Skip to main content

Стацыйныя набажэнствы — у духу святога Францішка

Вялікі пост 2026 года
  • 2 сакавіка, 2026
  • Тэкст: Інэса Загалавец // Фота: кс. Андрэй Сіповіч, з архіва парафіі // Catholicminsk.by

Вялікі пост, які сёлета распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 18 лютага, заўседы звязаны з практыкамі малітвы, міласціны, а таксама з пакутнымі набажэнствамі.

І традыцыйна па благаслаўленні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага у Мінску ўжо распачаліся «стацыйныя» набажэнствы з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту, спевам традыцыйных «Песняў жальбы», тэматычным разважаннем і магчымасцю споведзі. Адметнасцю гэтага года з’яўляюцца тэматычныя разважанні, прысвечаныя духоўнай спадчыне святога Францішка і наведванне прадстаўнікамі Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў стацыйных касцёлаў.

Першых пілігрымаў у гэтым годзе велікадушна прымаў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ксёндз канонік Андрэй Сіповіч. Касцёл на мінскай Кальварыі стаў «стацыйнай» святыняй 2026 года нездарма — у ім знаходзіцца рэліквіярый з рэліквіямі святога Францішка.

Нядзельную Імшу ўзначаліў брат Віталій Бандаронак OFMCap, які прапанаваў прысутным вернікам перажыць Эўхарыстыю «ў духу святога Францішка — з простай шчырай радасцю да Бога і да кожнага стварэння».  Падчас казання брат Віталій звярнуў увагу на галоўную падзею з жыцця святога Францішка — навяртанне праз заклік Бога ў касцёле святога Даміана: «Ідзі і адбудуй Касцёл мой».

«Святы Францішак спачатку так і зразумеў — трэба прыкласці рукі. Але значэнне гэтых слоў было вельмі  шырокае. Яно не датычылася толькі цэглы і тынкоўкі. Святы Францішак жыў у час крызісу і ён значна прычыніўся да адновы жыцця Касцёла»,

— падкрэсліў брат.

Брат Віталій нагадаў, што цэнтрам жыцця святога была Эўхарыстыя. Таму праз адбудову касцёлаў, праз культуру чысціні і ўбранства святы з Асізі дбаў аб годнай цэлебрацыі святой Імшы.

Але не толькі святыня і яе выгляд мелі вялікі сэнс для святога. Брат Віталій падзяліўся ўразлівым фактам:

«Браты з Італіі распавядалі, што святы Францішак, калі выходзіў на шпацыр,  заўсёды шукаў у скалах расколіны і хаваўся ў іх. Гэтыя расколіны для яго былі падобныя на раны Хрыста. У іх ён праводзіў доўгі час, яднаючыся ў малітве  з Богам».

«Таму і нам варта паглядзець, як мы перажываем Эўхарыстыю, як мы яднаемся з Богам. Святы Францішак заклікаў да пакуты, але ён не быў чалавекам, змучаным пакутай. Паяднаны з Богам, ён быў чалавекам радасці», — напрыканцы гаміліі падкрэсліў брат Віталій.

Пасля святой Эўхарыстыі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту са спевам традыцыйных «Песняў жальбы» і благаслаўленне ўсіх прысутных.

«Стацыйныя» набажэнствы ў Мінску і ваколіцах толькі нядаўна распачаліся. Кальварыйская святыня будзе чакаць пілігрымаў кожную нядзелю Вялікага посту. Варта ўсім выкарастаць плённа гэты час пакаяння, каб праз ўдзел ў пакутных набажэнствах таксама ў поўні перажыць велікодную радасць.