Слова арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Вялікую пятніцу
- 18 красавіка, 2025
- Catholicminsk.by

Фота ілюстрацыйнае
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння, у Вялікую пятніцу, у чарговы раз у нашым жыцці Касцёл прапануе нам задумацца над апошнімі падзеямі зямнога жыцця Езуса Хрыста. Мы хочам яшчэ раз спыніцца каля крыжа, паразважаць над яго сутнасцю і роляй у жыцці кожнага з нас, а, магчыма, наша рэфлексія будзе пра лёс нашай сям’і, супольнасці, Касцёла, нашага народа ці нашай краіны. Магчыма, наш роздум будзе напоўнены сумненнямі, перажываннямі, няўпэўненасцю ці нават болем і смуткам.
Езус, ідучы на Галготу, зносячы катаванні і цярпенні, не гаворыць пра свой Крыж. Ён гаворыць пра крыж, які нясе чалавек у сваім жыцці. І тут можна задаць сабе пытанне: Што з’яўляецца маім крыжам, які я нясу за Хрыстом? Гэта вельмі шырокі аспект. І гэта не азначае, што ўсе цяжкасці, якія нас напаткаюць, мы можам назваць крыжам, бо часта гэта зусім не так. Але вельмі добра, калі мы вызначым, ахарактарызуем свой крыж, бо тады ведаем, з чым нам трэба змагацца і што на самой справе нясём на гэтым крыжы.
Мае дарагія, сапраўды, у нашым жыцці ёсць розныя крыжы. Ёсць самыя звычайныя крыжы, звязаныя з нашымі абавязкамі, з нашымі бліжнімі, ёсць крыжы, звязаныя з умовамі, у якіх мы жывём ці працуем. Гэта могуць быць розныя рэчы: складаны характар, над якім трэба папрацаваць; жыццёвы досвед з перыпетыямі жыцця, якім не заўсёды мы можам быць задаволеныя. А ёсць яшчэ іншыя крыжы — гэта нашы цярпенні, хваробы, з якімі мы змагаемся і ад якіх вельмі пакутуем. Кожны з нас мае свой крыж, а, магчыма, і не адзін. Цяжка прайсці праз жыццё, не адчуваючы ніякіх сумненняў. Яны не з’яўляюцца чымсьці прыемным, часам нават выклікаюць слёзы. Але можа здарыцца так, што трывога, неспакой, пастаянныя няўдачы, розныя праблемы для дадзенага чалавека з’яўляюцца важнымі элементамі Божага плану збаўлення. Бо так званая ўнутраная асалода не заўсёды з’яўляецца прыкметай жыцця, згоднага з Божымі намерамі. Наш зямляк святы Максіміліян Кольбэ сцвярджаў, што «на плячах кожнага ёсць крыж, і калі б яго не было, не было б за што ісці ў рай».
Святы Ігнацый з Антыёхіі казаў: «Вы — камяні святыні Айца, падрыхтаваныя для будаўніцтва, якое Ён сам будуе. Вас падымае махіна Езуса Хрыста, якою з’яўляецца крыж, а Дух Святы служыць для вас канатам».
У сваю чаргу Святы Тамаш Аквінскі разважаў: «Крыж — маё надзейнае збаўленне. Крыж Панскі са мною. Крыж — мой прытулак».
Святы Леў Вялікі, папа, навучаў: «Няхай усё на зямлі ўздрыгнецца перад абліччам мукі Збаўцы. Няхай рассыплюцца скалы няверных сэрцаў і хай паўстануць тыя, хто быў абцяжараны магільным каменем смяротнасці, зняўшы цяжкі бар’ер грахоў. Няхай з’явяцца знакі будучага ўваскрасення ў святым горадзе, гэта значыць, у Касцёле Божым, каб тое, што аднойчы адбудзецца з целамі, сталася ўжо цяпер у сэрцах».
Мае любыя, трэба заўсёды памятаць, што ў нас, хрысціянаў, не можа быць крыжа адчаю, але заўсёды павінен быць крыж надзеі. Гэтаму мы вучымся ў Хрыста, асабліва падчас юбілейнага года, — як пілігрымы надзеі крочым за Хрыстом. Хрыстус з крыжа вучыць, што любоў мацнейшая за смерць, што жыццё — сапраўднае, вечнае жыццё — дасягаецца праз Галготу. Таямніца крыжа ўпісана ў нашае хрысціянскае жыццё і гэта наша пераможная таямніца. З самага пачатку існавання нашай веры, пачынаючы з фрэсак у катакомбах і на працягу наступных стагоддзяў, захавалася шмат твораў хрысціянскага мастацтва, у якіх адлюстравана мука Хрыста. Сёння мы можам здзіўляцца і захапляцца старажытнымі і сучаснымі мастацкімі творамі, якія натхняюць нас разважаць пра гісторыю нашага збаўлення. (Напрыклад, таленавіта выразаныя скульптарам Уладзімірам Андрыенка выявы стацый Крыжовага шляху ў нашай мінскай архікатэдры).
На працягу гісторыі Касцёла Езус неаднаразова аб’яўляўся выбраным асобам і адкрываў праўду пра свае цярпенні. Так, сучасная містычка, апосталка Божай Міласэрнасці святая Фаўстына піша ў сваім Дзённіку: «Яшчэ не ўсё ведае свет пра тое, што выцерпеў Езус. Ён зносіў неспасцігальныя мучэнні. На плячах я бачыла аголеныя косці… Няхай кожная душа разважае над тым, што Езус цярпеў, калі Яго зневажалі… Я была з Ім падчас кожнага Яго мучэння… Я спазнала поўную ўсемагутнасць Яго любові і міласэрнасць да душаў» (Дз, 188, 408, 1054).
Мае дарагія, чытаючы гэты фрагмент, у маёй памяці ўзніклі ўспаміны нашага першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага кардынала Казіміра Свёнтка. Гэты чалавек, прайшоўшы жудасці ГУЛАГу, пісаў пра той перыяд, што ад цяжкіх бярвенняў, якія давялося яму насіць у саракаградусны мароз, у яго агалілася ключыца. Успамінаючы гэты факт, ён не скардзіўся. Проста напісаў, што ключыца доўгі час не загойвалася… Ён ніколі не скардзіўся на свой лёс, а толькі паўтараў: «Так хацеў Бог…» Прыклад гераічнасці веры гэтага чалавека, які, здавалася, фізічна быў слабым, павінен нас запальваць і напаўняць надзеяй, што Бог ніколі не пакідае сваіх дзяцей, што б з імі не здарылася, але дае неабходныя ласкі і сілы, вядзе праз усе подступы і пасткі злога да збаўленчай перамогі. Але так адбываецца толькі пры адной умове: калі мы поўнасцю давяраемся Божаму Провіду… Калі з Евангелля Крыжа ты зробіш праграму свайго жыцця, калі пойдзеш за Хрыстом аж на Крыж, тады ты ва ўсёй паўнаце знойдзеш сябе. Бо Езус нам сказаў: «Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго» (Мц 16, 24-25).
Браты і сёстры. Тамаш Кэмпійскі ў кнізе «Аб наследаванні Хрыста» пытаецца: «Дык чаму чалавек ўсё яшчэ баіцца ўзяць гэты крыж, які з’яўляецца шляхам у Валадарства? У крыжы — збаўленне, жыццё, абарона, у крыжы — струмень звышнатуральнага шчасця, сіла мудрасці, духоўная радасць, крыніца дабра, у крыжы — дасканалая святасць. У крыжы, толькі ў крыжы — збаўленне душы, надзея на вечнае жыццё. Дык вазьмі свой крыж і ідзі за Езусам, і ты дойдзеш да вечнага жыцця».
Мае дарагія. Без крыжа Хрыстовага няма хрысціянства. Хто шукае Хрыста без крыжа, той можа знайсці крыж без Хрыста. Сёння мы адаруем крыж. Узіраючыся ў крыж Езуса Хрыста, з’яднаем з Ім нашыя штодзённыя крыжы. Даверым Яму нашыя фізічныя крыжы: нашыя хваробы і цярпенні. Даверым Яму нашы сямейныя крыжы, даверым тых, хто аддаліўся ад Бога, хто згубіўся ў віры сённяшняга свету. Даверым тых, хто знаходзіцца ў пастках розных залежнасцяў. Давайце даверым сябе такімі, якія мы ёсць. І няхай у душы нашай не будзе ніякага страху, а толькі глыбокі спакой і надзея. Бо на шляхах чалавечага сумлення, часам такіх цяжкіх і складаных, Бог паставіў вялікі ўказальнік, які дае кірунак і канчатковы сэнс чалавечаму жыццю — крыж Пана нашага Езуса Хрыста. Крыж нагадвае нам пра цану нашага збаўлення. Крыж гаворыць пра тое, якую вялікую вартаснасць у вачах Бога мае чалавек — кожны чалавек, паколькі Бог палюбіў яго аж да крыжа: «Палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх» (Ян 13, 1). Так любіць Бог — Ён любіць чалавека «дарэшты», доказам чаго з’яўляецца крыж Хрыста. Не будзем жа абыякавымі да такой любові. Няхай сэрцы нашыя адгукнуцца на гэты доказ Божай любові і літасці. З пакораю будзем браць свой крыж і адказваць на міласэрную любоў Хрыста. Падзякуем Божаму Провіду за вяртанне крыжа не толькі ў нашыя святыні, але і ў многія мясціны нашай краіны. У некаторых мясцовасцях можна ўбачыць устаноўленыя два крыжы — каталіцкі і праваслаўны — як сімвал адзінства хрысціянаў, бо мы належым да аднаго Збаўцы Езуса Хрыста: адно сонца, адна зямля, адна Радзіма.
Браты і сёстры. Сёння, у Вялікую пятніцу распачынаецца Навэнна да Божай Міласэрнасці, якую праз святую сястру Фаўстыну заклікаў нас маліцца Пан Езус словамі: «Я прагну даверу ад сваіх стварэнняў; заахвочвай душы да вялікага даверу да Маёй бясконцай міласэрнасці. Няхай не баіцца наблізіцца да Мяне слабая грэшная душа — нават калі б у яе было больш грахоў, чым пяску на зямлі, усё гэта патоне ў бяздоннасці Маёй міласэрнасці» (Дз. 1059). Мае дарагія, словамі знаёмай нам песні выкажам нашу гатоўнасць і паслухмянасць наказам Хрыста:
Пане, Ты бачыш — крыж Твой не мінаю.
Пане, Ты бачыш, — да крыжа імкнуся.
З болем і скрухай на крыж пазіраю,
Да трона Бога на зямлі імкнуся.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі