У касцёле святога Піо ў Маладзечне ў набажэнстве Транзітус прыняў удзел архімандрыт Сяргей Гаек
- 9 кастрычніка, 2024
- Тэкст: Кацярына Савянок, фота: Дзмітрый Роўда, Ірэна Туровіч, бр. Андрэй Жылевіч // Catholicminsk.by
Увечары 3 кастрычніка ва ўсіх францішканскіх касцёлах адбываецца адмысловае набажэнства “Транзітус”(з лац. transitus – пераход) на ўспамін благаслаўлёнай смерці святога Францішка Асізскага, заснавальніка трох ордэнаў францішканскай сям’і. У парафіі святога Казіміра ў Маладзечне набажэнства адбывалася пасля вячэрняй святой Імшы.
У літургіі прыняў удзел Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, марыянін.



Падчас святой Імшы ён скіраваў да прысутных слова, у якім звярнуў увагу на вялікую ролю духоўнай спадчыны святога Францішка і для францішканаў, і для паўсюднага Касцёла, адзначыўшы як адну з галоўных прычын гэтага глыбокую пакору святога ў абвяшчэнні Евангелля сваім жыццём і словам нават тады, калі яго словы не прымалі, а яго самога адкідалі і пераследавалі: “Дзякуючы пакорлівасці і руплівасці Францішка, яго малітве, мы атрымалі вельмі вялікі ў гісторыі Касцёла рух, які жыве да сённяшняга дня”.

Сёння мы жывём у іншым свеце, іншых абставінах жыцця, якія моцна змяніліся нават на працягу аднаго пакалення. Але Евангелле – тое самае, і не менш актуальныя для нас словы святога: “Любоў не ўзлюблена”.
“Жніво сапраўды вялікае, а работнікаў мала”(Мц 9, 38). Найперш, гаворка пра святарскае і манаскае жыццё, але ў гэтым жніве маем удзел мы ўсе, – нагадаў архімандрыт Сяргей. – Падчас хросту мы атрымалі намашчэнне на прарока і таксама маем пакліканне ўдзельнічаць у евангелізацыі свету. Мы пасланы быць сведкамі Хрыста, які абвяшчаў Божае Валадарства словамі і канкрэтнымі чынамі. І нашае асноўнае заданне, як і ў ранейшыя часы, застаецца тым жа – гэта ўводзіць Божае слова ў сваё жыццё, жыць паводле Евангелля там, дзе мы ёсць. І яно гэтак жа патрабуе пакоры, руплівасці і мужнасці. Маючы такога вялікага святога ў небе, мы можам разлічваць на яго заступніцкую малітву”.

Другі аспект духоўнай спадчыны святога, на які звярнуў увагу душпастыр, – адкрыццё, што мы ўсе браты і сёстры. Як у часы святога Францішка, калі ён сустрэўся з султанам, так і цяпер, калі Папа Францішак наведаў Інданэзію, самы вялікі мусульманскі край у свеце, – важна быць сведкамі братэрства.
Далей разважаючы над духам братэрства, Апостальскі адміністратар раскрыў духоўныя і гістарычныя сувязі паміж братамі капуцынамі і грэка-каталіцкімі святарамі. Найперш, ён адзначыў, што ўжо 30 год яны разам служаць на Божай ніве ў Маладзечне, а ў пачатку ХХ стагоддзя грэка-каталіцкі святар Андрэй Цікота меў дачыненне да мясцовай парафіі святога Казіміра – быў першым пробашчам адноўленага касцёла святога Казіміра ў 1917-1918 гг.
Архімандрыт Сяргей таксама распавёў цікавую гісторыю, якая яднае капуцынаў з грэка-каталіцкім духавенствам і звязана з Маці Божай Жыровіцкай. Менавіта ў часы, калі ў Жыровіцкай святыні служылі грэка-католікі, ікона Маці Божай – не маленькі каменны арыгінал, але напісаны на палатне абраз – стала першай іконай, каранаванай папскімі каронамі ў Беларусі. І яна сёння захоўваецца ў касцёле капуцынаў у Слоніме. На знак такой духоўнай сувязі Сяргей Гаек падараваў копію абраза Маці Божай Жыровіцкай на каменнай аснове.

Пасля ўзнёслых спеваў і малітвы набажэнства Транзітус усе прысутныя мелі магчымасць трапіць на невялікі кірмаш, арганізаваны братамі і сёстрамі Францішканскага Ордэна Свецкіх у гонар свайго Заснавальніка, і пакаштаваць міндальнага пячэння Мустач’олі, якое любіў святы Францішак, і розных іншых прысмакаў. Таксама можна было набыць сабе вырабы, якія нагадваюць пра святога Францішка, найменшага з Меншых братоў, які стаў найбольш вядомым, любімым і блізкім святым Каталіцкага Касцёла не толькі сярод католікаў.
