Skip to main content

У Галынцы з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча адзначылі юбілей святарства адміністратара парафіі

15 чэрвеня
  • 17 чэрвеня, 2025
  • Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Баляслаў Гавецкі
  • Паводле Grodnensis.by

15 чэрвеня, у нядзелю Найсвяцейшай Тройцы, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Галынцы (Гродзенская дыяцэзія) адзначылі 25-годдзе святарства адміністратара парафіі ксяндза Уладзіміра Аксенцьева.

Ксёндз Уладзімір стаў адміністратарам парафіі ў Галынцы ў гэтым годзе.

У парафіяльнай святыні адбылася Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. Літургію канцэлебравалі біскуп эмэрыт Аляксандр Кашкевіч, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і іншыя святары.

Арцыбіскуп у гаміліі падкрэсліў, што таямніца Святой Тройцы — аснова хрысціянскай веры. Ён нагадаў, што, паводле гэтай таямніцы, ёсць адзін Бог у Трох Асобах — Айцец, Сын і Дух Святы, якія маюць адну боскую прыроду. Па словах іерарха, чалавечы розум не здольны зразумець гэтую праўду веры, але яе трэба прыняць, бо яна была аб’яўлена Езусам Хрыстом. «Богам не мог бы быць такі бог, якога б чалавек мог зразумець», — сказаў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што «Святая Тройца прысутнічае ў штодзённым хрысціянскім жыцці»: «мы распачынаем і завяршаем малітву ў Яе імя, усе сакрамэнты таксама ўдзяляюцца ў Яе імя». Арцыбіскуп дадаў, што Богу Айцу прыпісваецца стварэнне свету, Сыну — адкупленне, Духу Святому — справа кіравання Божым народам, яго навучання і асвячэння, і што адносіны паміж Асобамі Святой Тройцы базуюцца на ўзаемнай любові, якая павінна быць прыкладам адносін паміж людзьмі. Таму, па словах іерарха,

«сучасны свет замест таго, каб жыць паводле прынцыпу “я і толькі я”, што вядзе да эгаізму, павінен прытрымлівацца правіла “я, Бог і бліжні”, у чым праяўляецца любоў да Бога і бліжняга».

Кажучы пра ксяндза Уладзіміра Аксенцьева, арцыбіскуп нагадаў, што той звязаны паходжаннем са шчучынскай зямлёй, хаця нарадзіўся ў сям’і вайскоўца і па прычыне частых пераездаў бацькоў жыў у розных рэспубліках былога Савецкага Саюза, у тым ліку ў Грузіі. У 1993 годзе ён распачаў фармацыю да святарства ў гродзенскай семінарыі, працягваў у санкт-пецярбургскай. Дыяканскае пасвячэнне прыняў у 1999 годзе ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Санкт-Пецярбургу, прэзбітэрскае — у 2000 годзе ў касцёле Унебаўзяцця Багародзіцы Панны Марыі ў Тбілісі; служыў у розных парафіях Грузіі, вывучаў кананічнае права ў Італіі, а цяпер служыць у Гродзенскай дыяцэзіі. Арцыбіскуп заўважыў, што, такім чынам, у біяграфіі ксяндза Уладзіміра бачны як жыццёвы, так і душпастырскі досвед, і назваў яго жыццёвы шлях пацвярджэннем паўсюднасці святарскага служэння ў Касцёле.

Іерарх падкрэсліў, што святарства — удзел у боскім служэнні Хрыста і што менавіта таму святара называюць «аlter Christus» — «другі Хрыстус».

Арцыбіскуп адзначыў, што першая і галоўная задача святара — абвяшчаць Божае слова, з чаго нараджаецца вера. Іерарх дадаў, што, цэлебруючы сакрамэнты, святар адорвае людзей Божай ласкай, кіруе Божым народам у служэнні гэтаму народу, таму з’яўляецца прыладай у руках Хрыста ў справе збаўлення чалавека. Па словах арцыбіскупа, без святароў Касцёл не можа выканаць місію паўсюднага збаўлення, і рэалізацыі гэтай місіі былі прысвечаны дваццаць пяць гадоў святарскага служэння ксяндза Уладзіміра.

Юбілей святарства іерарх назваў «добрай нагодай вярнуцца да крыніцы паклікання, якой з’яўляецца Хрыстус», «добрым часам, каб падзякаваць Богу за дар паклікання і за Яго ласкі, падзякаваць Касцёлу, блізкім і ўсім, хто дапамагаў на шляху фармацыі да святарства і ў выконванні гэтага служэння, прасіць прабачэння за недасканаласці ў служэнні і прасіць аб благаслаўленні на будучыню», «нагодай, каб маліцца аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця».

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што юбілей святарства — «не толькі святкаванне мінулага, але і заклік да далейшага ўзрастання ў святасці і вернасці пакліканню».

Ён адзначыў, што ксёндз Уладзімір распачаў сваё служэнне ў час пантыфікату Яна Паўла ІІ, «калі трэба было адраджаць Касцёл пасля трох пакаленняў ганенняў, у час новага подыху Духа Святога і вялікага энтузіязму». «Наступным Папам быў Бэнэдыкт XVI, які вучыў, што святар павінен быць спецыялістам па сустрэчы чалавека з Богам. Яго наступнік Францішак заклікаў ісці на перыферыю, да згубленых, шукаць іх і дапамагаць ім. Новаабраны Папа Леў XIV заклікае да ўзаемнай любові, будавання мастоў адзінства і супольнага шляху веры ў разнастайнасці», — сказаў арцыбіскуп. Ён дадаў, што служэнне ксяндза Уладзіміра знаходзіцца паміж двума юбілеямі: Вялікім юбілем хрысціянства 2000 года пад дэвізам «Хрыстус — адзіны Збаўца свету ўчора, сёння і заўсёды» і цяперашняга Юбілейнага 2025 года пад дэвізам «Пілігрымы надзеі».

Арцыбіскуп заклікаў юбіляра «быць у святарскай пілігрымцы зоркай сярод амаральнай цемры сучаснасці», «несці людзям любоў Бога Айца, ласку Езуса Хрыста і дар адзінства ў Духу Святым», пажадаў яму Божага благаслаўлення і апекі Панны Марыі — «Маці святароў».

Пасля Імшы ксяндза Уладзіміра павіншавалі парафіяне.