Падчас адпусту ў свята Ахвяравання Пана ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры зладзілі свята бабуль і дзядуль
- 4 лютага, 2025
- Паводле Samaranin.by

2 лютага, у нядзелю, у капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра адбылася адпустовая святая Імша з нагоды літургічнага свята Ахвяравання Пана. Пасля Імшы адбылося адмысловае мерапрыемства, прысвечанае бабулям і дзядулям маленькіх наведвальнікаў Місіі Добрага Самараніна, якая дзейнічае ў Цэнтры.
Адзначым, што капліца Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра з’яўляецца адзінай у Беларусі, якая мае тытул Ахвяравання Пана.

Паводле інфармацыі інтэрнэт-старонкі Місіі Samaranin.by, у свяце прынялі ўдзел дзеці, іх бацькі, дзядулі і бабулі. Ганаровымі гасцямі былі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу, і Часовы павераны ў справах Апостальскай Сталіцы ў нашай краіне монсеньор Кшыштаф Сэрока.

Падчас другой часткі святкавання маленькія вернікі ўсіх узростаў падрыхтавалі кранальныя і прыгожыя нумары для агульнай імпрэзы. Былі песні, танцы, чытанне вершаў і выкананне твораў на музычных інструментах.



Таксама былі вясёлыя конкурсы для бабуль, дзядуль і іх унукаў. Маленькія выступоўцы ў сваіх прамовах адзначалі якую вялікую дапамогу аказваюць бабулі іх сем’ям, як яны цэняць і любяць адзін аднаго.

Пасля насычанай праграмы гасцей чакалі пачастункі: гарбата, пірагі і цукеркі.

Арганізатары свята ўпэўненыя, што гэты святочны дзень можна дадаць у скарбонку найлепшых і найбольш пяшчотных дзён у жыцці маленькіх вернікаў. Захаваць успаміны аб свяце ім дапамогуць яскравыя фотаздымкі.
