Skip to main content

У Гродне з удзелам каманды з Мінска прайшла ХІІІ Парафіяда дзяцей і моладзі — «свята веры, надзеі і творчасці»

29-30 жніўня
  • 1 верасня, 2025
  • Тэкст: удзельнікі з Мінска / Фота: з архіва ўдзельнікаў з Мінска, Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі // Catholicminsk.by

З 29 па 30 жніўня ў Гродне прайшла ХІІІ Парафіяда дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі — духоўна-культурная падзея, якая згуртавала разам юных вернікаў.

Сярод удзельнікаў Парафіяды адзначыліся дзеці і моладзь з архікатэдральнай парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску — прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Таму, як трапна заўважыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, парафіяда Гродзенскай дыяцэзіі дзякуючы ім фактычна стала агульнабеларускай.

Дэвізам парафіяды былі абраны словы з Паслання да Рымлянаў: «Бог жа надзеі няхай напоўніць вас усялякай радасцю і спакоем у веры…» (15, 13). Яны сталіся духоўным арыенцірам для ўсіх удзельнікаў, натхняючы іх на будаванне супольнасці, малітву, творчыя і спартыўныя дасягненні.

Першы дзень: «Святыня» і «Тэатр»

Парафіяда як рэлігійнае мерапрыемства распачалася святой Імшой у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (мікрараён Паўднёвы), якую узначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.

У межах элемента «Святыня» прайшлі:

  • Біблійны конкурс, дзе ўдзельнікі паказалі веды па Святым Пісанні і выказалі здольнасць разважаць над Божым словам.
  • Конкурс рэлігійнай песні Sacro Song, які стаў сапраўдным святам духоўнай музыкі. Маладыя выканаўцы дзяліліся сваім талентам і верай праз спевы, напоўненыя малітвай і праслаўленнем Бога.

Элемент «Тэатр», які аб’яднаў творчыя ініцыятывы дзяцей і моладзі, натхнёныя хрысціянскімі каштоўнасцямі, складаўся з наступных спаборніцтваў:

  • У конкурсе малюнкаў удзельнікі перадавалі праз фарбы і лініі сваю веру, надзею і духоўныя перажыванні. Малюнкі адлюстроўвалі біблійныя сюжэты, малітоўныя моманты і сімвалы хрысціянства.
  • Конкурс «Музыка — маё жыццё» даў магчымасць маладым талентам паказаць, як музыка становіцца сродкам духоўнага росту. Удзельнікі выконвалі аўтарскія творы і песні, якія адлюстроўвалі іх асабісты шлях веры.

Другі дзень: элемент «Стадыён» — гармонія цела і духу

На другі дзень Парафіяды ўдзельнікі сабраліся на стадыёне ЦСК «Нёман», дзе праходзіў элемент «Стадыён». Гэты дзень, як заўважыў вікарый архікатэдральнай парафіі ксёндз Ян Кузюк, адказны за каманду з Мінска, быў прысвечаны «спорту, руху і каманднаму духу».

У праграме спаборніцтваў былі лёгкаатлетычныя забегі, футбол, валейбол, настольны тэніс і іншыя спартыўныя дысцыпліны.

Гэты дзень стаў не толькі святам спорту, але і глыбокім сведчаннем таго, што фізічнае развіццё — важны складнік духоўнага сталення.

Супольнасць і духоўнае ўзбагачэнне

На заканчэнне Парафіяды адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Мітрапаліт Юзаф Станеўскі, які прыехаў, каб раздзяліць радасць сустрэчы з усімі ўдзельнікамі і падтрымаць дзяцей і моладзь сваёй архідыяцэзіі.

Пасля Эўхарыстыі іерарх уручыў узнагароды і медалі пераможцам спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў. Сярод пераможцаў былі і дзеці з Мінска, якія занялі тры першых месца, два другіх і два трэціх.

Ксёндз Ян Кузюк і яго падапечныя выражаюць шчырыя словы ўдзячнасці ксяндзу Артуру Малафею, арганізатару ХІІІ Парафіяды, за запрашэнне, добразычліваць і цудоўна праведзены час.

Парафіяда — гэта не толькі спаборніцтвы, але і магчымасць для дзяцей і моладзі паглыбіць сваю веру, пазнаёміцца з аднагодкамі, адчуць сябе часткай вялікай хрысціянскай сям’і. Малітвы, святая Імша, супольныя гульні і творчыя майстэрні зрабілі гэтыя два дні незабыўнымі.