У Беразіне адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Міласэрнасці
- 17 лістапада, 2025
- Тэкст і фота: Віктар Ведзень // Catholicminsk.by
16 лістапада бярэзінскія вернікі ў браме сваёй святыні сустракалі Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB.
— звярнуліся парафіяне напачатку.

На месцы, дзе біскуп асвяціў усталяваную таблічку, парафіяне пажадалі ўвекавечыць падзею пабудовы цяперашняй святыні, яе асвячэнне, а таксама кароткія гістарычныя звесткі з жыцця каталіцкай супольнасці ў гэтым кутку Беларусі. Так, першы касцёл тут быў пабудаваны ў 1644 годзе ў гонар Маці Божай з гары Кармэль. У 1803 годзе перабудаваны і пасвечаны пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сучасная святыня, пабудаваная на ахвяраванні вернікаў, была асвечана Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім 8 чэрвеня 2024 года.
Таксама ў святыні іерарх асвяціў новаўсталяваны трон як месца для цэлебранта ў алтарнай частцы касцёла.

На пачатку Эўхарыстыі дастойных гасцей прывітаў пробашч парафіі ксёндз магістр ліцэнзіят Юзаф Сярпейка. Святар назваў прысутнасць біскупа адметнай рысай еднасці Каталіцкага Касцёла ў межах архідыяцэзіі і глыбокай лучнасці з першым намеснікам Хрыста на зямлі — Папам Львом XIV. У літургіі ўдзельнічалі ксёндз Віталій Стрыга — дэкан Барысаўскага дэканата і пробашч парафіі святога Юзафа ў Крупках, і айцец Сяргей Більдзіс SAC — пробашч парафіі святога Антонія ў Талачыне (Віцебская дыяцэзія).
Біскуп Яшэўскі маліўся за парафію і аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця, а запрошанае духавенства — у парафіяльных інтэнцыях.
— завяршыў прывітанне пробашч.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу прысутных на прыгожай адметнасці сённяшняй урачыстасці: Маці Божая можа і павінна стаць Маці ўсіх. Яна хоча, каб вернікі ва ўсіх патрэбах прыходзілі да Яе, слухалі Яе, вучыліся ад Яе любові. Яна заўсёды гатовая заступіцца за верны люд перад сваім Сынам.
— заахвоціў біскуп Аляксандр.

Святую Імшу ўпрыгожыў спевам парафіяльны хор пад кіраўніцтвам арганісткі Іны Рымашэўскай.
Душпастыр бярэзінскай парафіі выказаў асаблівую падзяку дабрадзеям за аказаную дапамогу ў прывязенні каменя, вырабе і інсталяцыі таблічкі, выкананні п’едэстала для трона цэлебранта. Словы ўдзячнасці былі скіраваныя таксама да літургічнай службы алтара і касцёльнага камітэта за ініцыятыўнасць у падрыхтоўцы ўрачыстасці і клопат пра развіццё парафіі. Падзяка прагучала і ў адрас галоўнага рэдактара «Бярэзінскай праўды» за асвятленне мерапрыемства каталіцкай парафіі сярод чытачоў раённай газеты.
На заканчэнне вернікі падзякавалі Генеральнаму вікарыю за кранальныя словы гаміліі і ўсім прысутным святарам за супольную малітву.
























