Skip to main content

У гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа адзначылі з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адпустовую ўрачыстасць

13 чэрвеня

13 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Адшукання Святога Крыжа адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар святога Антонія Падуанскага.

Імшу ў межах урачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што ў іканаграфіі святы Антоній прадстаўлены з Немаўляткам Езусам у памяць аб тым, што яму аб’явіўся маленькі Езус, і з Бібліяй, паколькі «мужна абвяшчаў Божае слова, з якого нараджаецца вера». Таксама арцыбіскуп адзначыў, што гэты святы вядомы як памочнік у пошуку згубленых рэчаў.

Іерарх нагадаў, што Антоні нарадзіўся ў 1195 г. у Партугаліі, пры хросце атрымаў імя Фердынанд, яго сям’я была вельмі багатай і марыла аб свецкай кар’еры для яго. «Аднак Бог змяніў планы», — сказаў арцыбіскуп і дадаў, што той уступіў у Ордэн аўгустынцаў, дзе прысвяціў сябе малітве і вывучэнню тэалогіі, Святога Пісання і Айцоў Касцёла. На яго вельмі паўплывала пахаванне пяці францішканаў, якія загінулі ў Марока за абвяшчэнне Евангелля: ён пастанавіў стаць місіянерам і ўступіў у Ордэн францішканаў, узяўшы імя Антоні. Ён накіраваўся ў Марока, але па дарозе захварэў і павінен быў вяртацца, аднак шторм прыбіў карабель да берагоў Сіцыліі, адкуль Антоні накіраваўся ў Асізі, дзе выконваў служэнне простага манаха. Зваротным пунктам у яго манаскім жыцці стала прэзбітэрскае пасвячэнне, дзе ён прамовіў казанне, якое ўразіла прысутных. У пачатку ХІІІ ст., калі, нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч, былі актыўныя розныя секты і фальшывыя вучэнні, асабліва адносна чалавечай прыроды Хрыста і змёртвыхпаўстання цела, казанні Антонія дапамаглі многім вярнуцца да сапраўднай веры, так што яго пачалі называць «молатам супраць ерэтыкоў». Апошнія гады жыцця ён правёў у Падуі, дзе памёр у 1231 г. і праз год быў кананізаваны.

«Аб чым мы, людзі ХХІ стагоддзя, павінны прасіць святога Антонія? У хаосе розных поглядаў і меркаванняў, якія пануюць у сучасным свеце; у выкліканых тэндэнцыямі маральнага рэлятывізму пастаянных дыскусіях пра тое, што праўда, а што не; у наш час, калі ўсё больш людзей давярае штучнаму інтэлекту, — лёгка заблудзіцца і страціць жыццёвы арыенцір, — сказаў арцыбіскуп. — Антоні — святы, які дапамагае знайсці страчаныя каштоўнасці. Мы страцілі веру, надзею і любоў. Гэта цноты, даступныя не толькі абраным, а азбука Евангелля, і мы павінны жыць паводле іх».

bernardyny 18

«Шмат людзей страціла веру. Для многіх Бог з’яўляецца вельмі далёкім. У іх няма часу на малітву. Грэшныя звычкі ўкараняюцца. Чалавек губляе пачуццё прысутнасці Бога і жыве так, як быццам Ён не існуе. У такой сітуацыі трэба памятаць, што Бог ніколі не пакідае нас сам-насам з праблемамі. Ён, як евангельскі бацька марнатраўнага сына, чакае і гатовы прабачыць, бо ніколі не стамляецца ў міласэрнасці»,

— адзначыў іерарх.

«Сучасны чалавек губляе надзею. Шмат людзей знаходзяцца ў стане роспачы. Хрыстус — наша святло і надзея. Сімвал хрысціянскай надзеі — якар. Таму нам неабходна “стаць на якар” у Хрысце і вучэнні Евангелля, — заўважыў арцыбіскуп. — Сучасны свет замест таго, каб быць светам любові, з’яўляецца светам нянавісці. У той жа час любоў творчая і вядзе ў новае заўтра. На судзе Бог спытаецца ў нас найперш аб тым, як мы любілі Яго і бліжняга».

«Святы Антоні казаў, што справы гавораць мацней за словы. На жаль, нашае жыццё вельмі часта далёкае ад хрысціянскіх ідэалаў. У такой драматычнай сітуацыі неабходна прасіць Антонія дапамагчы нам адшукаць веру, надзею і любоў», — звярнуў увагу іерарх і назваў гэтага святога «правадніком, якому варта давяраць, бо ён быў сканцэнтраваны на Езусе, з якім звязаў усё сваё жыццё, і таму не згубіўся на жыццёвым шляху».

«Французскі вучоны Луі Пастэр казаў, што будучыня належыць не пераможцам, а выратавальнікам», — адзначыў арцыбіскуп і дадаў, што «Хрыстус выратаваў свет» і што «мы, хрысціяне, сваёй верай, надзеяй, любоўю і прыкладам жыцця павінны выратаваць сучасны свет ад знішчэння грахом». Па аналогіі з тым, як святы Антоні выяўлены ў іканаграфіі, іерарх заклікаў «несці, як ён, у зямной пілігрымцы на сваіх плячах Дзіцятка Езуса, адзінага Збаўцу свету, і трымаць у руках Пісанне, каб святлом Евангелля асвятляць цемру сучаснага свету».

Пасля Імшы адбылася эўхарыстычная працэсія.