У Даўгінаве памаліліся за спачылых святароў у 1-ю і 60-ю гадавіну смерці
- 11 жніўня, 2025
- Тэкст і фота: кс. Павел Эйсмант // Catholicminsk.by
У суботу 9 жніўня перад поўднем касцёл святога Станіслава ў Даўгінаве (Вілейскі дэканат) напоўніўся вернікамі — мясцовымі і прыезжымі. У гэты дзень тут адбылася святая Імша за спачылага год таму шматгадовага пробашча ў Шэметаве (Мядзельскі дэканат) ксяндза Уладзіслава Шышлу, які быў пахаваны на могілках у сваёй роднай парафіі.
Узначаліў жалобную Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На Эўхарыстыі таксама прысутнічалі Генеральный вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, святары і вернікі.
Напачатку прысутных іерархаў, святароў і вернікаў прывітаў пробашч даўгінаўскай парафіі айцец Алойзы Шулік OFM, які заўважыў, што прыблізна ў гэты ж дзень 60 год таму трагічна загінуў яшчэ адзін святар, былы пробашч у Даўгінаве ксёндз Казімір Дарашкевіч. Цяперашні пробашч заахвоціў да малітвы за двух памерлых святароў.

Гамілію прамовіў біскуп Юрый Касабуцкі — аднакурснік спачылага ксяндза Уладзіслава Шышлы па семінарыі. Іерарх распавёў прысутным гісторыю, якую яму, тады яшчэ семінарысту, расказаў ксёндз Зыгмунт Абартух, колішні даўгінаўскі пробашч. Аднойчы ён прыйшоў да хворага, каб яго намасціць. Пасля ўдзялення сакрамэнтаў святар сабраўся адыходзіць, але хворы пачаў прасіць: «Затрымайце яго!» Пробашч падумаў, што гэты чалавек хтосьці хоча яму расказаць. Але аказалася, што ён хацеў затрымаць не святара, але час, які хутка праляцеў. Біскуп падкрэсліў, што памерлы ксёндз Уладзіслаў, па чалавечых мерках, «мог яшчэ быць, мог шмат чаго добрага зрабіць». Аднак для кожнага чалавека Бог вызначыў свой час жыцця, таму Хрыстус заклікае ў Евангеллі: «Чувайце і будзьце гатовыя!» (пар. Мц 24, 44)
Далей пастыр распачаў разважанне над пакліканнем спачылага ксяндза Уладзіслава. Узгадваючы тэкст з Кнігі прарока Ераміі: «Раней, чым сфармаваў цябе ва ўлонні, Я пазнаў цябе, і раней, чым ты выйшаў з улоння, Я асвяціў цябе» (Ер 1, 4), ён распавёў, што пасля трагічнай смерці ксяндза Казіміра Дарашкевіча ў 1965 годзе парафія ў Даўгінаве засталася без святара. Некалькі разоў у год меў дазвол ад уладаў прыехаць сюды з суседніх Касцяневічаў ксёндз Станіслаў Жук, сведкам чаго ёсць прысутны на Імшы закрыстыян — спадар Ян, вельмі шанаваны ў парафіі чалавек.

Будучы іерарх і спачылы цяпер святар вучыліся разам на адным курсе ў семінарыі. Біскуп узгадаў, што семінарыст Уладзіслаў вельмі хваляваўся перад вырашальнымі падзеямі ў семінарыі: экзаменамі, сесіямі прафесараў, рашэннем біскупа аб дапушчэнні да паслугаў і пасвячэння. Але юнак у сэрцы меў надзею, і Бог правёў яго праз усе цяжкасці аж да святарскага пасвячэння.
Іерарх нагадаў вернікам пра неабходнасць малітвы аб пакліканнях і… нечакана звярнуўся да свайго памерлага калегі:

Далей пастыр выразіў падзяку Богу за дар жыцця ксяндза Уладзіслава, які нёс служэнне ў розных парафіях сённяшніх Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі. Ён нагадаў, што «кожны святар з’яўляецца “вуснамі і рукамі Божымі” — Бог толькі паслугоўваецца святарамі”», таму немагчыма прывесці статыстычныя даныя па колькасці людзей, якія, дзякуючы паслузе ксяндза Уладзіслава, наблізіліся да Бога.
«Ваша парафія мае вялікую традыцыю — жыць надзеяй, — звяртаючыся да парафіянаў, сцвердзіў іерарх. — І не толькі жыць надзеяй, але і бачыць плёны гэтай надзеі». Ён прывёў словы Хрыста: «Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20) і нагадаў, што Хрыстус заснаваў Касцёл і кіруе ім так, што нават «брамы пякельныя не перамогуць яго» (Мц 16, 18). Па словах пастыра, малітва вернікаў аб пакліканнях дапамагае маладому чалавеку пачуць і так пакіраваць сваім жыццём, каб стаць у будучыні добрым і адказным святаром. І да такой малітвы ён заахвоціў прысутных.

Напрыканцы гаміліі біскуп Касабуцкі падзякаваў маме спачылага ксяндза Уладзіслава, спадарыні Ліліі, за выхаванне сына ў хрысціянскай веры. Ён выказаў здагадку, што калі б хтосьці запытаўся ў яе, што яна надзвычайнага рабіла, што яе сын стаў святаром, яна б адказала: «Любіла сваіх дзяцей, была для іх прыкладам, вучыла рабіць дабро, а таксама верыць і любіць Бога, а Ён сам зрабіў усё іншае». Таму пастыр заклікаў маліцца таксама за сем’і, якія з’яўляюцца «калыскай пакліканняў».
Гамілію завяршылі словы малітвы за памерлага святара: «Добры Езу і наш Пане, дай яму вечнае спачыванне».
Перад благаслаўленнем арцыбіскуп Станеўскі, вяртаючыся да тэмы малітвы аб пакліканнях, нагадаў вернікам словы адгартацыі Папы Францішка Christus vivit. Іерарх заклікаў іх «не шукаць жывога Хрыста дзесьці далёка, але стаць сведкамі таго, што Хрыстус жыве ў Касцёле». Паводле яго слоў, той, хто будзе злучацца з Ім праз Яго слова і сакрамэнты, «будзе маладым маладосцю Хрыста, які з’яўляецца адзінай маладосцю гэтага свету».
Пасля Імшы перад уваходам у касцёл арцыбіскуп Станеўскі здзейсніў асвячэнне новага крыжа, які быў ўзведзены дзякуючы фінансавай дапамозе даўгінаўскага парафіяніна Аляксандра Кеды.

Арцыпастыр распавёў сабраным вернікам пра абраз Сэрца Езуса з Васілеўшчыны каля Будслава, на якім Збаўца трымае сваё Сэрца на далоні. Перад гэтым абразом летась у Нацыянальным марыйным санктуарыі быў прачытаны акт аддання Касцёла на Беларусі Сэрцу Езуса. Іерарх пажадаў, каб кожны з прысутных стаў сапраўдным сведкам любові Хрыста «з сэрцам на далоні».
На парафіяльных могілках біскуп Касабуцкі асвяціў новы надмагільны помнік ксяндзу Шышле. Завяршэннем набажэнства стала малітва за двух спачылых святароў, — Казіміра Дарашкевіча і Уладзіслава Шышлы, — пахаванні якіх знаходзяцца побач.

























