Skip to main content

Споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння благаслаўлёнага Генрыха Глябовіча, прафесара, душпастыра і мучаніка

13 ліпеня
  • 13 ліпеня, 2024
  • Тэкст: кс. Павел Эйсмант, фота: slowo.grodnensis.by

13 ліпеня Касцёл адзначае ўспамін святога Генрыха, імператара. Ён быў нябесным заступнікам іншай вялікай постаці, святара, які нарадзіўся на землях сённяшняй Беларусі, – благаслаўлёнага Генрыха Глябовіча.

Гэта быў чалавек, адданы служэнню Богу і Яго народу, здольны тэолаг і палымяны душпастыр, які аддаў сваё жыццё за авечак, прыняўшы мучаніцкую смерць. Сёлета ў ліпені споўнілася 120 гадоў ад яго нараджэння.

Благаслаўлёны Генрых Глябовіч нарадзіўся 1 ліпеня 1904 года ў Гродне. Распачаў навучанне ў прыватнай школе ў родным горадзе, аднак быў вымушаны працягнуць яго ў іншым месцы, менавіта ў сённяшнім расійскім Арэнбургу, дзе была саслана ўся яго сям’я. Тамжа ён атрымаў школьны атэстат.

Сям’я Глябовічаў вярнулася ў Гродна толькі ў жніўні 1921 года. Іх родны горад пасля Рыжскай мірнай дамовы знаходзіўся ў межах міжваеннай Польшчы. Ужо праз месяц юнак паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні, якую закончыў у 1924 годзе з адзнакай “выдатна”. Пасля гэтага, не будучы яшчэ святаром, ён распачаў спецыялізаванае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

20 лютага 1927 года ў Любліне Генрых Глябовіч прыняў святарскае пасвячэнне. У наступным годзе тамжа абараніў доктарскую дысертацыю пад назвай “Адзінства Хрыстовага Касцёла паводле святога Яна Хрызастома”. У 1929 годзе ксёндз доктар Генрых Глябовіч абараніў другую доктарскую дысертацыю, гэтым разам ужо па філасофіі, у Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага ў Рыме. Яна мела тытул “De substantialitatae animae” (“Пра субстанцыянальнасць душы”).

Пасля вяртання ў Вільню ён служыў вікарыем у дзвюх парафіях. У 1930-1936 гадах працаваў выкладчыкам у Віленскай семінарыі і ва Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. Апроч гэтага, быў душпастырам студэнцкай моладзі, сярод якой займеў аўтарытэт і павагу. У дзейнасці благаслаўлёнага святара была відавочнай любоў да Хрыста і служэнне чалавеку дзеля таго, каб яго прывесці да Бога.

Благаслаўлёны Генрых Глябовіч быў вядомы ў Вільні і яе ваколіцах як слаўны прапаведнік. У 1933 годзе святар абвяшчаў рэкалекцыі на віленскім радыё, а затым выдаў іх друкам у кнізе “Размовы Настаўніка з Назарэту. Рэкалекцыі на радыё”.

Благаслаўлёны Генрых адзначаўся асаблівым замілаваннем да праўды. Гэта быў прамалінейны чалавек, які адважна выказваў сваё меркаванне, не баючыся негатыўных наступстваў для сябе, і які абараняў пакрыўджаных, цвёрда трымаючыся выпрацаваных жыццёвых прынцыпаў. Гэтыя прынцыпы знаходзілі водгук у яго казаннях.

У верасні 1935 года ён быў звольнены з выкладчыцкіх абавязкаў і стаў пробашчам парафіі ў Троках (сёння гэта Тракай у Літве). Аднак у гэты ж час святар захварэў на сухоты, таму быў вымушаны адправіцца ў знакаміты тады шпіталь у Рабцы каля Кракава на лячэнне. У 1939 года па стане здароўя ён адмовіўся ад пасады пробашча ў Троках.

На пачатку Другой сусветнай вайны на заклік віленскага арцыбіскупа ксёндз Генрых вярнуўся ў Вільню. У верасні 1941 года ён быў скіраваны на душпастырскае служэнне ў тры парафіі на Лагойшчыне: Хатаевічы (сёння Акцябр), Корань і Акалова. Цяпер гэтыя парафіі належаць Вілейскаму дэканату Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а тады яны аказаліся пад нямецкай акупацыяй, што стварала магчымасць спробы аднаўлення ў іх рэлігійнага жыцця. Вернікі гэтых парафій пасля перыяду савецкага пераследу веры літаральна “сцякаліся” ў касцёлы. Ксёндз Генрых не паспяваў хрысціць, спавядаць, цэлебраваць Імшы, благаславіць сужанствы, прамаўляць казанні. Ён быў свядомы, што сваім служэннем наражае сваё жыццё на вялікую небяспеку, пра што часам успамінаў у сваіх казаннях. Аднак, нягледзячы на ўсё, мужны святар заставаўся на сваім месцы, не пераставаючы абвяшчаць праўду. 3 мая 1941 года падчас казання ён нават ахвяраваў сваё жыццё Богу, просячы Яго аб моцнай веры для каталіцкай моладзі. Гэтая ахвяра была неўзабаве прынята.

7 лістапада 1941 года благаслаўлёны Генрых Глябовіч быў арыштаваны нямецкім гестапа. 9 лістапада святар быў перавезены ў лес пад Барысавам і расстраляны. На жаль, месца яго пахавання дагэтуль невядома. У памяць аб яго мучаніцкай смерці ў Барысаве каля касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі быў пастаўлены крыж.

13 чэрвеня 1999 года святы папа Ян Павел ІІ абвясціў Генрыха Глябовіча благаслаўлёным разам з іншым 107 мучанікамі Другой сусветнай вайны.