Ты святар навекі
- 10 ліпеня, 2024
- Тэкст і фота: кс. Ян Крэміс
10 ліпеня ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай і святога Дамініка ў аграгарадку Ракаў адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды 25-годдзя з часу прэзбітэрскага пасвячэння памерлага ксяндза каноніка Дзмітрыя Барылы, шматгадовага ракаўскага пробашча.


Літургію ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, шматлікія святары, прэлаты і канонікі Мінскага катэдральнага капітула, брат спачылага святара – ксёндз канонік Аляксандр Барыла, а таксама мама, родныя, вернікі і госці ракаўскай парафіі на чале з кс. Дзмітрыем Чупрыным, цяперашнім ракаўскім пробашчам.

Арцыбіскуп Станеўскі на пачатку святой Імшы сардэчна прывітаў усіх прысутных, асабліва маму спачылага ксяндза Дзмітрыя Гэлену.
Іерарх нагадаў, што словы Антыфоны на ўваход з фармуляра Імшы Пра нашага Пана Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, – «ты святар навекі» – вымоўна адносяцца да святой памяці ксяндза Дзмітрыя, «за якого мы ўзносім свае малітвы сёння ў срэбраны юбілей яго прэзбітэрскага пасвячэння».

Падчас гаміліі біскуп Юрый, аднакурснік спачылага з семінарыі, засяродзіў ўвагу на тым, чым ёсць святарства, а таксама падкрэсліў, што дакладна 10 ліпеня 1999 года ксёндз Дзмітрый атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук тагачаснага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтэка.

Далей у сваіх разважанях біскуп Юрый нагадаў, якой павінна быць нашая памяць пра тых, хто адышоў у вечнасць.
Па першае, гэта памяць за памерлага ў нашых малітвах, а па другое, людская памяць, гэта значыць, тое, як мы клапоцімся пра месца пахавання нашых блізкіх і святароў.



Напрыканцы літургіі да ўсіх прысутных звярнуўся ксёндз канонік Аляксандр Барыла, які адзначыў, што кожны юбілей з’яўляецца добрай нагодай, каб дзякаваць і прасіць прабачэння. Брат-святар ад імя мамы і родных падзякаваў усім вернікам ракаўскай парафіі, дзе на працягу доўгіх гадоў служыў яе сын і іх брат ксёндз Дзмітрый і дзе знайшоў месца вечнага спачынку. Таксама ксёндз Аляксандр падзякаваў усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і рэалізацыі ўсталявання помініка.

Імша завершылася пастырскім благаслаўленнем, пасля чаго ўсе накіраваліся на парафіяльныя могілкі да магілы ксяндза Дзмітрыя, дзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пасля супольнай малітвы «Анёл Панскі» здзейсніў благаслаўленне помніка.



Напрыканцы арцыбіскуп Юзаф прыгадаў, што ведаў ксяндза Дзмітрыя яшчэ да яго паступлення ў семінарыю і што малады юнак ужо тады любіў спяваць песню пра святарскую сутану. Гэтым жа спевам і завершылася малітва за ксяндза Дзмітрыя з нагоды срэбранага юбілею яго прэзбітэрскага пасвячэння.
