Skip to main content

Сусветны дзень місій: дзейнасць ad gentes і яе значэнне сёння

19 кастрычніка
  • 19 кастрычніка, 2025
  • Тэкст: Аксана Тынічэнка — Vatican News RU / Фота: з архіва кс. Сяргея Гомана SDB // Catholicminsk.by

19 кастрычніка Касцёл адзначае Сусветны дзень місій, які традыцыйна распачынае тыдзень малітваў аб місіях. У 2025 годзе ён пройдзе пад дэвізам: «Місіянеры надзеі». З гэтай нагоды прапануем пазнаёміцца з паняццем місіянерскай рэчаіснасці або місіі ad gentes. Мы будзем абапіраць нашыя разважанні на словах энцыклікі святога Яна Паўла II аб нязменнай актуальнасці місіянерскага паслання Redemptoris missio. Гэты дакумент дагэтуль з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі для ажыццяўлення місійнай дзейнасці Касцёла. Нельга не ўзгадаць таксама словы цяперашняга Пантыфіка, Папы Льва XIV, якія ён скіраваў з нагоды Сусветнага дня місій.

Святы Ян Павел ІІ у Redemptoris missio падкрэсліў, што Пан Езус паслаў сваіх апосталаў да кожнага чалавека, да кожнага народа і ва ўсе месцы зямлі. У асобе апосталаў Касцёл атрымаў сусветную місію, якая не мае межаў і датычыць збаўлення ўсіх людзей, каб абвяшчаць ім Божую любоў.

Гэтая місія адзіная, але ўнутры яе існуюць розныя задачы і віды дзейнасці. Перш за ўсё, існуе місіянерская дзейнасць, званая місіяй ad gentes, гэта значыць, служэнне ў іншых краінах, сярод іншых моў і культур. Гэтая місія ўваходзіць у лік асноўных відаў дзейнасці Касцёла, якая ніколі не заканчваецца.

«Касцёл не можа ўхіліцца ад пастаяннай місіі абвяшчэння Евангелля тым, хто яшчэ не ведае Хрыста, Адкупіцеля чалавека. Менавіта ў гэтым, перш за ўсё, заключаецца місіянерскае заданне, якое Хрыстус даверыў нам і працягвае з дня ў дзень даручаць сваёй супольнасці верных»,

— нагадаў святы Ян Павел ІІ.

Разглядаючы сённяшні свет з пункту гледжання евангелізацыі, можна вылучыць тры сітуацыі.

Першая сітуацыя — гэта тая, у якой місіянерская дзейнасць Касцёла накіравана да людзей, якія яшчэ не ведаюць Хрыста і Яго Евангелля. Гэта і ёсць місія ad gentes ва ўласным сэнсе слова.

Другая сітуацыя — гэта калі хрысціянскія супольнасці маюць уласныя касцёльныя структуры (дыяцэзіі, апостальскія адміністратуры ці прэлатуры і г. д.). Яны руплівыя ў сваёй веры і хрысціянскім жыцці, сведчаць аб Евангеллі свайму асяроддзю. У гэтых супольнасцях праводзіцца звычайная душпастырская дзейнасць Касцёла.

Існуе таксама трэцяя, прамежкавая сітуацыя — калі цэлыя супольнасці ахрышчаных страцілі жывое пачуццё веры альбо нават зусім не лічаць сябе членамі Касцёла і жывуць жыццём, далёкім ад Хрыста і Яго Евангелля. У такіх выпадках неабходна «новая евангелізацыя».

Неабходна адзначыць рэальную і ўсё большую ўзаемазалежнасць паміж згаданымі відамі збаўчай дзейнасці. Місіянерскае служэнне спрыяе ўзаемнаму ўзбагачэнню і звяртае іх да знешняга свету. Касцёл у традыцыйна хрысціянскіх краінах усё больш ўсведамляе, што трэба сур’ёзна паклапаціцца ў сябе дома аб хрысціянах, якія не ведаюць Хрыста.

Папа ўпэўнены, што Каталіцкі Касцёл валодае велізарнай духоўнай спадчынай, якую Ён можа прапанаваць чалавецтву ў Хрысце, які сказаў пра сябе, што Ён — «Дарога, Праўда і Жыццё» (Ян 14, 6). Гэта хрысціянскі шлях насустрач Богу, да малітвы, аскетызму, зразумення сэнсу жыцця.

Ксёндз Сяргей Гоман SDB, місіянер у С’ера-Леонэ (Афрыка), з парафіяльнай моладдзю

Папа Леў XIV звярнуўся з відэапасланнем да ўсіх каталіцкіх парафій свету з нагоды 99-га Сусветнага дня місій.

Як падае Руская рэдакцыя Vatican News, Святы Айцец нагадаў пра значэнне гэтага дня для ўсяго Касцёла: штогод, у дзень, прысвечаны місіям, католікі ўсяго свету аб’ядноўваюцца ў малітве за місіянераў і аб плёне іх апостальскай працы.

«Калі я быў святаром, а затым біскупам-місіянерам у Перу, я сам бачыў, як вера, малітва і шчодрасць, праяўленыя ў гэты дзень, могуць змяніць цэлыя супольнасці»,

— адзначыў Папа.

Біскуп Рыма звярнуўся да кожнай парафіяльнай супольнасці з заклікам прыняць удзел у Сусветным дні місій. Малітва і дапамога вернікаў, паводле Льва XIV, паслужаць распаўсюджванню Евангелля і падтрымцы пастырскіх і катэхетычных ініцыятыў, дазволіць будаваць новыя касцёлы і аказваць неабходную дапамогу ў адукацыйных і медыцынскіх патрэбах: «19 кастрычніка, разважаючы разам пра пакліканне, якое вынікае з нашага хросту, — быць “місіянерамі надзеі сярод народаў”, — мы зноў пацвярджаем радаснае і шчырае абавязацельства несці Езуса Хрыста, нашу надзею, да межаў зямлі».