У Будславе капуцыны правялі другі дзень Агульнабеларускай навэнны
- 13 лістапада, 2025
- Паводле pio.by / Фота ўдзельнікаў мерапрыемства // catholicminsk.by
8 лістапада ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе прайшоў другі дзень Агульнабеларускай навэнны «Найдаражэйшая Кроў Хрыста, умацуй нас!», якая праводзіцца з нагоды падрыхтоўкі да прысвячэння Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найдаражэйшай Крыві Пана нашага Езуса Хрыста і ўдзячнасці за 35 гадоў аднаўлення структураў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Браты Ордэна Капуцынаў з розных капуцынскіх парафій Беларусі і сёстры Кангрэгацыі Адараторак Крыві Хрыста, якім было даручана правядзенне гэтага дня навэнны, сабраліся ў святыні разам са сваімі парафіянамі. Да супольнай малітвы таксама далучыўся Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Набажэнства распачалося выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвай. Потым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Кусташ Кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі брат Алег Шэнда OFMCap.
Брат Андрэй Багдановіч OFMCap, які служыць у парафіі святога Францішка ў Копішчы (Новая Баравая каля Мінска) прамовіў гамілію, у якой заахвоціў паразважаць над сэнсам крыві. Ён нагадаў, што з даўніх часоў, яшчэ да хрысціянства, кроў не была для людзей выключна біялагічнай вадкасцю, але сімвалам жыцця душы.

Прамоўца адзначыў, што ў розныя часы пераследу кроў хрысціянскіх мучанікаў станавілася насеннем для іншых хрысціянаў. «Адданне свайго жыцця, праліццё крыві на першы погляд здаецца бессэнсоўным, бо маглі б жаніцца, нараджаць дзяцей, радавацца і весяліцца. Але яно дае пачатак упартым і моцным расткам веры», — запэўніў капуцын.
— задаў чарговае складанае пытанне брат Андрэй і нагадаў пра раннехрысціянскі вобраз — пелікана, які сам сабе ахвярна раздзірае грудзі, каб накарміць крывёй сваю будучыню — птушанят.
Паводле прамоўцы, мы таксама пакліканыя аддаваць жыццё за сваіх братоў, за сваіх блізкіх, за тых, хто побач з намі. У дзень навэнны ў лістападзе мы молімся за памерлых святароў і кансэкраваных асобаў, за памерлых удзельнікаў рэлігійных рухаў, а таксама за тых, хто загінуў ад пераследу за веру, і за душы, церпячыя ў чыстцы.
«Ці ж усе гэтыя людзі не аддавалі па кроплі сваё жыццё, каб даць насенне веры хрысціянам нашых дзён, нам з вамі? Тут, у Будславе, як мала дзе на нашай зямлі, можна адчуць пульсацыю гэтай крыві, якая далей магутным сэрцам Езуса Хрыста разганяецца па артэрыях Касцёла — містычнага цела Хрыста. Гэтая кроў далей жывая.
— схіліў да глыбокіх разважанняў прысутных брат Андрэй.

Пасля святой Імшы адбыўся абед і выступленне хораў капуцынскіх парафій. На заканчэнне малітоўнай сустрэчы прысутныя памаліліся Вяночкам да Крыві Хрыста, якую правялі сёстры адараторкі.











