«Сустрэча са Святым Духам»: у Навагрудку прайшлі духоўныя выходныя Альфа-курса
- 20 лістапада, 2025
- Тэкст: кс. Юрый Жэгарын / Фота: удзельнікі мерапрыемства // Catholicminsk.by
З 14 па 16 лістапада сцены гістарычнага рэкалекцыйнага дома пры касцёле святога Арханёла Міхала ў Навагрудку сталі прытулкам для асабістай сустрэчы з Божай ласкай. На працягу трох дзён тут ладзіліся рэкалекцыі пад назвай «Выходныя з Духам Святым», арганізаваныя ў фармаце папулярнага Альфа-курса. Гэтая духоўная ініцыятыва аб’яднала каля шасцідзесяці чалавек — вернікаў са сталіцы, з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, якія імкнуліся глыбей пазнаць сваю веру і адкрыць сэрцы для дзеяння Трэцяй Асобы Найсвяцейшай Тройцы.
Духоўныя практыкаванні правёў ксёндз Юрый Жэгарын, пробашч навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала. Праграма выходных была распрацаваная так, каб кожны ўдзельнік мог паступова і асэнсавана перажыць унутраную трансфармацыю — асабістую сустрэчу з Езусам у Духу Святым.
Увечары пятніцы, пасля вечара знаёмстваў, адбылася супольная ўсяночная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Цішыня і святло свечак стварылі неперадавальную атмасферу сузірання Божай хвалы, падрыхтаваўшы сэрцы вернікаў да наступных дзён.
Субота стала сапраўдным сэрцам рэкалекцый, насычаным глыбокім зместам і рознымі формамі пабожнасці. Удзельнікі з вялікай увагай слухалі канферэнцыі, прысвечаныя таямніцы і дзейнасці асобы Духа Святога. Разважанні, падмацаваныя жывым сведчаннем, знайшлі водгук у сэрцах шукаючых Божай волі.
Фіналам духоўнай практыкі стаў нядзельны дзень, які распачаўся са шчырых сведчанняў удзельнікаў аб тым, наколькі важнымі і духоўна багатымі сталі для іх гэтыя выходныя. Сустрэча завяршылася супольнай Эўхарыстыяй і пачастункам пры каве.

Сёння Альфа-курс, як адзін з найбольш дзейсных спосабаў новай евангелізацыі, актыўна развіваецца ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі. Ён з’яўляецца адказам мясцовага Касцёла на заклікі Другога Ватыканскага Сабору і пантыфікаў канца XX і XXI стагоддзяў да ажыўлення і аднаўлення веры. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца супольнасці, якія дзейнічаюць ужо ў многіх гарадах краіны: Гродне, Віцебску, Глыбокім, Крупках, Мінску, Навагрудку, Оршы, Нароўлі і Парэччы, дзякуючы чаму Божае слова знаходзіць шлях да сэрцаў усё новых людзей.




