Skip to main content

У Іўі з удзелам прадстаўнікоў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прайшоў фестываль каляднай песні Gloria in excelsis Deo

25 cтудзеня
  • 27 студзеня, 2026
  • Тэкст: Раман Ярмош / Фота: Раман Ярмош, Дар’я Барысевіч, Станіслаў Зянкевіч // Catholicminsk.by

25 студзеня ў Іўі (Гродзенская дыяцэзія) у XXIII раз адбыўся фестываль калядных песень Gloria in excelsis Deo. Сярод каля трох соцень маладых удзельнікаў і калектываў з розных дыяцэзій Беларусі асабліва адзначыліся два хоры з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: Transitus з парафіі святога Францішка ў в. Копішча Мінскага раёна і Flos carmeli з парафіі Божага Цела г. Мінска.

Фестывалю папярэднічала святая Імша ў іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Разам з удзельнікамі музычнага мерапрыемства маліліся і вернікі Іўя. Сярод духавенства прысутнічалі святары, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі: кусташ Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі брат Алег Шэнда OFMCap, а таксама пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску айцец Юрый Кулай OCD.

Падчас Імшы біскуп Уладзімір Гуляй маліўся ў інтэнцыі арганізатараў і ўдзельнікаў фестывалю, усіх тых, хто прычыніўся да выбітнай падзеі. Таксама ў малітве ўспомнілі спачылага ксяндза Яна Гавецкага, былога пробашча іўеўскай парафіі, галоўнага натхняльніка фестывалю.

На пачатку святой Імшы іерарх адзначыў, што ў паўсюдным Касцёле III Звычайная нядзеля адзначаецца як нядзеля Божага слова, якую ўстанавіў папа Францішак у 2019 годзе.

Біскуп Уладзімір звярнуў увагу на тое, што «калядка, фестываль, свята — усё гэта прыгожа».

«Але самае важнае пытанне гучыць так: ці Божае слова сапраўды змяняе нашае жыццё? Ці мы толькі слухаем яго, як прыгожую гісторыю, як культурную спадчыну, як традыцыю, якая грэе сэрца, але не патрабуе навяртання?»,

— схіліў прысутных да разважання прамоўца і заахвоціў, каб Святое Пісанне было для кожнага кнігай, якая фармуе ўсё жыццё.

«Няхай жа гэтая святыня ў Іўі, няхай гэты фестываль, няхай гэтая літургія стануць для ўсіх нас не толькі прыгожым успамінам, але паваротным пунктам, у якім мы зноў адкрыем, што без Божага слова чалавек губляе дарогу, а з ім нават самая цёмная ноч становіцца дарогай да світання», — пажадаў усім прысутным іерарх.

Пасля Імшы святочная праграма была працягнутая ў мясцовым доме культуры.

«Калядка — гэта Біблія, перакладзеная на мову сэрца. Гэта Евангелле, якое спяваецца. Гэта тэалогія, якая становіцца малітвай. Але памятайма: нельга спяваць пра Хрыста і не жыць з Хрыстом»,

адзначыў у прывітальным слове пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.

Фестываль даў магчымасць гледачам насалодзіцца калядкамі «на любы густ»: як традыцыйнымі спевамі, так і выкананнем сучасных твораў. Усяго было падрыхтавана больш за трыццаць нумароў, у якіх выступілі салісты, дуэты, трыа, квартэты, ансамблі і хоры.

Адным з найбольш кранальных было выступленне Анастасіі Гуранковай. Дзяўчынка не бачыць, але грае на музыкальных інструментах і ўжо не першы год становіцца ўдзельніцай не толькі фестывалю, але і дэканальнай іўеўскай пілігрымкі ў Тракелі. Сёлета ўдзельніца конкурсу, якая для многіх стала сімвалам надзеі, выканала кампазіцыю, да якой сама напісала музыку.

На заканчэнне фестывалю кожны ўдзельнік атрымаў падарункі.

Канцэрт завяршыўся песняй у выкананні ўсіх удзельнікаў пад моцныя апладысменты гледачоў.