Супрацоўніцтва дзеля захавання спадчыны: на гістарычным факультэце БДУ прайшлі мерапрыемствы праекта «Дыялог культур і рэлігій»
- 23 снежня, 2025
- Тэкст: кс. кан. Франц Рудзь / Фота: студэнты БДУ // Catholicminsk.by
У межах рэалізацыі праекта «Дыялог культур і рэлігій» на гістарычным факультэце Белдзяржуніверсітэта прайшоў шэраг значных падзей, накіраваных на асэнсаванне духоўнай і культурнай спадчыны Беларусі. Па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў мерапрыемствах прыняў удзел Біскупскі вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Франц Рудзь.
Адной з такіх падзей стаў старт новага цыкла лекцый, прысвечанага захаванню і папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей. Першым мерапрыемствам у гэтым кірунку стала адкрытая лекцыя на тэму «Значэнне рэстаўрацыі ў захаванні рэлігійных помнікаў Беларусі». Акрамя таго, у межах праекта адбылася панэльная дыскусія «Дыялог эпох: шляхі папулярызацыі і захавання духоўнай літаратуры ў шматнацыянальным грамадстве», арганізаваная пры падтрымцы Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.
Варта адзначыць, што новы цыкл лекцый, пачаты гістарычным факультэтам, будзе мець маштабны характар. Сустрэчы будуць прысвечаны археалагічнаму і мастацтвазнаўчаму профілям, працы з архівамі і кнігамі. Мерапрыемствы плануецца праводзіць на базе вядучых музеяў, дзяржаўных архіваў, устаноў культуры і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Праект «Дыялог культур і рэлігій» паспяхова рэалізуецца з 2021 года, і ў студзені 2026 года яму спаўняецца 5 гадоў. Каталіцкі Касцёл у Беларусі прымае актыўны ўдзел у праекце з самага пачатку яго існавання.