Толькі я і Бог. Сястра назарэтанка — аб сваім жыцці ў кангрэгацыі і паўсядзённым графіку
- 7 мая, 2026
- Тэкст: Кірыл Сіняковіч / Фота: з архіва гераіні // Catholicminsk.by
Як сёстры ўваходзяць у супольнасць, чым жывуць кожны дзень і ці маюць хобі? На пытанні адказала сястра Даніэля, усмешка ад сэрца якой з’яўляецца вытанчаным упрыгожваннем чорнага хабіта (сукенкі) назарэтанкі.
Каталіцкая жаночая манаская кангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта была заснавана ў XIX стагоддзі. У Беларусі дзейнасць сясцер-назарэтанак налічвае ўжо больш за 100 гадоў. Яны — вялікая частка мясцовай каталіцкай сучаснасці і гісторыі: усім вядомы подзвіг 11 навагрудскіх мучаніц, якія ў 1943 годзе прынеслі сябе ў ахвяру дзеля выратавання жыхароў Навагрудка.
«Fiat Voluntas Tua»
— Хвала Хрысту, сястра Даніэля. Дэвіз сясцёр назарэтанак гучыць коратка і бясспрэчна — «Няхай будзе воля Твая». Што ён для Вас значыць і якім чынам ён дапамагае ў служэнні?
— Хвала навекі! Сапраўды, дэвіз наш вельмі прыгожы і адначасова глыбокі. Асабіста для мяне ён азначае давер Богу ўсяго майго жыцця з яго радасцямі, смуткамі, перажываннямі, турботамі, момантамі супакою. Убачыць дзеянне Бога ва ўсіх і ва ўсім. Дэвіз дае адчуванне, што ты з’яўляешся толькі інструментам у Яго руках, а Ён дзейнічае, Ён дапамагае і вядзе.
— Ваша непасрэдная задача супрацоўнічаць з Хрыстом і Яго Касцёлам у пашырэнні Валадарства Божай любові ў сваёй супольнасці і ў сем’ях, пашыраць Божае Валадарства сярод сябе і сярод іншых. Ваш прамы абавязак — гэта маральнае і рэлігійнае абнаўленне сем’яў. Што і як Вы для гэтага робіце?
— Я бы сказала трохі інакш, што прамым «абавязкам» з’яўляецца любоў да кожнага чалавека, не толькі канкрэтна ў адным яе кірунку. І праз яе (любоў) мы сведчым у нашых супольнасцях, у нашым служэнні. А каб яе праяўляць, я маю свае апостальскія служэнні ў катэхезе (выхаванне дзяцей і моладзі), у сустрэчах сем’яў, дзе мы дапамагаем і разам узрастаем у Божай любові, паслугах ў шпіталі, закрыстыі.

Праз працу і служэнне стварыць вакол сябе прастору любові
— У чым адметнасць служэння сясцёр назарэтанак?
— Святая Сям’я з’яўляецца прыкладам для кожнай сястры праз звычайныя рэчы: усмешку, супакой, дыялог, служэнне адзін аднаму, дапамогу, а цэнтр — гэта Езус. Як ведаем з Бібліі, Святая Сям’я была вельмі беднай, простай і звычайнай для іншых. Так і мы — пераймаем гэтыя цноты, выбіраючы просты стыль жыцця, звычайнасць, адкрытасць на іншых. Для мяне асабіста нашае жыццё паводле Святой Сям’і — гэта дом — месца, дзе табе хочацца быць, дзе дзверы адчынены для кожнага.
— Ці можна сказаць, што асацыяваць сястру назарэтанку можна толькі з двума галоўнымі складнікамі яе жыцця — служэннем і малітвай? Ці ёсць у вас вольны час?
— Не, мы не толькі служым і молімся, хоць малітва займае цэнтральнае месца ў жыцці кожнай сястры назарэтанкі. Сёстры таксама адпачываюць. Кожная мае сваё хобі, каб адпачыць маральна. Я люблю чытаць, маляваць, штосьці прыгатаваць смачнага, правесці час з сябрамі.
Бог не трымае нас у кайданах
— Раскажыце пра шлях сясцёр назарэтанак ад пачатковага этапу ўступлення ў ордэн. Ці можа назарэтанка вярнуцца ў свет звычайнага свецкага жыцця?
— Усё пачынаецца з асабістага рашэння. Пасля гэтага трэба паразмаўляць з настаяцельніцай нашай кангрэгацыі. Калі ўсе добра, то распачынаецца прыгожае падарожжа з Богам. Першым этапам з’яўляецца пастулат, калі мы атрымліваем сукенку, жывём разам з сёстрамі, удзельнічаем ў малітвах, дапамагаем у розных абавязках. Гэта этап «прыглядзецца»: ці я хачу так жыць, ці здольная да жыцця ў супольнасці. Сёстры са свайго боку таксама прыглядаюцца да нас. Пастулат працягваецца ад 6 месяцаў да 2 гадоў. Другі этап — навіцыят. Тут ужо 2 гады духоўнага падарожжа ў глыбіню, будаванне сапраўдных адносін з Хрыстом, этап ачышчэння ад ўсіх ілжывых матываў, пазнанне сябе з псіхалагічнага пункту гледжання. Падчас гэтага этапу мы таксама пазнаем дакументы нашай кангрэгацыі, прымаем удзел у фармацыйных сустрэчах, паглыбляем нашу духоўнасць, місію. Пасля гэтага сястра складае свае першыя абяцанні чысціні, беднасці і паслухмянасці і распачынае чарговы этап фармацыі — юніярат. Асноўнымі яго характарыстыкамі з’яўляюцца злучэнне апостальскага служэння і жыцця малітвай. Гэта таксама этап распазнання свайго паклікання. А вярнуцца ў свет заўсёды можна, Бог не трымае нас у кайданах. Ён жадае, каб мы былі шчаслівыя і вольныя ў сваім выбары.
— У свеце кажуць, што «лепш быць добрай парафіянкай, чым няшчаснай манашкай». Што Вы на гэта скажаце?
— Не сустракала ні адной яшчэ такой манахіні. Бог — гэта любоў, дабрыня, радасць. Калі мае адносіны з Богам сапраўдныя і шчырыя, то я не магу быць няшчаснай. Як кажа прарок Нээмія: «Радасць у Пану — гэта вашая сіла».

— Паслухмянасць і беднасць — гэта шчасце?
— Гэта шлях да святасці. І варта тут зразумець, што мы разумеем пад гэтымі паняццямі. Паслухмянасць у кляштары не забірае маёй свабоды, але праз гэтае абяцанне манахіня кажа: «Я давяраю Богу больш, чым сабе». Беднасць — гэта пра тое, што Бог клапоціцца пра мяне; яна зусім не азначае, што мы нічога не маем (мы працуем, мы карыстаемся рэчамі). Беднасць — гэта ўнутраная свабода, гэта пра тое, што я з Богам.
Усё дзеля Найвышэйшай Любові
— Раскажыце аб унутраных правілах ордэна. Што можна, а што нельга рабіць у параўнанні са звычайнай свецкай парафіянкай?
— Мы маем свае Канстытуцыі, дзе прапісаныя найважнейшыя моманты нашага жыцця як сясцёр Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэту. Гэта настольная кніга для кожнай з нас, дзе канкрэтна напісаны нашыя правілы. Як казаў святы Аўгустын: «Любі і рабі, што хочаш». Калі я вырашаю быць манахіняй, то ведаю, што маё жыцце не будзе такім, якім было. Гэта мой уласны выбар, што я не маю ўласнай маёмасці, што я не буду мець дзяцей, не буду выглядаць як свецкая жанчына, а буду насіць хабіт. Але яшчэ раз паўтаруся — гэта ўсё дзеля Найвышэйшай Любові.
— Якая структура ўлады ў Вашым ордэне?
— Каб не было іерархіі, то быў бы хаос, кожны бы рабіў тое, што ён лічыць найлепшым, як яму здаецца. Так і у кляштарах. Ёсць галоўная настаяцельніца, у кожнай правінцыі — свае сёстры, а ў кожным доме ёсць сястра настаяцельніца, якая ўсталёўвае рытм жыцця супольнасці.

Толькі я і Бог
— Мяне цікавіць Ваш звычайны рэжым дня.
— Звычайна дзень мой распачынаецца ў 6.12, каб паспець на святую Імшу на 07.00. Калі маю вольны дзень, то магу паспаць даўжэй. Мы імкнемся пастаянна ачышчаць нашую любоў праз жыццё сакрамэнтамі, асабліва праз штодзённы ўдзел у Эўхарыстыі. Эўхарыстыя з’яўляецца цэнтрам нашага жыцця. Тут я напаўняюся прысутнасцю жывога Бога, Яго моцаю. Я праношу Эўхарыстыю праз усё сваё жыццё.
— Як часта Вы спавядаецеся?
— Рэкамендуецца спавядацца 1 раз на 2 тыдні. Але гэта ўсё індывідуальна, калі ёсць патрэба, то можна і часцей, ніхто не забараняе і не адмовіць.
— Як выглядае келля законнай сястры? Хто можа туды ўвайсці, акрамя Вас, і пры якіх абставінах?
— Цяжка гэта ўжо назваць «келля». Гэта звычайны пакой. Кожная сястра дбае пра яго, абсталёўвае яго пад сябе. Ён просты і звычайны. Месца называецца «кляўзура». Людзі свецкія не могуць ўвайсці туды, гэта мой куток, дзе толькі я і Бог.
— Ці праўда, што ў сясцёр няма асабістага тэлефона, набытага на ўласныя грошы? Ці даступны Вам інтэрнэт?
— Цяжка ўявіць сённяшні свет без тэлефонаў. У такіх выпадках трэба звярнуцца да настаяцельніцы і папрасіць, калі гэта патрэбна. Так і з іншымі рэчамі. Мы маем таксама доступ у інтэрнэт, ніхто нам яго не выключае, але колькі часу я там буду праводзіць — гэта мая ўласная адказнасць. Усе мы дарослыя, пільнаваць нікога не трэба.
— Тады напрыканцы запытаю, а «Слухаць голас Бога…» — гэта як?
— Слухаць голас Бога — гэта ўмець рызыкаваць дзеля Яго, не баяцца спрабаваць і ніколі не шкадаваць аб тым, што зроблена. Ведаеце, калі Бог кліча, то Ён таксама дае адвагу. І так было ў мяне. Варта паспрабаваць, зрабіць крок. І цяпер Назарэт — гэта мой дом.
— Дзякуй, сястра Даніэля, за размову і досвед.
Размаўляў студэнт Мінскага тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля Кірыл Сіняковіч.