарх заклікаў вернікаў разам са старцам Сімяонам і прарочыцай Ганнай ісці на сустрэчу з Езусам, каб прыняць Яго святло і распаўсюджваць у наш час, калі чалавек жыве так, як быццам Бог не існуе. А Марыя, Маці надзеі, будзе спадарожнічаць кожнаму з іх і дапамагаць, каб яны былі сведкамі збаўлення, якім Бог адарыў усе народы ў Езусе Хрысце, святле для аб’яўлення язычнікам і славе свайго народа.
Падчас Эўхарыстыі адбылося традыцыйнае асвячэнне грамнічных свечак.

Пасля Імшы дзеці і вернікі павішавалі сясцёр уршулянак з днём кансэкраванага жыцця. Дзеці тасама зладзілі канцэрт для бабуляў і дзядуляў.